Публічныя лекцыі «Urbi et Orbi»: Брус Бакнэл, амбасадар Яе Вялікасці каралевы Лізаветы II у Мінску

16.11.2015
Лятучы ўніверсітэт

20 лістапада 2015 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на публічную лекцыю амбасадара Вялікабрытаніі ў Мінску Бруса Бакнэла пад назвай «Нацыянальная самасвядомасць».

Што аб’ядноўвае Беларусь і Вялікабрытанію сёння? Ніколі не здагадаецеся, што гэта — праблемы нацыянальнай самасвядомасці. Для беларусаў пытанне ідэнтычнасці — адно з тых, асабліва балючых і вострых пытянняў, на якія няма адназначных адказаў. Нам нават можа падавацца, што ў гэтым спецыфіка толькі беларускага кантэксту і прыкмета недафармаванасці нашай нацыі, што ёсць краіны, дзе гэтае пытанне не мае ў сабе такога праблемнага складніка. Напрыклад, Вялікабрытанія — з яе багатым гістарычным досведам краіны, што спалучыла ў адным каралеўстве мноства этнічных, рэлігійных, канфесійных, сацыякультурных і іншых ідэнтычнасцяў. Як у палітычнай прасторы, так і на семантычным ўзроўні там дасягнуты выразны кансэнсус і сфармавана даволі акрэсленая ідэнтычнасць. З гэтага пункту гледжання Вялікабрытанія выглядае даволі шчасна. А што скажуць на гэта самі брытанцы? Ці для іх пытанне нацыянальнай самасвядомасці ўжо вырашанае і састарэлае? У пошуках адказаў звернемся да асобы, аўтарытэт якой не выклікае сумневу — амбасадара Яе Вялікасці пана Бруса Бакнэла, чалавека, які не толькі дасканала ведае сваю гісторыю і культуру, але і не завочна знаёмы з беларускай.

У адмысловым блогу «4 o’clock з Брусам Бакнэлам» на сайце Грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» шчыры і адкрыты да дыскусій пан Бакнэл, спрабуючы тлумачыць беларусам Брытанію, разважае таксама і над пагрозамі нацыянальнай ідэнтычнасці ангельцаў. Сёння яна размываецца пад уплывам працэсаў глабалізацыі, а нацыянальныя сімвалы Брытаніі сталі настолькі прывабнымі і растыражаванымі, што ўжо перасталі належыць толькі знакавай прасторы Вялікабрытаніі — яны забруджаныя іншымі канатацыямі. І тут немагчыма не задацца пытаннямі: на чым сёння базуецца нацыянальная ідэнтычнасць Аб’яднанага Каралеўства? Як паставіцца да жыхароў «Туманнага Альбіёну»: гэта набор розных нацый, аб’яднаных тэрытарыяльна: брытанцаў, шатландцаў, валійцаў? Ці гэта ўсё адна велікабрытанская нацыя? Ці магчыма мульцікультурная ідэнтычнасць як адказ на выклікі глабалізацыі?

У публічнай прамове «Нацыянальная самасвядомасць», што адбудзецца ў межах цыкла «Urbi et Orbi» па запрашэнні Лятучага ўніверсітэта і Галерэі TUT.BY, амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл падзеліцца разважаннямі пра адметнасць нацыянальнай самасвядомасці сваёй краіны і паспрабуе яшчэ раз агучыць тыя акцэнты, пытанні, якія лічыць важнымі як для брытанцаў, так і для беларусаў.

Лекцыя адбудзецца 20 лістапада, у пятніцу, у Галерэі TUT.BY (Мінск, прасп. Дзяржынскага, 57). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

У бліжэйшыя дні чытайце інтэрв’ю з ганаровым лектарам напярэдадні прамовы.

Сачыце за навінамі на сайце Лятучага: www.fly-uni.org.

Дадатковыя пытанні можна задаць па нумары тэлефона: (+375 29) 7422040.

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации