Абвешчаны збор заявак на секцыі (панелі) VII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі

31.01.2017
icbs.palityka.org

Арганізацыйны камітэт VII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор заявак на стварэнне секцый (панелей) у межах Кангрэса. Кангрэс адбудзецца сёлета 15-17 верасня ў Варшаве (Польшча).

Секцыі (панелі) могуць быць прысвечаны абмеркаванню асобных даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці ў межах асобных дысцыплін ці даследчых накірункаў. Пры падачы матэрыялаў Арганізацыйны камітэт не ставіць дакладных тэматычных ці дысцыплінарных абмежаванняў, пакідаючы магчымасць прадстаўнікам акадэмічнай і экспертнай супольнасці самастойна артыкуляваць свае прыярытэты і зацікаўленасці.

Секцыі (панелі) могуць быць дысцыплінарнымі, тэматычнымі ці вузкаспецыялізаванымі. Таксама прымаюцца заяўкі на арганізацыю круглых сталоў, майстар-класаў, публічных прэзентацый і г.д.

Фарміраванне секцый і панелей праз адкрыты збор прапаноў дазваляе Міжнароднаму Кангрэсу даследчыкаў Беларусі адпавядаць чаканням і патрэбам акадэмічнай і экспертнай супольнасці.

Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідэраў прыняць удзел у вызначэнні тэматычных прыярытэтаў наступнага Кангрэса.

Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Заяўнікамі таксама могуць выступаць зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.

Для падачы заяўкі да 10 сакавіка 2017 года неабходна запоўніць анлайн-форму.

Глядзіце прыклады назваў секцый, панелей, круглых сталоў і г.д. у праграмах Кангрэса 2014-га2015-га і 2016-га гадоў.

Дадатковыя пытанні можна задаць напісаўшы на адрас электроннай пошты: [email protected].

Даведка:

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмена думкамі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцей Беларусі і іншых краін.

Місія Кангрэса — развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічным і грамадскім асяроддзі краіны, рэгіёна і свету.

Кангрэс быў заснаваны ў 2010 годзе кансорцыумам беларускіх і літоўскіх арганізацый, у 2016 годзе ўдзел у навуковым форуме ўзялі больш за 500 чалавек з 20 краін свету.

icbs.palityka.org


Другие публикации