Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Праз 30 гадоў Беларусь усё яшчэ не асэнсавала наступствы Чарнобыльскай катастрофы
У Мінску прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Падчас мерапрыемства абмяркоўвалі асэнсаванне катастрофы, яе фізічныя, гістарычныя і культурныя, сацыяльныя наступствы. На канферэнцыю прыехалі ўдзельнікі з Японіі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны. Гэта сведчыць пра тое, што за мяжой праблеме ядзернай энергетыкі надаецца нашмат больш увагі, чым у Беларусі.
«Разуменне таго, якая трансфармацыя ў грамадстве адбылася пасля катастрофы, у нас няма. Здарыўся адзін з найбуйнейшых міграцыйных патокаў, новыя стасункі, фактычна, новая страта ў краіне. Нашы даследаванні пакуль што кропкавыя, часткова тычацца медыцыны, палітыкі, пачаліся даследаванні штодзённасці, але не хапае нейкага сацыялагічнага разумення гэтай праблемы», — падзялілася са Службай інфармацыі «ЕўраБеларусі» каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.
Каб усвядоміць і пераасэнсаваць тое, што адбылося, патрэбна развіццё навукі, перадусім сацыялогіі і паліталогіі, мяркуе яна. Штуршок да гэтага можа даць вусная гісторыя, якая ўздымае гуманітарныя праблемы і культурныя траўмы.
У памяці беларускага народа Чарнобыльская катастрофа захавалася, хутчэй, як асабістая трагедыя, распавядае навуковы кіраўнік Беларускага архіва вуснай гісторыі, прафесар Інстытута славістыкі ПАН (Варшава) Алесь Смалянчук:
«Гэта вельмі цяжкія размовы пра трагедыю сям’і, блізкіх, людзі яшчэ не перажылі да канца гэтую траўму. Мы запісвалі ўспаміны вельмі старых людзей, мужа і жонкі, ім за 90 гадоў, на самай мяжы з Чарнобыльскай зонай. Яны казалі, што жывуць, і нічога з імі не здараецца, а тыя, што з’ехалі ў горад, усе паўміралі. Гэта суцяшэнне саміх сябе».
На думку гісторыка, Чарнобыльскай зоне варта было б удзяляць больш увагі:
«Тое, што апошнім часам паздымалі ўсе прывілеі і льготы, пачалася «ліквідацыя ліквідатараў», як яны самі кажуць, абсалютна не па-чалавечы. Гэтыя людзі ў свой час прынялі на сябе першы ўдар і сталі закладнікамі тагачаснай савецкай палітыкі, а цяпер іх проста кінулі як адпрацаваны матэрыял».
Дзякуючы прапагандзе, чарнобыльцаў многія цяпер успрымаюць як утрыманцаў. Гэтую тэму, у прыватнасці, даследаваў Мікалай Мялюк, які распавёў пра чарнобыльскія карані міфа аб сацыяльным утрыманстве. Сама па сабе гэтая з’ява не новая і не беларуская, але ў нас яна мае асаблівую спецыфіку, бо Беларусь — адзіная краіна, дзе дадзенае азначэнне замацавана заканадаўча і распаўсюджваецца на многія катэгорыі грамадзян, ад льготнікаў да беспрацоўных.
«Першая стратэгія фармавання вобразу чарнобыльскага ўтрыманца пачала фарміравацца, калі ў 1995 годзе скасавалі частку ільгот ліквідатарам», — зазначыў Мікалай Мялюк.
Па яго словах, з аднаго боку, гэта падавалася як балючая, але часовая неабходнасць, з іншага — як спроба змагання з «ілжэліквідатарамі».
Паступова праблему Чарнобыля сталі прадстаўляць як перабольшаную, у першую чаргу, ставіліся пад сумнеў ацэнкі медыцынскіх наступстваў катастрофы, такі метад стаў выкарыстоўвацца ў Беларусі ў 2000-х гадах. Хаця з самага пачатку МАГАТЭ адмаўлялася прызнаваць нават савецкія ацэнкі маштабу здарэння, а МВФ у 1993 годзе рэкамендаваў Беларусі перагледзець ацэнкі медыцынскіх наступстваў. Ключавой у папулярызацыі азначэння ўтрымальніцкай залежнасці Мікалай Мялюк называе ролю Сусветнага банка.
