Ірына Махоўская: Як гісторыя чалавека ўпісваецца ў гісторыю краіны? (Фота і відэа)

17.12.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара, відэа Лятучага ўніверсітэта

Сучасных даследчыкаў вуснай гісторыі цікавіць перадусім тэма памяці і пераадолення цяжкіх сітуацый.

У нашай краіне гэтая ніша фактычна вольная, займаюцца зборам і фіксацыяй вусных матэрыялаў нешматлікія арганізацыі накшталт «Беларускага архіву вуснай гісторыі».

Чым цікавыя аповеды чалавечага жыцця падчас апошняй у гэтым сезоне лекцыі Лятучага ўніверсітэта ў серыі «Галоўнае пытанне» расказала кандыдат гістарычных навук Ірына Махоўская. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» наведала лекцыю «Жыццё як гісторыя ці гісторыя пра жыццё: як паразумецца з мінулым».

У пошуках чалавека

Сваю лекцыю Ірына Махоўская распачала са, здаецца, відавочнай рэчы: казаць пра гісторыю жыцця — гэта значыць, дапускаць, што жыццё і ёсць гісторыя.

Напрыканцы ХХ стагоддзя ў гістарычнай навуцы адбываецца сапраўдны рэнесанс біяграфічных даследаванняў. Для гісторыкаў цікаўнасць да іх звязана з вялікімі магчымасцямі гэтага жанра: гэта была спроба ўхапіць індывідуальнае, чалавечае вымярэнне ў плыні эпох.

Яшчэ ў 1980-я гады даследчык Адольф Лютке казаў, што гісторыя адбываецца за спінамі людзей. А дзе ж застаецца сам чалавек?

Зварот да біяграфіі як да метада збору сацыяльна значнай інфармацыі з’яўляецца адлюстраваннем пэўных гістарычных змен у сацыяльным жыцці. Біяграфічны метад пачынае распаўсюджвацца ў 1920-х гадах у ЗША і Польшчы. З гэтых даследванняў узнік т.зв. гумантістычны каэфіцыент: калі не браць да ўвагі асаблівасці светаўяўлення розных людзей, нельга растлумачыць, чаму яны па-рознаму рэагуюць на адну і тую ж з’яву.

«У цэнтры біяграфічнага даследвання — вывучэнне ўсёй плыні жыцця чалавека, — гаворыць Ірына Махоўская. — Асаблівасць біяграфічнага метада ў тым, што ён ахоплівае спосабы вымярэння і ацэнкі гістарычных сведчанняў, расказаных з пункту гледжання тых, хто гэтае жыццё пражыў».

Пры гэтым біяграфічнае даследванне мае свае патрабаванні. Па-першае, яно павінна даваць погляд на жыццё індывіда ў цэлым. Па-другое — улічваць узаемасувязь гісторыі індывідуальнага жыцця і грамадства. І па-трэцяе, яно павінна асэнсоўваць інтэрпрэтацыйную актыўнасць актараў штодзённасці.

На думку лектаркі, плюсы біяграфічнага даследвання ў тым, што яно можа даць навукоўцам погляд на складанасці сацыяльнай рэчаіснасці, якая не прадстаўлена ў сацыялагічных тэорыях.

Самае простае і, у той жа час, шырокае азначэнне біяграфіі — гэта гісторыя аб асабістым досведзе. І тут вылучаюцца два паняцці: асабісты наратыў і біяграфічнае інтэрв’ю.

У шырокім разуменні, наратыў — гэта тэкст, які апісвае паслядоўнасць падзей. Біяграфічнае інтэрв’ю можа быць некалькіх відаў. Напрыклад, лейтматыўнае інтэрв’ю — калі даследчык складае апытальнік і апытвае рэспандэнта па цікавых яму асабіста тэмах. Але перад ім мае пэўную перавагу наратыўнае інтэрв’ю, пры якім рэспандэнта для пачатку просяць падрабязна распавесці яго гісторыю жыцця.

«У Акадэміі навук працуеце? Ідзіце адсюль, нічога не скажу!»

Ёсць тры правілы апавядання. Першае — цэласнасць і скончанасць. Другі прынцып — згушчэнне. Паколькі расказчык мае абмежаваную колькасць часу, ён можа спыніцца толькі на тых падзеях жыцця, якія ён лічыць найбольш значнымі. І трэці прынцып — дэталізацыя, калі расказчык павінен удакладніць і растлумачыць канкрэтныя абставіны.

Чалавек, які мае практыку публічнага апавядання, часцей за ўсё карыстаецца знаёмымі яму мадэлямі. І гэта заўважна падчас інтэрв’ю. Аповед пра сваё жыццё для большасці рэспандэнтаў асацыюецца менавіта з жанрам публічнага выступу.

