Уладзімір Мацкевіч: Будаваць узаемаадносіны са штучным інтэлектам трэба вучыцца ўжо сёння (Фота і відэа)

23.09.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі", фота — аўтара, відэа — Лятучага ўніверсітэта

Што рабіць, калі людзі паводзяць сябе як аўтаматы, як не пераўтварыцца ў жывёл з безумоўным даходам і чаму Беларусь — прымітыўная мегамашына.

У межах Тыдня беларускага мыслення працягваецца цыкл публічных лекцый Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь", распачаты ўвесну, "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні". З чарговай публічнай лекцыяй "Людзі, машыны, жывёлы: сяброўства і спакуса" ў Мінску выступіў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Свой выступ ён пачаў з фразы, якая ў сацсетках стала ўжо крылатай: "Мой свет больш ніколі не будзе ранейшым". Так бывае пасля моцнага ўражання, сустрэчы, лекцыі... Адмыслова мы не чакаем гэтай "змены свету" і не можам да яе падрыхтавацца.

"А ці можа падрыхтавацца чалавецтва і што павінна здарыцца, каб абвясціць: свет ужо ніколі не будзе ранейшым?", — разважае Мацкевіч, маючы на ўвазе антрапалагічныя перспектывы нашай будучыні.

Напрыклад, з’яўленне штучнага інтэлекту. Мроя стварыць вылічальную тэхніку, здольную вырашаць задачы, над якімі б’ецца чалавечы розум, з’явілася яшчэ ў Сярэднявеччы. Так ці інакш, з часам нам давядзецца ўступаць у адносіны не толькі з людзьмі, а і з машынамі, у якіх таксама можа быць "свой свет". Таму многія, не гатовыя гэта прыняць, ужо цяпер ствараюць і падпісваюць петыцыі з патрабаваннем спыніць даследаванні ў галіне штучнага інтэлекту. Але, на думку Уладзіміра Мацкевіча, гэта не дасць плёну, бо ў барацьбе людзей з машынамі заўсёды перамагаюць машыны. Таму трэба вучыцца будаваць адносіны з імі.

Напрыканцы 1940-х з’явілася першая праграма "Эліза", якая імітавала псіхатэрапеўтычнае маўленне. Чалавек сядаў за клавіятуру, набіраў паведамленне, а праграма яму адказвала. І некаторыя прымалі размову з машынай за гутарку не проста з чалавекам, а з разумным і "чалавечным" чалавекам.

У 1930-х Льюіс Мэмфард на прыкладзе егіпецкіх пірамід апісаў т.зв. "мегамашыны" — гэта машыны, якія складаюцца з людзей. Іх адметнасць у тым, што без чалавека яны не працуюць.

Пазней як мегамашыны сталі разумець інстытуты, дзяржавы і г.д.

Усе тэндэнцыі развіцця тэхнікі імкнуцца да максімальнай аўтаматызацыі і выключэння чалавека з працэсу кіравання машынамі. Напрыклад, самалёты пераводзяць на аўтапілот. На сённяшні дзень існуюць беспілотнікі, якія абсалютна не маюць патрэбы ў кіраванні чалавека. Цяпер распрацоўваюцца таксама беспілотныя аўтамабілі.

"Чалавеку не трэба будзе мець персанальнае аўта, а можна проста па гадзінніку з падключэннем да інтэрнэту выклікаць сабе аўтамабіль. Праўда, гэтая тэндэнцыя распаўсюджваецца на ўсе машыны, у тым ліку і на мегамашыны Мэмфарда. Разглядаючы дзяржаву як мегамашыну, мы разумеем: нехта яе павінен быў спраектаваць, эксплуатаваць, ставіць задачы і г.д. Любы аўтамабіль ці самалёт без кіроўцы адрозніваецца ад аўтамабіля ці самалёта з кіроўцам тым, што ён не ведае, куды ехаць", — гаворыць Уладзімір Мацкевіч.

Калі ў дзяржаве няма кіраўніка, парламента, ідэолага, які кажа, куды ёй рухацца, мегамашына спыняецца? Не. Дзяржавы хоць і былі створаны людзьмі, але існаваць як мегамашыны ўжо даўно могуць без іх.

"Мы можам параўнаць беларускую дзяржаву і амерыканску як мегамашыны з кіроўцам і без. Якая розніца, хто пераможа на амерыканскіх выбарах? Амерыканская машына будзе ехаць, куды трэба, з любым прэзідэнтам. А ў Беларусі мы думаем, што калі змяніць прэзідэнта, усё будзе іначай. Насамрэч, не будзе. Беларуская мегамашына можа спыніцца, бо яна прымітыўная, таму без Лукашэнкі яна не едзе. Але калі там што-небудзь дакруціць, прывесці яе да парламенцкай рэспублікі, то можа атрымацца дзяржава без кіроўцы", — даводзіў выступоўца.

Але калі гэта так, то, вяртаючыся да тэхнікі, машына можа набыць якасці, уласцівыя чалавеку. І тады машына будзе лепей ведаць, куды вам ехаць. Тады вам не трэба будзе праяўляць волю і ваш свет больш ніколі не будзе ранейшым. На думку Уладзіміра Мацкевіча, гэта адбываецца ўжо цяпер.

"Я бачу машынныя паводзіны большасці насельнікаў сацсетак", — заўважыў лектар.

Мы ходзім на працу не таму, што хочам, а таму што — як іначай? Мы кажам нешта, але гэта такія банальнасці, якія ўжо даўно сказаны, і паводзім сябе як запраграмаваныя аўтаматы.

"Хочам мы таго ці не, нам давядзецца сябраваць з машынамі. Мы ўжо знаходзімся з імі ў вельмі складаных узаемаадносінах, амаль суіснуем, але не можам сябраваць", — лічыць Уладзімір Мацкевіч.

Пры чым тут жывёлы, узгаданыя ў назве лекцыі?

Смарт-гарады, пра якія ўсё часцей гавораць урбаністы, будуць праграмаваць і алгарытмізаваць наша жыццё. Студэнты, што бяруць курсавыя і дыпломы ў інтэрнэце — ужо пераўтварыліся ў машыны. Калі гэта ўсвядоміць і пачаць шукаць выйсце, на думку Уладзіміра Мацкевіча, яго можна знайсці ў... жывёльным існаванні чалавека. І ў гэтым — спакуса.

"Што такое безумоўны даход? Гэта прыняцце на ўтрыманне людзей у якасці хатніх жывёл. Ад іх не патрабуецца праца, вырашэнне задач, творчасць. Ім безумоўна забяспечваюць неабходныя патрэбы на трох узроўнях піраміды Маслоў", — паведаміў філосаф.

Паводле Мацкевіча, ёсць некалькі альтэрнатыўных шляхоў: самавызначыцца глабальна; вярнуцца да розуму, культываваць яго і рабіць сябе самому; адмовіцца ад гэтага і жыць у "гета" з безумоўным даходам; змагацца за свае інтарэсы і займацца палітыкай.

Зыходзячы з гэтага, чалавецтва можна падзяліць на тры групы: тыя, хто ўсё даўно ўсвядомілі і самавызначаюцца, тыя, хто не можа знайсці сябе ў свеце, які змяніўся, і тыя, каго задавальняе ніжэйшы ўзровень патрэбаў піраміды Маслоў.

Людзі першай групы не прывязаныя да месца жыхарства, прафесіі і г.д. Людзям другой групы ўсё гэта недаступна, бо ім заўсёды нешта замінае. А людзей трэцяй групы ўсё і так задавальняе.

У Беларусі ёсць людзі ўсіх гэтых груп, і яны не разумеюць адзін аднаго, не ўступаюць ні ў якія адносіны, а калі і кантактуюць, то праз мегамашыны. Але толькі людзям другой групы патрэбны такія каштоўнасці, як нацыя, мова, незалежнасць, дэмакратыя, свабода і г.д. Людзям першай групы гэта не трэба, іх яно не датычыцца: яны валодаюць некалькімі мовамі, вызначаюцца ў свеце і ўступаюць з іншымі ў дэмакратычныя адносіны, не змагаючыся з рэжымам. Рабіць гэта трэба людзям другой групы. Аднак без ведаў, кваліфікацый людзей першай групы немагчыма вырашыць задачы другой.

У якасці выйсця Уладзімір Мацкевіч прапануе навучыцца сур’ёзна выбудоўваць узаемаадносіны паміж чалавекам і машынай і наладзіць дыялог паміж людзьмі першай і другой груп.

Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации