Заява Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці з нагоды вызвалення палітвязняў

25.08.2015
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

25 жніўня 2015 года Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выступіла з заявай адносна вызвалення ўладамі Рэспублікі Беларусь палітычных зняволеных.

Заява

Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

з нагоды нечаканага вызвалення беларускіх палітычных зняволеных

25 жніўня 2015 года

Мы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, вітаем рашэнне ўладаў аб вызваленні шасцярых беларускіх палітычных зняволеных: Міколы Статкевіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, Юрыя Рубцова.

Беларуская нацыянальная платформа неаднаразова заклікала ўлады зрабіць гэты крок, і мы задаволеныя тым, што нашыя заклікі, нарэшце, былі пачутыя.

Расцэньваем гэта рашэнне як станоўчае для аздараўлення ўнутрыпалітычнай атмасферы, надання большага канструктыву ў знешнепалітычных стасунках нашай краіны, у першую чаргу — у стасунках з Еўрасаюзам у межах праграмы «Усходняе партнёрства».

Аднак, у той жа час, канстатуем, што дадзены крок не можа ўспрымацца як сведчанне паслядоўнай палітыкі і сістэмных змен, пакуль вызваленыя грамадзяне не атрымалі поўнай рэабілітацыі, а ў краіне застаецца магчымасць з’яўлення новых палітвязняў.

У сувязі з гэтым:

  1. Патрабуем і чакаем ад уладаў поўнай рэабілітацыі ўсіх вызваленых былых палітвязняў, безумоўнага аднаўлення іх ва ўсіх грамадзянскіх правах;
  2. Выказваем заклапочанасць у сувязі з існуючай сення пагрозаў з’яўлення новых палітвязняў: за кратамі знаходзяцца двое падазраваных па т.зв. «справе графіцістаў» — Максім Пекарскі і Вадзім Жэромскі могуць быць асуджаныя да пазбаўлення волі за нанясенне патрыятычных графіці, што, па ацэнке праваабаронцаў, з’яўляецца непрапарцыянальнай мерай пакарання за падобнае парушэнне;
  3. Заклікаем следчыя органы да максімальнай празрыстасці ў «справе графіцістаў», а таксама да вызвалення Максіма Пекарскага і Вадзіма Жэромскага, прынамсі, да адкрытага і празрыстага для грамадскасці судовага працэсу.

Спампаваць тэкст 


Другие публикации