«Гэта нешта такое важнае, што можна прамовіць іншым, — тлумачыць Ірына Махоўская. — І з гэтым звязаны ўсе сумненні, якія ўзнікаюць у расказчыка падчас інтэрв’ю. Людзі не лічаць свой досвед цікавым для іншых. Не лічаць яго годным для пераказвання — яны звычайныя! З пункту гледжання інфармантаў, жыццё, пра якое можна расказваць, павінна быць унікальным, у той час, як іх уласнае жыццё зусім не ўнікальнае».

Даследчыца прывяла ў прыклад гісторыю, якая адбылася падчас адной з экспедыцый з яе калегамі.

«Этнограф і фалькларыстка збіраюць інфармацыю і пытаюцца ў бабулі «пра старое жыццё». Бабуля нешта расказвае, але пасля пытаецца: «А дзе вы працуеце?» І тыя, збіраючыся надаць вагі сваім пытанням, кажуць: «У Акадэміі навук». На што бабуля кажа: «У Акадэміі навук? Дзе працуе вялікі Жарэс Алфёраў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі? І вы такой лухтой займаецеся? Ідзіце адсюль, нічога вам не скажу!»

Тут лектарка, праўда, удакладніла, што яна мае досвед інтэрв’іравання «маленькага чалавека», таму, магчыма, пазіцыя якога-небудзь выбітнага дзеяча на гэты конт была б іншай.

Двайная біяграфія савецкага чалавека

Законы афіцыйнай біяграфіі, на думку Ірыны Махоўскай, так ці інакш, будуць навязваць сябе за межамі афіцыйных сітуацый. Ілюзіі вуснай гісторыі адносна рэвалюцыйнага «дэмантажу» афіцыйнай гісторыі з боку жывой памяці сталі імкліва разбурацца, як толькі высветлілася, у якой значнай ступені на інфарманта аказваюць уплыў устаноўкі той самай «афіцыйнай» версіі. Да таго ж праўда вуснай гісторыі — не заўсёды праўда фактычная. У вусных крыніцах можна казаць, хутчэй, пра каштоўнасці, адносіны, пачуцці, вераванні.

«У сваецкім грамадстве кожны чалавек меў дзве розныя біяграфіі. Яны адрозніваліся тым, што выбраныя факты, інтэрпрэтацыі, публічная сфера, у якой чалавек павінен быў выступаць, уплывалі на аўтабіяграфічную справаздачу. Заўсёды азіраліся на тое, што «псуе» ці «не псуе» біяграфію».

Па словах даследчыцы, існуе адрозненне ў рыторыцы паміж прыватным аповедам і яго публічным варыянтам. Гутарковая мова відавочна малюецца як элемент прыватнасці і выключаецца з публічнай «справаздачы» пра жыццё. З такой сітуацыяй Ірына Махоўская сутыкнулася са сваёй прысутнай на лекцыі суаўтаркай Ірынай Раманавай пры даследванні вуснай гісторыі ў мястэчку Мір.

«Вядома, што даследчыкі слухаюць расказы пра жыццё для таго, каб распавесці іх яшчэ камусьці. І мы малявалі далейшы шлях гэтых расказаў: што збіраем гісторыі, каб напісаць кніжку. Тым не менш, калі некалькі нашых інфармантаў пабачылі надрукаваную кнігу, яны заявілі: «Мы так не казалі».

Ад «такую краіну развалілі» да «шанцу стаць чалавекам»

«У якасці рэспандэнтаў выступалі жыхары беларускай правінцыі, народжаныя пасля вайны, — расказвае Ірына Махоўская пра даследванне пераходу савецкага чалавека ў постсавецкага. — Нас цікавіў досвед пасляваеннага пакалення, якое да часоў перабудовы дасягнула сталага ўзросту і не магло дазволіць сабе ніяк не рэагаваць на тыя змены».

У выніку, утварыўся падзел інфармантаў на дзве ўмоўныя групы: тыя, хто прытрымліваўся пасіўных практык адаптацыі, і тыя, хто актыўна выкарыстоўваў новыя магчымасці. Апошніх аказалася менш. Наратыў першай групы адносна перабудовы ўяўляў сабой расказ пра практыкі выжывання, у ім пераважае пафас ахвярнасці і лексіка накшталт «такую краіну развалілі, раней можна было ехаць, куды хочаш». Наратыў другой групы будуецца вакол тэмы пачатку новага жыцця. Новыя магчымасці, шанцы на самарэалізацыю і крыху міфалагізаваны сюжэт пачатку новага свету. Тут пераважала лексіка: «перабудова не зламала мяне, але ў мяне з’явіўся шанец стаць чалавекам».

Яшчэ адна адметнасць: пачатак перабудовы ў наратывах першай групы пераносіцца з 1985 года (абвяшчэння свабод) да 1990-х гадоў — эканамічнага крызісу.

Такім чынам, падсумавала лектарка, што б чалавек ні распавядаў нам, ён заўсёды распавядае свій погляд на жыццё, распавядае сябе.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама інтэрв'ю з Ірынай Махоўскай напярэдадні лекцыі


Другие публикации