Геній беларускай думкі (Фота і відэа)

31.03.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

У Мінску прайшла заключная дыскусія цыклу, прысвечанага Ігнату Абдзіраловічу.

Цыкл Лятучага ўніверсітэта «Адвечным шляхам», названы па аналогіі з эсэ Ігната Абдзіраловіча, стаўся для кожнага ўдзельніка, які ў яго рамках чытаў лекцыі, пэўным адкрыццём. А сам твор беларускага мысляра пачатку ХХ стагоддзя — своеасаблівай ініцыяцыяй. Як адзначыў мадэратар імпрэзы філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, «беларус да чытання Абдзіраловіча і пасля чытання — гэта два розныя беларусы».

Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пабывала на мерапрыемстве.

«Абдзіраловіч — гэта нераскрыты цуд. Калі б яго не было, то яго варта было прыдумаць», — зазначыў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Ён назваў працу Ігната Абдзіраловіча «канспектам мыслення таго часу, які мы яшчэ не ўсвядомілі»:

«У Беларусі жыў велізарны геній, які мог бы раскрыцца. Гэта было ў нашай сялянскай Беларусі, якая на той момант не мела нейкай выразнай формы і нават не імкнулася яе набыць».

Уладзімір Мацкевіч дадаў, што той час можна параўнаць з цяперашнім, калі мы таксама не маем формы, а толькі шукаем і ствараем яе:

«Тэкст Абдзіраловіча павінен быць не толькі ўключаны ў абавязковую хрэстаматыю беларускай думкі, але і стацца прычынай грунтоўнай працы па даследаванні яе станаўлення».

Уладзімір Мацкевіч

Доктар філасофскіх навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Шчытцова гаворыць пра Ігната Абдзіраловіча як пра феномен:

«Спатрэбілася гістарычная перспектыва, з якой бачная яго шматграннасць. У нашых вачах Абдзіраловіч выглядае як наш сучаснік. Тое, што ён гаворыць пра Беларусь, «выстраліла» менавіта цяпер».

Таццяна Шчытцова звярнула ўвагу, што ў аўтара эсэ прасочваецца адрозненне паміж сацыяльнымі формамі жыцця і палітычнымі. Нацыятворчасць магчымая пры ўмове, калі не будзе знешняга прымусу і будзе незалежнасць.

На думку філосафа, эсэ звяртае ўвагу на адрозненне паміж Усходам і Захадам і аналіз памежнага стану таго ці іншага сацыяльнага ўтварэння. Таццяна Шчытцова адзначыла, што Абдзіраловіч выходзіць на тэму амбівалентнасці беларускага этасу, якая пераклікаецца з вызначэннем беларускага народа як іранічнага.

Таццяна Шчытцова

Таццяна Шчытцова

А філосаф, паэт і перакладчык Міхаіл Баярын задаўся пытаннем: што агульнага паміж тым часам, калі стваралася эсэ «Адвечным шляхам», і цяперашнім, што праз сто гадоў прымушае звяртацца да гэтага тэксту?

«На мой погляд, гэта непрыманне наяўнай формы як сваёй. Як у той час беларускі нацыяналізм не прымаў культурныя і дзяржаўныя формы як уласныя, так і сёння мы не прымаем Рэспубліку Беларусь».

З іншага боку, адзначыў філосаф, калі параўнаць «хацелі» — «атрымалі», можна сказаць, што наш нацыянальны праект фармальна завершаны. Ёсць набор нацыянальных стандартаў: дзяржава, войска, сімвалы, межы, мова. Можа, не такія, як нам бы хацелася, але яны ёсць. Задачы, якія ставіў перад сабой беларускі нацыяналізм пачатку ХХ стагоддзя, выкананы. Але ўсё ж нацыянальны праект не лічыцца завершаным, бо мы знаходзімся ў сітуацыі непрымання за сваё таго, што ёсць.

Міхаіл Баярын

Міхаіл Баярын

Адрознівае той час і цяперашні, на думку Міхаіла Баярына, адсутнасць філасофіі. Ля вытокаў «таго» нацыяналізму стаялі практычна арыентаваныя людзі, скіраваныя на справу, учынкі:

«Беларусам дазвалялася многае, але не дазвалялася мысліць».

