Амбасадар Брус Бакнэл пра нацыянальную самасвядомасць беларусаў і «русский мир» (Фота)

22.11.2015
Іна Студзінская, Радыё «Свабода»

Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл выступіў з публічнай лекцыяй аб нацыянальнай ідэнтычнасці ў межах цыкла «Urbi et Orbi» Лятучага ўніверсітэта.

У даволі прасторнай Галерэі TUT.BY паслухаць брытанскага амбасадара сабралося прыкладна тры сотні чалавек. У другой частцы імпрэзы разгарэлася гарачыя дыскусія, і многія маладыя людзі прадэманстравалі цудоўнае валоданне ангельскай мовай.

На частку пытанняў спадар Бакнэл адказваў па-расейску, калі пытанне было занадта філасофскае ці каверзнае, пераходзіў на ангельскую, трапна і дасціпна жартуючы і артыстычна жэстыкулюючы.

«У першыя месяцы свайго знаходжання ў Беларусі я часта пытаўся ў суразмоўцаў-беларусаў аб іх нацыянальнай самасвядомасці. Адказы на сваё пытанне я атрымліваў розныя, але мне здавалася, што гэтая тэма больш цікавая мне, чым ім. З гэтага нарадзілася ідэя спачатку напісаць пра гэта ў блогу, а потым выступіць з публічнай прамовай», — так патлумачыў выбар тэмы сваёй першай і апошняй у Беларусі публічнай лекцыі брытанскі амбасадар.

«Нацыю вызначае не толькі агульная тэрыторыя, мова і культура, але і калектыўная самасвядомасць»

«Калі мы былі ў Гранадзе, на поўдні Гішпаніі, мы пабывалі ў маленькім палацы ХІІ стагоддзя. Падчас абеду мой старэйшы сын распавядаў пра свае праблемы ў школе ў Мадрыдзе. Ён сказаў, што хоча хадзіць у школу ў Англіі, у тым месцы, да якога ён належыць — «дзе маё месца?».

У ангельскай мове ёсць добрае слова «belonging». Гэта пачуццё прыналежнасці да чаго-небудз, прыналежнасці да месца. Мяне па-сапраўднаму інтрыгуе паняцце «нацыянальнай ідэнтычнасці» і ўсё, што на яе ўплывае. Брытанскія даследчыкі Энтані Сміт і Бенедыкт Андэрсан ў 1980-я гады выказалі цікавую тэорыю, што нацыі вызначае не толькі агульная тэрыторыя, мова і культура, але і калектыўная самасвядомасць, атаясамленне сябе з грамадой, адчуванне сябе супольнасцю», — адзначыў спадар Бакнэл.

Брытанія — краіна мультыкультуралізму. Гэта нацыя, якая талерантна ўспрымае розныя культуры:

«І гэтая наша асаблівасць апошнім часам праходзіць праверку на трываласць — праблемамі з мігрантамі, радыкалізмам, тэрарыстычнымі пагрозамі. Сам тэрмін «мультыкультуралізм» істотна змяніўся за апошні час, часткова — з-за радыкальнага ісламу. Апошні прыклад — Парыж», — кажа спадар Бакнэл.

Амбсадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і перакладчыца Ева Гілевіч

«Мы вымушаныя прымаць новую працоўную сілу, і з гэтым нічога не зрабіць»

Падчас дыскусіі сур’ёзна абмяркоўвалі праблему мігрантаў, уцекачоў, якія запананілі Еўропу. У цэлым, структура іміграцыі ў Вялікабрытаніі крыху іншая, чым у Францыі, куды прыязджае шмат выхадцаў з іх былых калоній. У Брытаніі іміграцыя больш рознастайная — тут вялікая колькасць выхадцаў з Індыі, Пакістана, Нігерыі, еўрапейскіх краін — Польшчы і Літвы, тлумачыць амбасадар. У Брытаніі традыцыя — прымаць уцекачоў:

«Але насельніцтва на такой адносна невялікай тэрыторыі ўжо зашмат — 64 мільёна, шчыльнасць насельніцтва — у 8 разоў большая, чым у Беларусі. Еўропа, у тым ліку Беларусь і Расія старэюць, і дэмаграфічны зрэз паказвае гэта, у той час як у мусульманскім свеце мы назіраем зусім іншую карціну, і гэтага не абмінуць. І для таго, каб захаваць узровень жыцця, які мы маем, мы вымушаны прымаць новую працоўную сілу, і з гэтым нічога не зрабіць», — заўважыў брытанскі амбасадар.

Адметна, што ў Брытаніі нацыянальныя каштоўнасці па-сапраўднаму ніколі не былі вызначаны, і прычыны гэтага — у гісторыі. Брытанія развівалася толькі эвалюцыйным шляхам — там не было рэвалюцый, як, да прыкладу, у суседзяў — французаў, заўважыў амбасадар.

Тры адметнасці Вялікабрытаніі: гарбата, надвор’е, зялёны газон

Больш за гадзіну брытанскі амбасадар адказваў на пытанні аўдыторыі. Культуролаг, дызайнер, літаратар Міхал Анемпадыстаў папрасіў назваць, асабліва не задумваючыся, тры рэчы, якія ў спадара амбасадара асацыююцца з Вялікабрытаніяй. Пасля кароткай паўзы сп. Бакнэл напалову сур’ёзна, напалову жартуючы, адказаў:

«Гарбата. Надвор’е. Зялёны газон».

