Алег Трусаў: Кодэкс аб культуры нельга прымаць — гэта вельмі шкодная рэч! (Відэа)

05.07.2015
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Вядомы гісторык напісаў аўтарскі варыянт новага беларускага Закона «Аб культуры». Дзяржаўны варыянт яго не задавальняе па шматлікіх прычынах.

Аўтар першага ў Савецкім Саюзе Закона «Аб культуры», старшыня Таварыства беларускай мовы і гісторык Алег Трусаў далучыўся да дыскусіі экспертаў датычна вынікаў маніторынгу «Культура як фактар развіцця» — супольнага даследвання навукоўцаў Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі на тэму рэалізацыі Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення».

Да таго ж, літаральна тыдзень таму гісторык скончыў аўтарскі варыянт новага Закона «Аб культуры» — адпаведнага Кодэксу, які могуць прыняць ў Беларусі ўжо сёлета. Чаму нельга прымаць дзяржаўны варыянт дакумента, Алег Трусаў падрабязна распавёў «ЕўраБеларусі».

— Я пісаў аўтарскі варыянт новага закона цэлы месяц, і хутка адбудзецца прэзентацыя. Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што я — адзін з кіраўнікоў калектыва аўтараў Закона «Аб культуры», прынятага ў Вярхоўным Савеце БССР, і ідэя гэтага закона — упершыню ў Савецкім Саюзе! — была распрацаваная нашай камісіяй і прынятая вясной 1991 года. Паколькі гэта быў першы варыянт у СССР, вырашылі такі самы культурны закон прыняць і ў Маскве. Я ездзіў выступаць перад дэпутатамі, ім вельмі спадабаўся закон і яны падрыхтавалі праект. Але СССР ляснуўся, а закон застаўся.

Гэты быў чыста савецкі закон, і гэтая савецкасць засталася ў Кодэксе аб культуры, які я ўважліва чытаў некалькі месяцаў, і лічу, што яго прымаць не трэба — гэта вельмі шкодная рэч! Бо гэта — нейкі боб і гарох, панапіхалі нейкіх інструкцый туды, абы-што! Ужо ж сталі на граблі з Кодэксам аб адукацыі, нават улада прызнала, што прыняла абы-што. І зараз яшчэ горшае хочуць прыняць датычна культуры. Нельга яго прымаць у аніякім разе!

Іншая справа, што патрэбны новы варыянт Закона «Аб культуры». Вось я і паспрабаваў зрабіць аўтарскі варыянт. Распавяду пра яго асноўныя моманты. Самае галоўнае ў ім — гэта, канешне, мова. Бо асноўны індыкатар любой культуры — мова. Я б параіў выкінуць з дакумента маніторынгу слова «маргіналізацыя». Маргіналы — гэты тыя, хто піша па-руску такія дакументы, гэта прадстаўнікі т.зв. ваяўнічага «Русского мира», і што гэты «мир» зрабіў ва Украіне, мы ведаем.

І таму нават наша дзяржава, пры ўсёй яе русіфікацыі, законы аб культуры піша па-беларуску. Чаму? Таму што напісаць Закон «Аб культуры» на іншай мове немагчыма. Нават перакладаць праблематычна. Я наогул бы раіў зрабіць для ЮНЕСКА две версіі маніторынгу: беларускую і англійскую, каб паказаць, што мы — не Расія. Тым больш, што руская мова ў ЮНЕСКА па колькасці носьбітаў — ніжэй, чым арабская. Я ўжо не кажу пра кітайскую і іспанскую.

Што датычыцца галоўных заўваг па дакуменце. Самай галоўнай забаронай у Савецкім Саюзе была рэлігія. І атрымалася так, што і мы, і ўлада, і аўтары маніторынгу выкінулі вялізарны аспект культуры — рэлігію. Гэта абавязкова трэба вярнуць! Зараз яна ніяк не рэгулюецца, а закон аб веравызнанні пра культуру нічога не кажа. Напрыклад, чаму мы не можам узяць пад ахову пілігрымку? Паганскі звычай пахавання стралы бярэм, а Будслаўскую пілігрымку — не.