Таму сёння, на думку філосафа, усталёўваецца беларуская інтэлектуальная традыцыя. А яна з’яўляецца тады, калі з’яўляюцца вучні:

«У нас ёсць два шляхі: або мы настойваем на стварэнні ўласнай формы (а гэта значыць мець сваю культуру і цывілізацыю вялікага стылю), або мы прымаем чужую форму», — паставіў прысутных перад выбарам Міхаіл Баярын.

Публіцыст Сяргей Дубавец у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што тэкст Абдзіраловіча — гэта нацыянальны этычны праект, і ў гэтым яго прывабнасць:

«У такой жа форме этычнага праекта нацыяналізм паўстаў напачатку 1980-х гадоў. Гэта было прыгожа, і дабро заўсёды перамагала зло. А цяпер мы маем нацыянальны праект, цалкам пазбаўлены этыкі. Трэба вярнуць яму этычнасць і тыя паняцці, па якіх жыве заходняя цывілізацыя. Вярнуць Абдзіраловіча ў Беларусь — гэта і ёсць напоўніць нацыянальны праект этычнасцю».

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Удзельнікі сустрэчы адзначалі, што эсэ не давалася ім з першага разу. Вось і доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума Ірына Дубянецкая распавяла, што доўга не магла палюбіць Абдзіраловіча, бо ён «пісаў пра Беларусь і не заўважыў Беларусі». Справа ў тым, што ён гаворыць пра Беларусь, якая паўстала на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. А з таго, што раней на ёй было, узгаданы толькі Скарына:

«Галоўнае, што чапляе ў Абдзіраловіча, — гэта патрабаванне пастаяннай творчасці. І калі нешта ўжо сталася, яно перастае быць творчасцю і становіцца творам. І ідэя «творачы — зруйнуем» — сутнасць як цэнтра, так і разлому паміж аграмаднымі цывілізацыйнымі ўтварэннямі, якімі ёсць Усход і Захад, паводле Абдзіраловіча.

Ірына Дубянецкая перафармулявала Сяргея Дубаўца, назваўшы яго «этычнасць» «прыгажосцю»:

«У 1980-я гады Беларусь была і аб’ектам, і суб’ектам творчасці. Гэта было і прыгожа, і прывабна, і этычна. Гэта было тое, што закідаў Караткевіч: Беларусь прыгажосці».

Праўда, на гэта журналіст запярэчыў, што не заўсёды падзеі тых часоў былі «прыгожымі».

Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

Філосаф Павел Баркоўскі паведаміў, што для яго Ігнат Абдзіраловіч з’яўляецца містычным аўтарам: кожны раз перачытваючы яго, трапляеш на фрагмент, якога, здаецца, не чытаў.

Павел Баркоўскі сказаў, што і цяпер яшчэ не бачыць дзейсных падстаў, каб рэалізавалася тое, пра што марыць і што прарочыць Абдзіраловіч:

«Нічога не вядзе да таго, каб можна было стварыць беларускі праект, які б грунтаваўся не на застылых формах палітычнага мыслення, а адкрыты праект, які робіць стаўку на грамадзянскую супольнасць».

Павел Баркоўскі

Павел Баркоўскі

«У Беларускім калегіуме на аддзяленні філасофіі і літаратуры мы ўжо 19 гадоў пачынаем заняткі з чытання «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча», — выказаўся філосаф і пісьменнік Валянцін Акудовіч.

Ён прапанаваў выдаць зборнік, прысвечаны спадчыне мысляра.

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Даведка «ЕўраБеларусі»

Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) — беларускі філосаф, паэт, публіцыст, аўтар праграмнага эсэ «Адвечным шляхам» (1921).

Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі Ігната Канчэўскага — адданасць беларускай справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб'яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».

Гл. больш фота

Сваімі думкамі ў межах цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, падзяліліся філосафы Павел Баркоўскі — у ГародніІгар Бабкоў — у ГомеліІрына Дубянецкая — у ВіцебскуВалянцін Акудовіч — у МагілёвеМіхаіл Баярын — у Маладзечне і Сяргей ДубавецБабруйску.

Гл. відэазапіс дыскусіі:


Другие публикации