Сканчаецца прыём заявак на ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Чарнобыльскай катастрофы

26.01.2016
Лятучы ўніверсітэт

31 студзеня — апошні дзень, калі можна падаць заяўку на ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы», якая пройдзе ў Мінску 15-16 красавіка 2016 года.

Канферэнцыю арганізуюць і праводзяць: МГА «Гісторыка» (Мінск), Беларускі архіў вуснай гісторыі (Мінск), Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук (Варшава) і Лятучы ўніверсітэт (Мінск)

30-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС павінна стаць нагодай для пэўнай «інвентарызацыі» нашых ведаў па праблеме чалавека і грамадства ў «постчарнобыльскім свеце» і, магчыма, для вызначэння новых накірункаў даследаванняў. Не сакрэт, што па шэрагу прычын гэтая катастрофа і яе наступствы ў Беларусі аказаліся адсунутымі на перыферыю грамадскай і навуковай зацікаўленасці. Аднак, як паказалі даследаванні Беларускага архіва вуснай гісторыі (2015), Чарнобыль па-ранейшаму адгукаецца вялікім болем у памяці тых, каго закранула гэтая трагедыя. Адначасна яна падкрэслівае значэнне сацыяльных і гуманітарных навук, а таксама адказнасць навукоўцаў за тое, што адбываецца з чалавекам і грамадствам у сітуацыі глабальнай катастрофы.

Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы, каб паспрабаваць адказаць на наступныя пытанні:

  • Якія сацыяльныя і палітычныя наступствы мела аварыя на Чарнобыльскай АЭС для грамадства Беларусі і ўсяго постсавецкага рэгіёну?
  • Як паўплывала гэтая аварыя на развіццё сацыяльных і гуманітарных навук?
  • Як Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы адлюстраваліся ў памяці і культуры народаў Беларусі, Украіны і Расіі?

Канферэнцыя будзе мець шматдысцыплінарны характар. Арганізатары разлічваюць на ўдзел у ёй гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, сацыёлагаў, літаратуразнаўцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных навук.

Плануецца праца двух сесій:

  1. Чалавек, грамадства, дзяржава праз 30 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы;
  2. Памяць і рэфлексія: Чарнобыль у люстэрках памяці і культуры.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, украінская, руская, польская і англійская.

Заяўкі на ўдзел просьба дасылаць да 31 студзеня 2016 года на адрас электроннай пошты: [email protected]. У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны нумар тэлефона і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак. Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя. Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.


Другие публикации