Яшчэ абавязкова трэба вырашыць пытанне рэстытуцыі. Таксама трэба звярнуць увагу на культуру і турызм. У нас вялікая бяда, што закон аб турызме існуе сам па сабе, і някай культуры ў ім няма. А ў Законе «Аб культуры» нават няма вызначэння пра турызм!

Ну і, канешне, існаванне прыватнага сектара. Напрыклад, у савецкі час быў адзін Саюз пісьменнікаў, адзін Саюз дызайнераў. Зараз у нас два саюза пісьменнікаў, але чамусьці ў Кодэксе — толькі адзін. Трэба дапісаць «саюзы», што ў нас можа быць шмат саюзаў пісьменнікаў, дызайнераў і мастакоў. Савецкая традыцыя засталася ў Кодэксе. Трэба таксама запісаць, што ёсць прыватныя музеі, тэатры, кінастудыі, бібліятэкі і ўсё астатняе.

Трэба ўключыць у абмежаванні ў сродках культуры такія моманты, як прапаганда наркотыкаў, табакакурэння, алкаголю, парнаграфіі. Не трэба ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў кніжках некаторых аўтараў, карыстацца матам. Гэта трэба абмежаваць. Еўропа зрабіла крытыку на прарока Мухамеда і што атрымала? Мы таксама за тое, каб рабілі карыкатуры, а потом за гэта забівалі тысячы людзей?

Гульня ва ўседавзоленасць прыводзіць да тысяч ахвяр. Любая культура, любое дзеянне не можа быць бескантрольным. Мы ведаем, што свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Як ужо казаў, я лічу, што нельга прапагандаваць у нашых культурных мерапрыемствах мат, тым больш, расійскі, бо мы спрадвечна матам не лаяліся — магу вам даказаць, як гісторык! А па дзіцячай парнаграфіі Беларусь хутка выйдзе на першае месца ў Еўропе, дык трэба ж напісаць, што мы не прыхільнікі такіх антыкультурных з’яў.

Ну і, безумоўна, пытанне фінасаў. Наш закон чым быў самым лепшым у Саюзе? Ён быў прамогай дзеяння, і там было запісана: які б не кепскі быў бюджэт краіны, а 2% выймі да пакладзі. А новая ўлада на чале з Лукашэнкам выкінула гэтыя 2%. Зараз, напрыклад — толькі 0,46%. Дык вось я прапаную, што, калі мы хочам, каб у нас нешта было, трэба запісаць 2,5%.

Дарэчы, усе дзяржаўныя праграмы не выконваюцца. На 20-25% толькі. «Замкі» і астатняе — гэта ўсё фікцыя, таму што грошы на іх ніхто не дае, будуюць невядома што. І таму мы павінны ў Закон «Аб культуры» вярнуць запіс 1991 года: калі мы хочам быць культурнай нацыяй, на адукацыю трэба столькі-та адсоткаў, на медыцыну — столькі, на культуру — столькі. Астатняе — на КДБ і МУС.

Калі на культуру будуць выдаткоўвацца грошы па астаткавым прынцыпе, якія законы не прымай, ніякай культуры ня будзе. А будзе поўнае бяскультур’е.

Гл. справаздачу па выніках маніторынгу выканання Рэспублікай Беларусь канвенцыі ЮНЕСКА 

Сваімі меркаваннямі аб развіцці беларускай культуры з EuroBelarus.Info таксама падзяліліся вядомыя эксперты: культуролаг і прадзюсар Маргарыта Корзун, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, арт-дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ» Павел Касцюкевіч і архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі.

Гл. відэазапіс прэзентацыі маніторынгу:


Другие публикации