24 верасня ў Мінску — «Асоба ў мысленні: Уладзімір Абушэнка»

23.09.2016
Лятучы ўніверсітэт

24 верасня 2016 года адбудуцца публічная лекцыя і панельная дыскусія, прысвечаныя выбітнаму беларускаму сацыёлагу і сацыяльнаму філосафу Уладзіміру Абушэнку, сышоўшаму з жыцця амаль роўна год таму.

Імпрэзы ладзяцца ў межах Тыдня беларускага мыслення супольнымі намаганнямі Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

Мысленне перадаецца з рук у рукі, яно мае свае твары і імёны. Для беларускага мыслення індывідуальнасць — дрэнна ўсвядомленная катэгорыя, але, па факце, яна адна з вызначальных рысаў, бо персанальныя траекторыі, асабістыя справы, праекты і ініцыятывы — гэта тое, з чаго складаецца наша інтэлектуальная гісторыя.

Падчас Тыдня беларускага мыслення мы ўжо звярталіся да асэнсавання інтэлектуальнага даробку і выдавецкіх праектаў Аляксандра Грыцанава. Цяпер прапануем засяродзіцца на асобе і ідэях Уладзіміра Абушэнкі.

А 17-й гадзіне ў прасторы «Корпус8» (Мінск, прасп. Машэрава, 9) пачнецца публічная лекцыя Ігара Бабкова «Абушэнка: рэканструкцыя ідэі».

Гэтая лекцыя — інтэлектуальнае падарожжа праз колы мыслення 1990-х і 2000-х гадоў, у якім Уладзімір Абушэнка выступае медыумам і правадніком. Рэканструкцыя кантэксту, жыццёвых і сацыльных дэкарацый, праектаў і схем думкі, месцаў і іх адсутнасці. Развагі пра этас думкі і пра ідэі, якія нас выбіраюць.

А палове 8-й вечара (19.30), адразу пасля публічнай лекцыі і ў тым жа месцы (прастора «Корпус8»), пачнецца панельная дыскусія «Сучаснасць і сацыялогія Уладзіміра Абушэнкі: ідэі, кантэксты, перспектывы».

Вучні Уладзіміра Абушэнкі — Аксана Шэлест, Андрэй Камароўскі і Мікалай Кацук — паразважаюць над наступнымі пытаннямі і тэмамі:

  • Сацыялагічныя распрацоўкі Уладзіміра Абушенкі: контуры і ключавыя ідэі;
  • Уладзімір Абушенка ў беларускай сацыялогіі: месца і значэнне;
  • Сучаснасць і актуальнасць ідэй і напрацовак Абушенкі: хто здольны працягваць адказваць на пастаўленыя пытанні і каму патрэбны наяўныя адказы?

У якасці мадэратара дыскусіі выступіць Таццяна Вадалажская.

Запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. Уваход на ўсе імпрэзы — вольны!

Колькі слоў пра вучонага:

Уладзімір Леанідавіч Абушэнка (22.04.1957— 26.09.2015) — беларускі сацыёлаг і сацыяльны філосаф, інтэлектуал. Кандыдат філасофскіх навук (1985), дацэнт (1991).

У 1979 годзе скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ, у 1984 годзе — аспірантуру Інстытута сацыялагічных даследаванняў АН СССР. Ад 1990 года выкладаў на кафедры сацыялогіі БДУ, з 2002 года і да апошніх дзён жыцця займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай працы. Аўтар больш за 400 навуковых публікацый.

Уладзімір Леанідавіч зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне і развіццё сацыялагічнай навукі і інтэлектуальнай прасторы ў Беларусі, у галіне тэарэтычнай сацыялогіі ажыццяўляў распрацоўку ўнікальнага падыходу да вывучэння культуры — культурсацыялогіі, быў таленавітым педагогам — падрыхтаваў цэлае пакаленне сацыёлагаў.

Прапануем да ўвагі відэазапіс даклада, які Уладзімір Абушэнка зрабіў падчас канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта ў снежні 2012 года:

Сачыце за гэтымі і іншымі падзеямі апошніх дзён Тыдня беларускага мыслення ў адмысловым гугл-дакуменце або на старонцы падзеі ў Фэйсбуку.

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:

Відэазапіс панельнай дыскусіі:


Другие публикации