19 красавіка — лекцыя Уладзіміра Мацкевіча «Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі»

12.04.2016
Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі прадстаўляюць новы цыкл публічных лекцый «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні».

19 красавіка 2016 года запрашаем на першую лекцыю цыкла — філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч прамовіць на тэму «Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі» і паразважае над наступнымі пытаннямі:

  • Як можна думаць пра будучыню і працаваць з ёй?
  • Якія формы і падыходы ў мысленні пра будучыню існуюць у сучаснай Беларусі?
  • Што павінна стаць аб'ектам пазнання і клопату ў сучаснасці, каб будучыня стала перспектыўнай і прывабнай?
  • Што ў сучаснай Беларусі знаходзіцца ў цэнтры грамадскай увагі?

Публічная лекцыя Уладзіміра Мацкевіча «Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі» адбудзецца 19 красавіка, у аўторак, у прасторы «ЦЭХ» (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

У новым цыкле публічных лекцый і дыскусій мы працягваем тэму «мыслення пра будучыню», якую пачалі абмяркоўваць на канферэнцыі ў сакавіку 2016 года, а таксама ў серыі публікацый «Беларусского журнала» і сайта EuroBelarus.Info.

Зыходзячы з аналізу сучаснага стану беларускага грамадства, дзе пераважаюць папулісцкія і прагматычныя тэндэнцыі, абывацельская свядомасць і адсутнасць выразнага бачання будучыні і далёкіх перспектыў развіцця Беларусі, мы імкнемся стварыць прастору «мыслення пра будучыню», якая б задавала сумеснае ўяўленне сябе і сваёй будучыні. Бо менавіта праз гэта фармуецца наша ідэнтычнасць, задаецца матывацыя нашых дзеянняў як грамадзянскай супольнасці, вызначаюцца арыенціры нашага самавызначэння ў бліжэйшым часе.

Разам з прамоўцамі цыкла мы напаўняем прастору новымі ідэямі, канцэптамі, перспектыўнымі вобразамі будучыні, якія прапануюць нам сучасная філасофія, культура, новыя тэхналогіі, сацыяльнасць. Праз авалоданне сучаснымі метадалагічнымі і тэарытычнымі распрацоўкамі, праз рэфлексію і аналіз уласна мыслення пра будучыню, нашых здольнасцей і межаў вучымся працаваць з гэтай прасторай.

Уваход на ўсе лекцыі вольны!

З пытаннямі і прапановамі звяртайцеся да каардынатара цыкла Юлі Галіноўскай: (+375 29) 7422040.

За анонсамі наступных лекцый сачыце на сайтах Лятучага ўніверсітэта і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

UPD.: Відэазапіс лекцыі:

У межах цыкла публічных лекцый «Уяўляючы Беларусь» адбыліся публічныя лекцыі:


Другие публикации