5 снежня — апошні дзень, калі можна запісацца на курсы і ў школы Лятучага ўніверсітэта

01.12.2015
Лятучы ўніверсітэт

Паспяшаецеся! 5 снежня 2015 года спыняецца запіс на курсы Лятучага ўніверсітэта і ў школы магістраў гульні!

Лятучы ўніверсітэт — не звычайная адукацыйная ўстанова. Мы ствараем супольнасць тых, для каго «Мысленне» і «Беларусь» з’яўляюцца не проста арыенцірамі, але і асноўнымі выклікамі для практыкі і жыцця.

У гэтым годзе ў адукацыйнай праграме Лятучага ўніверсітэта адбыліся значныя інавацыі. За пяць гадоў працы мы атрымалі не толькі вялікі досвед і шырокае кола слухачоў. Усе гэтыя гады мы знаходзіліся ў пошуку новага зместу адукацыі, які адпавядае ідэі сучаснага Універсітэта. У гэтым накірунку мы пільна ўглядаемся ў феномен «гульні». Мы гуляем ва Універсітэт, мы будуем яго як сваю прастору мыслення, якая дазваляе ствараць новыя сэнсы, шукаць адказы на падставовыя пытанні.

Дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта створаць школы магістраў гульні.

Мы ведаем Magister ludi з твораў Германа Гесэ. У Касталіі магістры стваралі новую культуру, якая б магла пераадольваць стан «фельетоннай эпохі». І фантастычнай Касталіяй гэты пошук не скончаны. Сёння нам у Беларусі трэба знайсці сваё рашэнне, сваю форму мыслення і ладу жыцця.

Школы магістраў гульні разлічаныя на невялікія групы, якія ў шчыльнай камунікацыі з настаўнікамі — беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі — будуць супольна займацца інтэлектуальнай працай.

Усе школы разлічаныя на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень 2018-га года.

Кожная з іх прадугледжвае сваю праграму, якая будзе ўключаць як засваенне агульных курсаў Лятучага ўніверсітэта, так і працу ў індывідуальных фарматах, асабістых для кожнай школы.

Школы магістраў гульні:

Каго мы чакаем у школы магістраў гульні?

Кожная школа вызначае сваё кола адмыслоўцаў, якім прапануецца «прасунуты» ўзровень і супраца ў вызначаным накірунку.

Агульнымі патрабаваннямі з’яўляюцца амбіцыі і гатоўнасць да новага тыпу адукацыі. Вам спатрэбіцца:

  • развітае ўяўленне, каб ствараць новыя сэнсы і практыкі;
  • устаноўка «Думаць Беларусь» (накіраванасць на «практыку мыслення» і «практычнае мысленне»);
  • вольны час і лад жыцця, які дае магчымаць ставіць вялікія задачы;
  • арыентаванасць на прыняцце ідэй і прынцыпаў супольнага стварэння новага Універсітэта.

Як трапіць?

Школы магістраў гульні прадугледжваюць строгі адбор і фармаванне невялікіх працоўных груп. Кожная школа будзе праводзіць набор па асабістых крытэрыях, звязаных з тэматыкай і адпаведным тыпам інтэлектуальнай практыкі. Пасля падачы заяўкі, з вамі звяжацца адміністратар і прызначыць час сумоўя.

Што ў выніку?

Заканчэнне школы будзе адзначацца стварэннем індывідуальнай ці групавой працы, якая прадэманструе здольнасць да самастойнай творчай інтэлектуальнай практыкі і дазволіць чальцам Калегіума Лятучага ўніверсітэта назваць выпускнікоў калегамі. У выніку паспяховага заканчэння школы выпускнікам будзе наданы тытул «магістар гульні», што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.

Глядзіце прэзентацыю і чытайце больш падрабязнасцей пра школы магістраў гульні:

У новай праграме Лятучага ўніверсітэта застаецца таксама і ўжо традыцыйны адукацыйны фармат — курсы, якія ствараюць прастору для індывідуальнага руху па вольнай траекторыі.

Першы ўзровень адукацыі дае магчымасці для засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

У гэтым годзе плануецца восем курсаў. Яны прадстаўляюць арыгінальныя беларускія філасофскія канцэпцыі, а таксама прапануюць разабрацца з метадамі працы з мінулым і традыцыяй — як інтэлектуальнай, так і стылёвай. Асобную групу ствараюць курсы, у якіх будзе адбывацца герменеўтычная праца з тэкстамі, якія задаюць падмурак беларускай і еўрапейскай культуры.

Курсы будуць працаваць са студзеня па чэрвень 2016 года.

Універсітэцкія курсы:

Гэтыя курсы адкрытыя для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да змен у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык.

Каб трапіць на курсы, трэба падаць заяўку. Заяўляцца можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым варта разлічваць свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці.

Па заканчэнні курсаў вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці «сваё кола». Гэтая праца можа стаць важным крокам у вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі. Тое, што вы атрымаеце, — ёсць абсалютна ваш здабытак і залежыць ад вашай адказнасці і магчымасці скарыстацца ўмовамі і асяродкам для развіцця.

Калі вы жадаеце ўзяць удзел у новай праграме Лятучага ўніверсітэта, неабходна падаць заяўку да 5 снежня 2015 года.

Больш падрабязна даведацца пра новыя магчымасці адукацыйнай праграмы можна будзе падчас прэзентаціі праграмы, якая адбудзецца 13 лістапада 2015 года.

Post scriptum

Трохі перафразуючы Джулію Пеймон-Джонс, можна сказаць, што «думаць пра непамыснае і рабіць неверагоднае — гэта вялікая прывілея».

Гэта — прывілея маладосці, якая яшчэ не заціснута ў «дарослыя» рамкі таго, што магчыма і немагчыма.

Гэта — прывілея свабодных людзей, якія могуць дазволіць сабе «зрабіць усё не так».

Гэта — прывілея спозненых, калі лепш распачаць новае, чым даганяць.

Гэта — прывілея рэфлексіўных, якія бачаць крызіс існуючага і гатовы «паставіць» на тое, што можа прыйсці замест.

Гэта — прывілея амбітных.

Да сустрэчы!


Другие публикации