Тыдзень беларускага мыслення завяршыўся канцэртам Лявона Вольскага (Фота і відэа)

26.09.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара, відэа — Лятучага ўніверсітэта

У сталічным «Корпус8» адбылося ўрачыстае закрыццё ўнікальнай для краіны падзеі.

Больш за 50 імпрэзаў па ўсёй краіне, выстава інтэлектуальных выданняў, чытанні тэкстаў, тэатральныя дзеі, дыскусіі, гульні, перформансы — усё гэта змясціў у сабе Тызень беларускага мыслення, які ладзіўся ўпершыню. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», якая падрабязна асвятляла падзеі Тыдня, пабывала на апошнім яго ўрачыстым мерапрыемстве.

«Мы атрымалі нагоду падумаць пра нашу інтэлектуальную спадчыну, пра тое, як яе можна інтэрпрэтаваць», — зазначыла адна з арганізатараў Тыдня, каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Яна паведаміла, што толькі ў Мінску ў межах Тыдня прайшло 40 мерапрыемстваў, і яшчэ 12 — у іншых гарадах краіны.

«Праект Год беларускага мыслення і асабліва — Тыдзень беларускага мысленя — абсалютна ўнікальны, нідзе ніколі нічога падобнага не было. І ён будзе доўжыцца, пакуль беларусы не пачнуць чакаць яго, як свята.

Утопія. Але ж, ведаеце, без утопіі жыццё — такая нуда. Я віншую ўсіх з нараджэннем падзеі», — выказаўся філосаф, літаратар, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіума Валянцін Акудовіч.

Уладзімір Мацкевіч і Валянцін Акудовіч

А вось філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч не пагадзіўся з гэтым «планам».

«Я не хацеў бы рабіць у наступным годзе падобнае мерапрыемства. Мы заявілі сваю прысутнасць. Мысленне ў Беларусі ёсць — хочаце вы гэтага ці не. Без дзяржавы, без рэжыма, і з гэтым нельга не лічыцца. Гэтага досыць. Трэба рухацца далей», — заявіў Уладзімір Мацкевіч.

Уладзімір Мацкевіч і Валянцін Акудовіч

Падчас цырымоніі закрыцця Тыдня абвясцілі і ўзнагародзілі пераможцаў конкурса эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі, кантэксты». Конкурс стаў працягам ініцыятывы «Цытуй сваё» і даў магчымасць усім ахвотным выказацца на тэму беларускай інтэлектуальнай спадчыны.

У лік прызёраў конкурса ўвайшлі Таццяна Урублеўская-Токер з эсэ «Уладзімір Фурс: Беларусь тут і цяпер», і Антось Уласенка з тэкстам «На другіх шляхох», а пераможцам з конкурснай працай «А хто там і дзе?» аказаўся Міхаіл Бараноўскі, саліст гурта «Нельга забыць». Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. Апроч таго, іх працы будуць апублікаваныя на сайтах Лятучага ўніверсітэта, грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», «Беларусского журнала», а таксама ўвойдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы года.

Узнагароджанне прызёраў конкурса

Міхаіл Баярын узнагароджвае Таццяну Урублеўскую-Токер

Ірына Дубянецкая ганаруе Антося Уласенку

Уладзімір Мацкевіч віншуе Міхала Бараноўскага

Сапраўдным сюрпрызам вечара стаў культурніцкі падарунак — выступ Лявона Вольскага, які феерычна і запамінальна закрыў Тыдзень.

Прапануем вашай увазе відэазапіс шэрагу імпрэзаў Тыдня беларускага мыслення:

Канцэрт гурта EVAND падчас адкрыцця выставы «Cogito Albarutheniae» і Тыдня беларускага мыслення:

Адкрыццё выставы «Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення» і Тыдня беларускага мыслення:

«Лятучы ўніверсітэт — вядомы і невядомы». Прэзентацыя прасторы і адукацыйнай праграмы 2016-2017 года:

«Аляксандр Грыцанаў і яго справа». Сolloquium і дыскусія пра праект Аляксандра Грыцанава:

Публічная лекцыя Уладзіміра Галянкова «Інтэлектуальныя сістэмы: праблемы і перспектывы»:

Публічная лекцыя Уладзіміра Мацкевіча «Людзі, машыны, жывёлы: сяброўства і спакуса»:

Публічная лекцыя Яраслава Бекіша «Не-уяўляючы Беларусь: тры зялёныя ўтопіі»:

Публічная лекцыя Зміцера Задорына «Цэнтральная плошча як парок сэрца ў целе Мінска»:

Публічная лекцыя з элементамі майстар-класа Ірэны Катвіцкай і Аляксея Варсобы (гурт «АГАТА») «Беларусь праз музычную семантыку і сітнаксіс»:

Публічная лекцыя Ігара Бабкова «Абушэнка: рэканструкцыя ідэі»:

Панельная дыскусія «Сучаснасць і сацыялогія Уладзіміра Абушэнкі: ідэі, кантэксты, перспектывы»:

Публічная дыскусія «Беларускае мысленне: quo vadis?», адбыўшаяся на падставе Анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці»:

Узнагароджванне пераможцаў конкурса эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты»:

Канцэрт Лявона Вольскага падчас закрыцця Тыдня беларускага мыслення:


Другие публикации