Тыдзень беларускага мыслення з Лятучым універсітэтам

14.09.2016
Лятучы ўніверсітэт

У межах Тыдня беларускага мыслення Лятучы ўніверсітэт прадстаўляе сваю праграму, якая адлюстроўвае нашыя ўяўленні пра мысленне і нашае самавызначэнне ў ім.

Гістарычнасць і су-часнасць мыслення

Мысленне не жыве на паліцах бібліятэк, у формулах ці адмысловых інстытуцыях — бо гэта жывы працэс, які знітаваны з часам і кантэкстам. Су-часнасць мыслення — гэта знаходжанне ў пэўным часе, які мае культурныя, гістарычныя і палітычныя каардынаты. Су-часнасць — гэта і сустрэча ў часе з Іншым, з праблемай, з выклікам. Менавіта таму мы пачынам Тыдзень выставай, якая стварае для нас усіх гістарычны і культурны кантэкст існавання і развіцця.

Працягваючы тэму гісторыі паўставання мыслення, прэзентуем і абмяркоўваем выдадзеную ў траўні Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гадоў, якая ўбачыла свет пад назвай «Код прысутнасці».

Гэтыя мерапрыемствы мы ладзім сумесна з Беларускім калегіумам і Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь»:

  • Мінск — 16 верасня, 18.45-22.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Адкрыццё выставы «Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення». Энцыклапедыі, анталогіі, альманахі, зборнікі, кнігі, часопісы, перыёдыкі. Вядзе імпрэзу Валянцін Акудовіч. Удзельнічаюць: Таццяна Вадалажская, Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Санько, Таццяна Шчытцова, Валер Булгакаў, Уладзімір Някляеў;
  • Бабруйск — 21 верасня, 18.00-20.00 — Тайм клуб «1387» (вул. Савецкая, 97-2): «Код прысутнасці». Таццяна Вадалажская прадстаўляе Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гадоў. Прэзентацыя кнігі і дыскусія;
  • Магілёў — 22 верасня, 18.30-20.30 — Цэнтр «Кола сяброў» (зав. Чкалава, 16): «Код прысутнасці”. Валянцін Акудовіч і Сяргей Дубавец прадстаўляюць Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гадоў. Прэзентацыя кнігі і дыскусія;
  • Віцебск — 23 верасня, 18.00-20.00 — Torvald art-pub (вул. Камсамольская, 32): «Код прысутнасці». Уладзімір Мацкевіч прадстаўляе Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гадоў. Прэзентацыя кнігі і дыскусія.

Асоба ў мысленні

Мысленне — гэта тое, што перадаецца з рук у рукі, мае свае твары і імёны, а для беларускага мыслення індывідуальнасць — магчыма, адна з вызначальных рысаў. Мысленне інтэрсуб’ектыўнае, але персанальныя траекторыі, асабістыя справы, праекты і ініцыятывы — гэта тое, з чаго складаецца нашая інтэлектуальная гісторыя. І падчас Тыдня мы прапануем угледзецца ў двух герояў нашай прасторы, якія ўжо сыйшлі ад нас, але сваёй траекторый жыцця і мыслення прынеслі і задалі характэрныя рысы беларускай інтэлектуальнай сітуацыі:

  • Мінск — 20 верасня, 17.00-18.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): «Аляксандр Грыцанаў і ягоная справа». Калоквіум і дыскусія пра праект Аляксандра Грыцанава. Удзельнікі: Уладзімір Мацкевіч, Канстанцін Скуратовіч, Мікалай Кацук ды інш.;
  • Мінск — 24 верасня, 17.00-19.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Ігар Бабкоў, публічная лекцыя «Уладзімір Абушэнка: рэканструкцыя ідэі»;
  • Мінск — 24 верасня, 19.30-21.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Панэльная дыскусія «Сучаснасць і сацыялогія Уладзіміра Абушэнкі: ідэі, кантэксты, перспектывы». Удзельнікі: Таццяна Вадалажская, Мікалай Кацук, Андрэй Камароўскі, Аксана Шэлест.

Нерв часу

Мысленне — гэта тое, што знаходзіць сябе на мяжы. На мяжы непамыснага, на вастрыні праблемы. Яно вызначае нерв нашага часу. Сёння гэты нерв звязаны з шэрагам праблем, якія адкрываюцца ў абставінах перабудавання шматлікіх упарадкаваных рэчаў: стасункаў культур, сацыяльных структур, зносін чалавека з асяроддзем і штучным інтэлектам, этычным і гуманітарным вымярэннем нашага ладу жыцця. Вырашэнне гэтых праблемаў патрабуе глабальнага мыслення, але не абстрактнага. Таму ў працяг серыі «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні» на Тыдні беларускага мыслення будзе прадстаўлены шэраг публічных лекцый і дыскусій, якія даюць спробу адказаў на глабальныя пытанні, зыходзячы з беларускага кантэкста, прапануюць сродкі для таго, каб зразумець сябе і свой час:

  • Мінск — 20 верасня, 19.00-21.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Уладзімір Галянкоў, публічная лекцыя «Інтэлектуальныя сістэмы: праблемы і перспектывы»;
  • Мінск — 21 верасня, 19.30-21.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Уладзімір Мацкевіч, публічная лекцыя «Людзі, машыны, жывёлы: сяброўства і спакуса»;
  • Мінск — 22 верасня, 19.00-21.30 — Бізнес-клуб «Imaguru» (вул. Фабрыцыуса, 4): Дыскусія «Сучасная нацыянальная ідэнтычнасць: праблемы і выклікі». Мадэратар — Павел Баркоўскі. Супольна ладзяць Лятучы ўніверсітэт і «Будзьма беларусамі!»;
  • Мінск — 22 верасня, 19.30-21.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Яраслаў Бекіш, публічная лекцыя «Не-уяўляючы Беларусь: тры «зялёныя» ўтопіі»;
  • Мінск — 23 верасня, 17.30-18.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Дзмітрый Задорын, публічная лекцыя «Цэнтральная плошча як парок сэрца ў целе Мінска»;
  • Мінск — 23 верасня, 20.00-21.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9). Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба (дуэт «АГАТА»), лекцыя з элементамі майстар-класа «Беларусь праз музычную семантыку і сінтаксіс».

Мысліць мысленне

Гэта метадалагічная ўстаноўка, якая наварочвае нас на тое, што мысленне не льецца само па сабе, гэта не «натуральны» працэс, яно патрабуе рэфлексіі, удасканальвання тэхнікі і арганізацыі адмысловай прасторы. Праз гэтае разуменне мы ладзім рефлексіўную дыскусію пра беларускае мысленне як з’яву. А таксама прапануем майстар-клас па тэхніках інтэрпрэтацыі, які ладзяць слухачы Лятучага ўніверсітэта, прастаўляючы свае падыходы да разумення і прачытвання Іншага праз тэкст:

  • Мінск — 25 верасня, 16.30-18.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): «Беларускае мысленне: quo vadis. Дыскусія на падставе Анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці». Запрошаныя да ўдзелу: Таццяна Шчытцова, Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Міхаіл Баярын. Мадэратар — Таццяна Вадалажская;
  • Мінск — 24 верасня, 15.00-16.30 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): Бліц-аналіз тэкстаў «Тэхнікі інтэрпрэтацыі: разам чытаем тэксты інтэлектуалаў». Праводзяць слухачы Лятучага ўніверсітэта.

У межах Тыдня Лятучы ўніверсітэт дасць магчымасць усім зацікаўленым пазнаеміцца з падыходамі да мыслення і адукацыі не толькі праз нашыя лекцыі, выставы і дыскусіі, але і наўпрост падчас імпрэзы «Лятучы ўніверсітэт — вядомы і невядомы». Гэта магчымасць сустрэцца з сябрамі супольнасці Лятучага (мыслярамі, навукоўцамі, інтэлектуаламі) і з «першых вуснаў» зразумець, «як жыве і працуе» гэтая прастора мыслення, што цікавага прапануе Праграма новага года, якім чынам можна далучыцца да нашай супольнасці:

  • Мінск — 19 верасня, 20.00-22.00 — Прастора «Корпус 8» (прасп. Машэрава, 9): «Лятучы ўніверсітэт — вядомы і невядомы». Прэзентацыя прасторы, асобаў, праграмы і планаў на наступны год. Вядзе імпрэзу Марына Штрахава. Запрошаны да ўдзелу: Павел Баркоўскі, Уладзімір Мацкевіч, Міхаіл Баярын, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Таццяна Шчытцова, Іван Вядзенін, Вячаслаў Бабровіч, Алег Дзярновіч ды інш.

Да сустрэчы на Тыдні беларускага мыслення!


Другие публикации