4 лістапада — адкрытая лекцыя Таццяны Вадалажскай «Homo Ludens» як антрапалагічная перспектыва»

31.10.2015
Лятучы ўніверсітэт

4 лістапада 2015 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую адкрытую лекцыю ў серыі «Галоўнае пытанне».

Мы завем Лятучы ўніверсітэт «універсітэтам гульні». Чым жа ёсць «гульня», калі мы звязваем з ёй такую паважную і грунтоўную з’яву, як Універсітэт? І, больш за тое, звязваем з ёй уяўленні пра інавацыі, новыя сэнсы ідэі Універсітэт? Йохан Хёйзінга бачыў у гульні прастору стварэння культуры, а з ёй — і чалавецтва ўвогуле. Герман Гесэ шукаў у гульні выйсце і пераадоленне стану «фельетоннай эпохі». Мы ж спрабуем знайсці перспектывы для развіцця чалавека, паўставання «новага чалавека», здабыцця неабходных чалавечых якасцяў.

Як звязаць выклікі, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек, з сутнаснымі характарыстыкамі гульні, схаванымі ад нас «несур’ёзнасцю» гэтай з’явы? Які ён — «чалавек гуляючы» (Homo Ludens)? Як ён авалодвае светам? Як ён стварае новыя сусветы? Як ён вырашае праблемы і як будуе сваё мысленне? Як ён нясе адказнасць? Ці можа гульня стаць ладам жыцця?

Запрашаем паразважаць над гэтымі пытаннямі на чарговай адкрытай лекцыі серыі «Галоўнае пытанне» — каардынатар Лятучага ўніверсітэта, метадолаг Таццяна Вадалажская прамаўляе на тэму «Homo Ludens» як антрапалагічная перспектыва». Адкрытая лекцыя адбудзецца 4 лістапада, у сераду. Пачатак у 18.30.

Усіх зацікаўленых просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Адкрытая лекцыя Таццяны Вадалажскай пачынае лістападаўскую серыю прамоў, у якой таксама прагучаць «галоўныя пытанні» ад: Алеся Разанава — 11 лістапада, Алега Дзярновіча — 18 лістапада і Аксаны Шэлест — 25 лістапада.

Расклад і тэмы лістападаўскіх лекцый глядзіце на сайце Лятучага ўніверсітэта: www.fly-uni.org.

UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама:


Другие публикации