У Беларусі запусцілі чамадан з «Украінскай бібліятэчкай» (Фота і відэа)

11.02.2016
Радыё «Свабода», відэа belmediaschool.org

Бабкоў, Чарняўская, Хадановіч і Мацкевіч за круглым сталом паспрабавалі «зразумець Украіну» і прадставілі ўкраінскі чамаданны буккросінг.

Увечары 10 лютага ў кнігарні «ЛогвінаЎ» сабраўся круглы стол «Зразумець Украіну». У адкрытай дыскусіі ўзялі ўдзел паэты і філосафы: Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская, Андрэй Хадановіч і Уладзімір Мацкевіч.

Разам з дыскусіяй былі анансаваны прэзентацыі ўкраінскіх кніг, у тым ліку ў перакладзе на беларускую, дыскусіі з ўкраінскімі літаратарамі ў Беларусі, прагляд украінскіх фільмаў — гэты год у кнігарні мае стаць «Годам украінскай літаратуры». Па сутнасці, прызнаюцца арганізатары, працягваецца тое, што адбывалася і раней, але з новым і большым імпэтам.

Злева — направа: Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская, Андрэй Хадановіч і Уладзімір Мацкевіч

У кнігарні быў дадзены старт праекта «Украінскай бібліятэчкі» — нечага між класічнай бібліятэкай і буккросінгам. У чамадане, што прынцыпова для аўтараў ініцыятывы, будуць збірацца ўкраінскія кнігі, якімі можа дзяліцца любы ахвочы. Таксама як любы ахвочы можа ўзяць кнігу з чамадана на тыдзень-два, папярэдне зарэгістраваўшыся. Такія чамаданы маюць з’явіцца прынамсі ў кожным абласным цэнтры.

Ідэя, па словах Ігара Бабкова, паўстала як адказ на новую для Беларусі сітуацыю — вайна пад самымі межамі краіны, кажа ён, гэта выклік не толькі для нацыі, але і для інтэлектуалаў. Ці павінны тыя быць «на барыкадах» і «падносіць патроны», ці знаходзіць новую задачу для культуры і літаратуры? Адказам, кажа ён, мусіць быць культура як найлепшы спосаб запярэчыць «машыне нянавісці», што прыводзіць да вайны і хаосу. Менавіта таму ён прапануе «даць голас» украінскім літаратарам у Беларусі.

Андрэй Хадановіч згадаў пра і без таго шчыльныя сувязі беларускай і ўкраінскай літаратуры. Тое ён ведае на асабістым прыкладзе — яго першую кнігу вершаў, «Листи з-під ковдри», выдалі спачатку ва Украіне, пераклаўшы на голым энтузіязме малавядомага нават у Беларусі аўтара на ўкраінскую мову. Прыкладаў літаратурных дачыненняў Беларусі і Украіны багата, кажа ён, як багата і ўдзелаў беларускіх паэтаў ва ўкраінскіх літаратурных слэмах, дзе паэты адчуваюць сябе рок-зоркамі. І нямала літаратурных тандэмаў, калі ўкраінскі аўтар вядзе творы беларускага аўтара ва Украіну, а беларускі — украінскага ў Беларусь. Такім чынам, тлумачыць Хадановіч, выслаўляецца сяброўства і любоў на вузкай тэрыторыі літаратараў.

Ад літаратурных дачыненняў дыскусія перайшла да падабенства беларусаў і ўкраінцаў, якія разумеюць адзін аднаго без перакладу, і адрозненняў між «балтацэнтрычнымі славянамі» Беларусі і «больш балканскімі» ўкраінцамі, як акрэсліў Хадановіч.

Беларусы, мяркуе Юлія Чарняўская, часам ствараюць у сваіх галовах з Украіны гэткую «натхнёную Айчыну», якую хацелі б перанесці ў Беларусь, прыпісваюць ёй рэчы, якіх раней, быць можа, чакалі ад Расіі. Хоць паняцце «нацыянальнага характару» састарэла, і варта казаць пра хіба мадэль паводзін тут і цяпер, але ўкраінцы маюць выразную нацыянальную ідэнтычнасць. Тая ідэнтычнасць, дадае Чарняўская, не бяз хібаў накшталт выразна больш высокага за Беларусь побытавага антысемітызму і добраахвотнай сегрэгацыі па моўнай прыкмеце, як у Львове. Але і з яднаннем — як у тым выпадку, калі яна вучыла львоўскіх студэнтаў расійскай літаратуры, а тыя на перапынках вучылі яе ўкраінскім песням.

У Кіеве яшчэ нядаўні моўны падзел, заўважае Уладзімір Мацкевіч, змяніўся пасля рэвалюцыі і ва ўмовах вайны. Калі раней расійская ці ўкраінская мовы былі гэткім паролем, цяпер носьбіты розных моў, якія разам стаялі на Майдане, сталі больш кантактаваць між сабой. Майдан, дадае ён, стаў гэткім нараджэннем нацыі, якое працьвярозіла рамантыкаў, а цынікаў зрабіла больш духоўнымі. Таксама вынікі рэвалюцыі многіх расчаравалі — ды варта памятаць, што Украіна яшчэ да Януковіча была падзеленая між «львоўскай», «кіеўскай» і «данецкай» групоўкамі, кажа Мацкевіч.

Філосаф згадвае, як яго маці-беларуска ў Сібіры спявала ва ўкраінскім хоры, і як украінцы ўзялі ў высылку нацыянальныя строі, а беларусы — не. Са схільнасці беларусаў да адаптацыі можна зрабіць выснову аб тым, што ў прыродзе беларусаў — дыктатура, але Мацкевіч нагадвае, што праз дыктатуры ў мінулым стагоддзі праходзіла хіба не кожная еўрапейская краіна — варта глядзець на тое, што будзе з нацыяй, калі дыктатура скончыцца.

Хоць беларусы здагадваюцца, што пастаянны «бардак» і карупцыя ва Украіне адбываецца не толькі ў кабінетах, а ў галовах саміх украінцаў, беларусы не да канца разумеюць украінцаў, часта абмяжоўваючыся стэрэатыпамі, рэзюмуе ён. Таму, кажа Бабкоў, варта не толькі весці «самыя бессэнсоўныя» размовы пра Майдан і рэвалюцыю, а і даць слова ўкраінскім літаратарам. І найважней для Беларусі — спыніць мову нянавісці, што грунтуецца на забабонах, з бакоў абодвух суседзей у вайне, дадае Чарняўская.

Ва ўкраінскай літаратуры, рэзюмуе Хадановіч, няма адзінага погляду на вайну. Калі адны рашаюць, што «на вайне як на вайне» і даюць на мову нянавісці праціўніка «відсіч», рашучы адказ, то іншыя спрабуюць спыніць кругаварот нянавісці ў прыродзе, даючы «асіметрычны» адказ. І ў беларусаў сёлета стане больш магчымасцей пазнаёміцца з украінскімі літаратарамі і іх творамі, а праз гэта паспрабаваць зразумець Украіну.

Радыё «Свабода»

Відэазапіс дыскусіі:


Другие публикации