Акрамя скарачэння колькасці атрымальнікаў дапамогі, стаў выкарыстоўвацца прыём абвінавачвання самой ахвяры.
Даследчык лічыць, што на фоне эканамічнага крызісу і ўзмацнення жорсткасці грашовай палітыкі выкарыстанне стэрэатыпу сацыяльнага ўтрыманства толькі ўзрасце, у тым ліку ў адносінах да насельніцтва найбольш пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў.
Кандыдат культуралогіі Аляксей Крывалап лічыць, што за 30 гадоў успрыняцце Чарнобыльскай катастрофы прайшло шлях «ад драмы да файнага паджарожжа». Апошнім часам тэма Чарнобылю набывае ўсё больш забаўляльны характар і працуе як паспяховая рэклама. Напрыклад, спажыўцу прапануюць экскурсійныя туры ў Чарнобыльскую зону, камп’ютарныя гульні на адпаведную тэматыку.
У тым, што аварыя на ЧАЭС уяўляе сабой не толькі гістарычную, але і культурную з’яву, перакананы кандыдат сацыялагічных навук Андрэй Камароўскі. Людзі, якія вымушаны былі з’язджаць з забруджаных тэрыторый, пазбаўляліся даўніх сувязяў і мусілі наладжваць новыя кантакты.
Тэму культурнай траўмы працягнула даследчыца з Кіева, кандыдат гістарычных навук Святлана Махоўская. У сваім выступе яна прывяла прыклад даследавання катастрафізму ў затопленых і забруджаных вёсках Украіны. Калі перасяленцы з першых маглі перанесці магілы сваіх продкаў на новыя месцы, то чарнобыльцы не мелі магчымасці забраць нават элементарных рэчаў, не кажучы пра пахаванні. Па словах даследчыцы, адрозніваецца нават сам наратыў першых і другіх перасяленцаў, расповеды пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС вызначаюцца кароткімі фразамі і поўнай нявызначанасцю таго, што будзе далей.
Святлана Махоўская таксама заўважыла, што экспанаты, якія засталіся ў зоне, — гэта вялізны пласт культуры, і ён памірае. Гэта непамерная страта для Украіны. А вось у Беларусі маштабы падобных стратаў ніхто не ацэньваў, якіх-кольвек даследаванняў на гэтую тэму не праводзілася. Хіба што выходзілі працы па фальклоры чарнобыльскіх раёнаў, у астатнім жа гэты пласт застаецца нявывучаным і, бадай, ён ужо страчаны, бо даследаваць яго трэба было дваццаць гадоў таму.
Сярод слухачоў на канферэнцыі прысутнічала дачка пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч:
«Быць тут — гэта не толькі абавязак, але і памяць. Я хаджу на ўсе чарнобыльскія шляхі, мой бацька ўдзельнічаў у першым і другім шляхах. Я ў адну кніжку сабрала ўсё, што тычыцца запісаў Алеся Адамовіча па атаму. Ён у 1980-я гады стаў займацца гэтай тэмай, зразумеў небяспеку, хоць быў пісьменнікам, а не фізікам».
Спадарыня Наталля лічыць жахлівым, што ў Беларусі будуюць новую атамную станцыю на апошнім больш-менш чыстым месцы, блізу Нарачы:
«Я лічу, што гэта толькі палітыка», — упэўнена дачка пісьменніка.
Сакрэтныя «чарнобыльскія» тэлеграмы ў Беларусі былі знішчаныя?
Чаму ў Нацыянальным архіве няма ніякіх звестак пра рашэнні, якія прымала кіраўніцтва краіны ў перыя дні аварыі на ЧАЭС?
Адказы на гэтыя пытанні падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы» паспрабаваў адшукаць кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі. Ён займаецца даследаваннем дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва Беларусі.
Цяпер гадаюць, хто прымаў рашэнне (і ці прымалася яно ўвогуле) аб правядзенні першамайскай дэманстрацыі ў 1986 годзе. Першы сакратар ЦК КПБ у 1990-1991 гадах Анатоль Малафееў адказвае, што яно не прымалася. Аднак рашэнне аб святкаванні Першамая ўсё ж існавала^
«Канкрэтна пра тое, што будзе праводзіцца дэманстрацыя, ведалі Малафееў і чатыры загадчыкі аддзелаў ЦК. Малафееў паведамляе ў Маскву, што ніякіх рашэнняў на гэты конт не прымалася. Хлусіў Малафееў — нахабна, цынічна, беспардонна, ведаючы, што рашэнне прымалася, падпісваў, адпраўляў у ніжэйстаячыя арганізацыі, выконваў», — распавёў Анатоль Вялікі.