Сп. Анемпадыстаў папрасіў назваць найбольш паспяховыя мерапрыемствы, дзеянні па ўкараненні брытанскай ідэнтычнасці, што было зроблена, магчыма, нават у мінулых стагоддзях, што паўплывала на тое, што ў брытанцаў такая паспяховая, трывалая ідэнтычнасць. Амбасадар адказаў зноў жа з пачуццём гумару:

«Магчыма, надвор’е. У нас іншы клімат, даволі мяккі. Мы жывем на выспе, у аддаленасці ад астатняга свету. Гэта наша маленькая радзіма, якая абмежаваная тэрытарыяльна, геаграфічна. Мы не бачылі ўсіх жахаў Другой сусветнай вайны, якія бачылі вы, хаця ў ёй і ўдзельнічалі. Ды і ўся гісторыя наша іншая — мы былі крышачку аддаленыя. Калі параўноўваць з вашай сітуацыяй, так здорава, што ў вас добрыя стасункі з суседзямі, бо вы жывеце пасярэдзіне кантыненту, а мы на выспе».

«Русский мир» — гэта не проста абстрактная ідэя, гэта ідэалогія

Зноў і зноў аўдыторыя вярталася да асноўнай тэмы публічнай лекцыі:

«Магчыма, беларусы маюць праблемы з нацыянальнай самасвядомасцю, таму што не гавораць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці?», — запытаўся малады чалавек.

На гэта пытанне амбасадар Брус Бакнэл пачаў адказваць па-расейску: «Гэта як ідэя пра «русский мир». Ва Уладзімера Уладзімеровіча (Пуціна) — адзін «русский мир», у Святланы Алексіевіч — магчыма, іншае ўяўленне, што такое «русский мир». Тое, што большасць беларуса не размаўляе па-беларуску, — гэта факт...»

І тут амбасадар перайшоў на ангельскую мову: «Русский мир» — гэта не проста як бы абстрактная ідэя, гэта ідэалогія. Калі вы лічыце сябе мацнейшымі, калі размаўляеце па-беларуску, — гэта выйсце».

На пытанне, як беларусам не згубіць сябе, бо краіна невялікая, шмат беларусаў працуе ў Расіі, за межамі — брытанскі амбасадар Брус Бакнэл не адказаў, маўляў, не ведае адказу, бо пытанне цяжкае. Сказаў толькі, што ў яго ёсць адна ідэя:

«Ідэя ў тым, каб зрабіць Беларусь домам для тых беларусаў, якія зараз з’яўляюцца эмігрантамі. Тады гэтыя людзі падцягнуцца сюды. Я ведаю вельмі шмат прыкладаў, калі беларусы, прычым, вельмі паспяховыя, не жывуць тут. Вам іх трэба сапраўды вярнуць. Ну і яшчэ адзін пункт, які вам не спадабаецца, — гэта быць ветлівымі з рускімі, таму што яны зараз праходзяць тое, што мы прайшлі ўжо. Гэта такі постімперскі сіндром, які мы прайшлі (нават сама каралева Вялікабрытаніі наведала Ірландыю). Але гэта не азначае, што вам не трэба нагадваць, што іх сітуацыя з нафтай і газам, з іх мовай не робяць іх асаблівымі. Будзце ветлівымі. Ну і збірайце з іх грошы», — пры канцы пажартаваў амбасадар.

Украінец Аляксандар, які тры месяцы таму прыехаў у Беларусь, запытаўся, колькі павінна прайсці часу, каб і ў беларусаў, і ва ўкраінцаў сфармавалася такая самасвядомасць, якую немагчыма было пахіснуць звонку. Брус Бакнэл прадэманстраваў добрае веданне сённяшняй сітуацыі і ў Беларусі, і ва Украіне:

«Я цудоўна разумею, што Беларусь і Украіна — абсалютна розныя па сітуацыі краіны. І той жа самы Львоў, які быў пад Габсбургамі, — вельмі цудоўнае месца. І часам кажуць, што калі б такую гісторыю, як Львоў, мела б уся Украіна — магчыма, усё было б інакш. Таксама я ведаю і пра ўсход Украіны, які мае зусім іншы, збольшага савецкі досвед з жудаснай гісторыяй калектывізацыі і г.д. Я разумею, што Беларусь у гэтым плане больш аднародная, але я не ведаю, колькі трэба часу, каб мець тую ідэнтычнасць, пра якую вы кажаце. Калі так будзе з Расіяй, калі яна будзе сябе паводзіць так, як зараз — то спатрэбіцца пэўны час. Трэба ўлічваць дэмаграфічную сітуацыю, якая таксама важная. У Расіі дэмаграфічная сітуацыя амаль такая ж самая, як і ў Еўропе. У іншых краінах яна зусім іншая, мы пра гэта ўжо казалі. Гэта я кажу не дзеля таго, каб адказаць на ваша пытанне, бо адказу няма. А кажу дзеля таго, каб падкрэсліць і паказаць вам, наколькі складанае гэта пытанне».

У студзені 2016 года Брус Бакнэл з’яжджае з Беларусі. Новым амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі ўжо прызначана Фіёна Гіб.

Радыё «Свабода»

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации