Нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці лічыць прэзідэнцкія выбары недэмакратычнымі

17.10.2015
npbelarus.info

Але разлічвае на «вакно магчымасцей», якое ўзнікае ў сувязі з пашыраючымся дыялогам паміж Мінскам і Бруселем.

У панядзелак, 12 кастрычніка 2015 года, у Мінску прайшло пашыранае пасяджэнне Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Тэмай сустрэчы былі аналіз агульнапалітычнай сітуацыі ў беларускім грамадстве пасля сканчэння палітычнай кампаніі, а таксама бліжэйшыя планы Нацплатформы ў сувязі з гэтым. Узгадненне пазіцый было патрэбна таксама таму, што ўжо 14 кастрычніка ў Бруселі меў адбыцца круглы стол па сітуацыі ў Беларусі дзеля экспертаў і стэйкхолдараў, і на ім мелі выступіць сустаршыня Форума і яго нацыянальны кардынатар па Беларусі Андрэй Ягораў і старшыня Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

Удзельнікі пасяджэння ў ходзе абмяркавання пагадзіліся з высновамі аб тым, што мінуўшыя прэзідэнцкія выбары нельга лічыць адкрытымі і дэмакратычнымі. Як было канстатавана, фактычна ніякіх паляпшэнняў не адбылося. Вызваленне палітычных зняволеных, калі глядзець з пункту гледжання праваабаронцаў (у сустрэчы прымаў удзел старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак), — рэч натуральная, бо натуральным з’яўляецца становішча, калі іх у краіне папросту няма. І наадварот: наяўнасць палітзняволеных — гэта анамалія для сучаснай еўрапейскай краіны.

Што ж тычыцца адсутнасці гвалту з боку праваахоўных органаў цягам кампаніі, што некаторыя назіральнікі таксама схільныя лічыць «паляпшэннем», то галоўнай прычынай гэтай з’явы хутчэй варта лічыць адсутнасць масавай вулічнай актыўнасці, але не добрую волю ўладаў.

У якасці падмурку дзеля ацэнкі было вырашана выкарыстоўваць высновы праваабарончых арганізацый Беларускі Хельсінскі камітэт і Праваабарончага цэнтра «Вясна», якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Нацплатформы і якія вялі ўсебаковы маніторынг палітычнага працэсу і прыйшлі да высновы, што ніякіх паляпшэнняў, у параўнанні з мінулымі палітычнымі кампаніямі, асабліва на інстытуцыянальным уроўні, не назіралася.

Аднак такое становішча не выклікала ані расчаравання, ані задавальнення ва ўдзельнікаў пасяджэння, бо як адзначыў Андрэй Ягораў, менавіта такі вынік быў даўно спрагназаваны і чакаўся. У сувязі з гэтым, варта чакаць у бліжэйшы час актывізацыі стасункаў Беларусі з Еўрасаюзам. Як раз пад час сустрэчы прыйшла навіна пра тое, што ў Бруселі прынята рашэнне разгледзіць пытанне аб «замарозцы» на чатыры месяцы існуючых санкцый да Беларусі.

Таму іншы блок пытанняў для абмяркавання быў прысвечаны таму, якім чынам выкарыстаць новы фармат узаемадзеяння Еўрасаюза з Беларуссю на карысць беларускага грамадства. Досвед працы Грамадскага Балонскага камітэта, якому, пры дапамозе Нацплатформы і еўрапейскіх партнёраў, удалося папярэдзіць імітацыйныя рэформы сістэмы адукацыі і навязаць афіцыйнаму Мінску парадак рэальных пераўтварэнняў, ясна дэманструе, што перспектывы ў такога падыходу ёсць. Калі ўлада зацікаўленая ў развіцці дыялогу з Захадам, а Еўрасаюз паслядоўна настойвае на тым, каб інтарэсы грамадскасці браліся да ўліку, магчымасці дзеля прагрэсу рэформ у пэўных сферах значна падвышаюцца. І роля Нацплатформы ў гэтых працэсах можа быць нават вырашальнай, бо менавіта Нацплатформа можа сення артыкуляваць беларускія праблемы на еўрапейскім узроўні і ўплываць на Еўрасаюз, з тым каб ён адвакатаваў тыя ці іншыя пытанні.

Менавіта таму было прынята рашэнне засяродзіцца на «тэматызмах»: вызначыць кола найбольш актуальных грамадскіх праблем, якія могуць пастаўлена на парадак дня дыялогу паміж Бруселем і Мінскам, і паслядоўна лабіяваць іх вырашэнне.

Нацыянальны каардынатар Форума па Беларусі Андрэй Ягораў, лічыць, што сёння Еўрасаюз фактычна вырашае, пачынаць ці не пачынаць далейшыя практычныя крокі для супрацы з Беларуссю, а таксама пералічвае найбольш актуальныя на сенняшні дзень «тэматызмы»:

«Агульная сітуацыя ў Беларусі, нягледзячы на выбары, лічыцца нязменнай. Выбары не абазначылі паляпшэнняў у выбарчым працэсе, рэалізаціі выбарчага права грамадзянаў і г.д.

Тым не менш, за мінулы перыяд былі адпушчаныя палітычныя вязні і не было масавых парушэнняў (напрыклад, прэвентатыўных затрыманняў), і мы разумеем, што гэта стала магчымым дзякуючы працы Еўрапейскага Саюза з Беларуссю. Натуральна, што цяпер Еўрасаюз вымушаны зрабіць сустрэчны крок нашай краіне, які будзе тычыцца пытання зарамарозкі санкцый на пэўны перыяд. Мы лічым, што ў руках ЕС вырашаць, ці адкрываць дзверы для гэтых аперацый. Калі так адбудзецца, то ў дзеянне мусіць уступіць «прамежкавы план». І Беларуская нацыянальная платформа жадае адкрытасці гэтага плана, працэса.

Таксама БНП разглядала б кааперацыю ЕС і Беларусі, і абавязковага ўключэння ў гэту аперацыю, голаса грамадзянскай супольнасці, у тым памеры, у якім гэта магчыма ў палітычнай сферы.

Мы б разглядалі змены ўслоўнасцей у сфере супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў шэрагу абласцей, такіх як правы чалавека, з рэальнымі абмеркаваннямі і зменамі, а таксама ў шэрагу іншых абласцей, такіх як еўрапеізацыя, палітычная сфера. Мы б хацелі абмеркаванняў Балонскага працэсу ў сфэры вышэйшай адукацыі, а таксама зялёнай эканомікі, правоў інвалідаў, у сувязі з нядаўна падпісанай Канвенцыяй ААН, і ў шэрагу іншых абласцей».

У сваю чаргу, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак выказвае думку пра тое, што вызначацца з канкрэтнымі пытаннямі і формамі удзелу Нацплатформы ў дыялогу паміж Еўрасаюзам і Мінскам — зарана, спачатку, на ягоную думку, трэба вызначыцца з тым, што ж такое ёсць Нацплатформа сення ў сувязі з апошнімі падзеямі ў грамадска-палітычным жыцці:

«Па вялікім рахунку, мы маем новую сітуацыю, і яна значна глыбейшая, чым проста дылема «адбыліся ці не адбыліся выбары». Мы маем сітуацыю, калі значна змяняецца пазіцыянаванне асноўных гульцоў у Беларусі, падыходаў да Беларусі. Маем сітуацыю, калі палітычная апазіцыя, як суб’ект, страціла свае пазіцыі. Калі раней апазіцыя адыгрывала ролю альтэрнатывы Лукашэнку, то цяпер яна падзялілася на тых, хто яшчэ хоча адыгрываць гэтую ролю, але ўжо не мае ніякіх магчымасцей, і тых, хто як бы і не хоча ўжо быць альтэрнатывай Лукашэнку. Пытанне ў тым, як мы будзем да гэтага ставіцца, як Еўрасаюз будзе да гэтага ставіцца. І да нас ўзнікае таксама пытанне, як мы да гэтага ставімся: ці тое абіраем шлях станавіцца альтэрнатывай Лукашэнку, ці тое працуем з грамадствам не ўпіраючыся ў пытанне непасрэднага стаўлення да Лукашэнкі. У гэтай новай сітуацыі гэтыя пытанні стаяць востра, як ніколі, фактычна яны рубам стаяць, і нам, перад тым, як вызначацца з нечым іншым, варта вызначыцца з адказам на тое, хто мы ёсць, а ўжо ў залежнасці ад гэтага адказу, мы атрымаем адказы на ўсе астатнія пытанні», — рэзюмуе Алег Гулак.

npbelarus.info


Другие публикации