Ад беларускага кіраўніцтва Масква запатрабавала ўсе тэлеграмы, шыфр-тэлеграмы, запісы перамоваў па закрытай сувязі для вызначэння службовых асоб і іх дзеянняў у першыя дні Xарнобыльскай катастрофы. Аднак у 1990 годзе Малафееў піша, што ніякіх тэлеграм і перамоў з рэспубліканскімі органамі, не толькі з партыйнымі, але і з МЗС, КДБ, МУС, аблвыканкамамі і г.д. няма ў прыродзе.
Гісторык прадставіў цікавы аналіз пасяджэнняў Сакратарыята. Паводле рэгламенту, яшчэ з ленінскіх часоў Бюро засядала па чацвяргах. Дык вось, у красавіку 1986 года Бюро засядала 7-га, 22-га, 29-га чысла (праз тры дні з моманту аварыі), а таксама 6 траўня. У ніводным пратаколе з гэтых пасяджэнняў тэма Чарнобыля не ўзгадваеца. І толькі 11 чэрвеня Бюро ЦК КПБ разглядае два пытанні (замест звычайных некалькіх дзясяткаў) аб першачарговых задачах, звязаных з Чарнобыльскай аварыяй і аб перасяленні людзей з 30-кіламетровай Чарнобыльскай зоны.
Паўстае пытанне: дзе пратаколы, чарнавыя запісы, матэрыялы, якія ішлі ў ЦК КПБ? У абавязковым парадку ЦК КПБ павінен быў слаць дакументы ў ЦК КПСС, але, паколькі ў Нацыянальным архіве ніякіх дакументаў няма, можна меркаваць, што яны былі знішчаны, гаворыць Анатоль Вялікі. Але частка папер мусіць знаходзіцца альбо ў цяперашнім Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі, альбо ў Расійскім дзяржаўным архіве навейшай гісторыі, альбо ў Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі:
«Як туды падступіцца — я не ведаю. Але, прынамсі, гэты блок дакументаў даў бы вельмі шмат для характарыстыкі дзеянняў усіх службовых асоб рэспубліканскага, раённага і гарадскога ўзроўню», — мяркуе Анатоль Вялікі.
На яго думку, ускосна можна рэканструяваць рэакцыю ўладаў на тое, што адбывалася пасля аварыі. Былі мітусня і нескаардынаванасць паміж рознымі ведамствамі. Напрыклад, паводле пратакола Штаба грамадзянскай абароны, толькі 3 траўня разглядаецца пытанне пра эвакуацыю людзей і толькі 6 траўня яна пачынаецца. Колькі часу было ўпушчана!
«У нас крайне мала людзей працуюць з гэтымі фондамі. Наколькі я ведаю, у нас няма ніводнай кандыдацкай дысертацыі па Чарнобылю. Яна павінна быць», — падсумаваў анатоль Вялікі.
Асобная тэма — скаргі людзей. У дзяржінстанцыі пісалі і асобныя грамадзяне, і працоўныя калектывы, і творчая інтэлігенцыя, і цэлыя гарады (гісторык згадвае 37 тысяч подпісаў жыхароў Лельчыц з канкрэтнымі патрабаваннямі). На такія звароты, як правіла, было два спосабы рэагавання: альбо звычайныя адпіскі, альбо ствараліся камісіі, якія прыяджалі на месцы і рабілі заключэнні, што ўсё ў парадку:
«Ёсць ліст у ЦК КПСС, які падпісаў рэктар і ўсе выкладчыкі Віцебскага ветэрынарнага інстытута: «Катэгарычна пратэстуем супраць накіравання маладых спецыялістаў у зону Чарнобыльскай аварыі». Але спецыялістаў усё роўна пасылалі і яны заставаліся там працаваць».
У той жа час міжнароднае чарнобыльскае супрацоўніцтва для Беларусі было абмежаваным, і наша краіна, па сутнасці, засталася сам-насам з гэтай бядой. Значную ролю ў гэтым адыграла тое, што трагедыя адбылася ў Савецкім Саюзе, які не выносіў на ўсеагульнае абмеркаванне пытанні, якія лічыў сваёй унутранай справай. І толькі ў 1989 годзе пад ціскам грамадскасці афіцыйная ўлада ўпершыню звярнулася па падтрымку да міжнароднай супольнасці, адзначыла кандыдат гістарычных навук Кацярына Крывічаніна:
«У кастрычніку 1989 года прагучала просьба да МАГАТЭ правесці сіламі міжнародных экспертаў ацэнку канцэпцыі, распрацаванай СССР, па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях».
У 1991 годзе было абвешчана, што савецкае кіраўніцтва прадпрыняла адэкватныя меры і што небяспекі для здароўя чалавека няма. ЗША, як і Японія, увогуле скептычна ставіліся да неабходнасці аказання дапамогі СССР і вельмі стрымана ўспрымалі спробы вынесці абмеркаванне чарнобыльскага пытання на ўзровень Генасамблеі ААН.
У студзені 1991 года на 87-й сесіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя абмяроўвалі пункт Міжнароднай праграмы па памяншэнні ўздзеяння на здароўе чалавека наступстваў Чарнобыльскай аварыі. На гэтае абмеркаванне прадстаўнікі Беларусі запрошаны не былі, паведаміла Кацярына Крывічаніна.
Па яе словах, з распадам Савецкага Саюза наша краіна не змагла супернічаць з больш уплывовымі Расіяй і Украінай, што таксама пацярпелі ад катастрофы.
Як беларусаў рыхтавалі да новага «мірнага атама» пасля аварыі на ЧАЭС
У нашай краіне рэакцыя на Чарнобыльскую катастрофу прайшла шлях ад замоўчвання да ігнаравання.
Прынамсі, так лічыць гісторык Аляксандр Далгоўскі, які выступіў з дакладам на адпаведную тэму падчас канферэнцыі Беларускага архіва вуснай гісторыі і Лятучага ўніверсітэта «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы».
На пераадоленне наступстваў Чарнобыля сыйдуць стагоддзі. Аднак Беларусі не спатрэбілася і 30 гадоў, каб забыць (ці проста не асэнсаваць?) маштабы аварыі і пачаць будаваць новую атамную станцыю. Ствараецца ўражанне, што на змену першапачатковым хаатычным дзеянням уладаў па ліквідацыі радыяцыйных наступстваў прыйшлі цалкам паслядоўныя і мэтанакіраваныя. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» прыводзіць асноўныя тэзісы выступоўцы.
Аляксандр Далгоўскі аналізаваў прааналізаваў дзеянні ўладаў за ўвесь час пасля аварыі, разглядаў грамадскія пратэсты.
Асноўным спосабам вырашэння канфіктных сітуацый у перыяд так званай палітыкі замоўчвання 1986-1988 гадоў былі «чарнобыльскія» звароты ад грамадскасці. У гэты перыяд адным з галоўных захадаў па абароне несельніцтва ад радыяцыі стала стварэнне 30-кіламетровай зоны адчужэння:
«Дзяржавай гэта трактавалася як клопат аб здароўі людзей, а для пацярпелых яно стала сігналам аб рэальна існуючай радыяцыйнай небяспецы».
У публічны дыялог з уладамі ўступіла насельніцтва эвакуяванай зоны, а таксама жыхары суседніх рэгіёнаў. Людзі хацелі ведаць, што адбываецца, чаму кагосьці выселілі, а кагосьці не, чаму прывозяць людзей на медыцынскае абследаванне...
«Быў набор інфармацыйных фактаў, якя людзі маглі выкарыстоўваць для атрымання ільгот, прызнання пацярпелымі іпатрабавання эвакуацыі. Існавала частка людзей, так званыя «экалагічныя мігранты», якія, не чакаючы дзеянняў улады, з’язджалі з забруджанай зоны самі. Але праз гэта яны «выпадалі» з афіцыйнага дыялога з уладай і не маглі патрабаваць жыллё ў новым месцы», — зазначыў Аляксандр Далгоўскі.
Паток лістоў меў калектыўны характар. Выселіўшы населены пункт, улады самі яшчэ не ведалі, ці будзе гэта высяленне канчатковым, становішча людзей было няпэўным, і яны пісалі калектыўныя звароты. Пік «крытычнай масы» пісьмовых пратэстаў прывёў да таго, што быў створаны своеасаблівы «сацыяльны кантракт», у які дзяржава ўключыла даволі пераканаўчыя захады па гарантаванні бяспекі здароўя людзей. Вялікія сродкі былі затрачаны на дэзактывацыю: чысціліся дахі, у вёсках здымаліся пласты зямлі, клаўся асфальт — фактычна, для правінцыі стваралася сучасная гарадская інфраструктура.
У той жа час ніхто не адмяняў бюракратычных правалочак адносна звальненняў з працы і выдачы дакументаў на эвакуацыю. Тым не менш, у 1986-1988 гадах удалося збіць пратэстную хвалю і дасягнуць кампрамісу з большасцю пацярпелых. Частка з іх атрымала жыллё ў раёнах з прымальным радыяцыйным фонам. Што адметна, карты з пазнакай забруджаных і «чыстых» раёнаў ніхто не бачыў, першая такая карта была апублікаваная ў 1989 годзе:
«Для многіх было дастаткова атрактыўна працаваць у забруджанай зоне, таму што там былі досыць вялікія надбаўкі да зарплаты — фактычна двайны заробак. А рызыкі былі невідавочныя, і ўвогуле іх сведчанняў не было. Некаторыя нават спрабавалі перасяліцца ў заражаныя населеныя пункты, бо там існавалі льготы».
Аднак з наступленнем «мітынгавай дэмакратыі» «чарнобыльскі кантракт» страціў сваю моц, бо краіна паглыбілася ў фазу эканамічных праблем. Каб крыху зняць сацыяльную напружанасць, дзяржава вымушана была апублікаваць карту заражаных мясцін, аднак усю карціну чарнобыльскіх наступстваў яна не адлюстроўвала. Гэта справакавала яшчэ адну плынь зваротаў: «Чаму не пазначаны наш рэгіён?» альбо «Чаму наш населены пункт пазначаны як забруджаны, а мы нічога не атрымліваем?», — абураліся людзі. Тады ўлады стварылі праграму па ліквідацыі аварыі на 1990 — 1995 гады, аднак людзі высоўвалі свае патрабаванні, хацелі ўдзельнічаць у яе распрацоўцы. Далей на «арэну» выходзіць Вярхоўны Савет, дзякуючы дэпутатам якога тэма катастрофы на ЧАЭС набывае зусім публічны характар. А затым з’яўляецца БНФ, які палітызуе гэтую тэму, заяўляючы, што Чарнобыль можна пераадолець у незалежнай дзяржаве пры дапамозе Захаду. Савецкія функцыянеры на гэта адказваюць, што ўсё гэта магчыма зрабіць у межах СССР.
Пачаліся працэсы мабілізацыі незадаволеных. Напрыклад, апроч вядомага Чарнобыльскага шляху, адбываліся шырокія пратэсты жанчын Нароўлі, аўтобусы з Хойнікаў збіралі людзей і везлі ў Маскву на сустрэчу з дэпутатамі.
Урэшце ў параўнанні з перасяленнем 1986 года (каля 10 тысяч чалавек) з забруджанай зоны было пераселена парадку 85 тысяч чалавек.
«Пасля абвяшчэння незалежнасці адбылася змена настрояў у грамадстве, бо галоўны вінаваты ў трагедыі — Савецкі Саюз — знік. Аднак праблемы засталіся», — адзначае Аляксандр Далгоўскі.
Значная іх частка датычылася размеркавання жылля, якое часта мела карумпаваны характар. Многія перасяленцы мелі праблемы з працай, і нават казалі, што ніколі б не з’ехалі з радыеактыўнай зоны, калі б ведалі, што іх чакае. Былі факты спекуляцыі льготамі.
З пераходам да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі людзі атрымалі новую надзею, бо прэзідэнт паабяцаў, што цяпер будзе новае стаўленне да чарнобыльскай праблемы. Ён паспрабаваў яе дэпалітызаваць, мітынгі цяпер праходзілі ў вызначаных месцах і пад кантролем улады (за выключэннем Чарнобыльскага шляху). Але хутка людзі зразумелі, што заявы прэзідэнта насілі папулісцкі характар і мэтай іх было скарачэнне льгот і падрыхтоўка насельніцтва да выкарыстання ядзернай энергіі.
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»