24 сакавіка ў Мінску — закрыццё выставы Міхала Анемпадыстава

20.03.2017
Лятучы ўніверсітэт

24 сакавіка, у пятніцу, Лятучы ўніверсітэт запрашае на закрыццё выставы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі».

Нагадаем, выстава працуе ў галерэя Беларускага саюза дызайнераў (Мінск, вул. Брылеўская, 14, уваход са двара).

  

  

  

  

Падчас імпрэзы вас чакае:

  • У 18.00 — абмяркаванне актуальнага становішча каларыстычнай культуры ў Беларусі і перспектывы змен на гэтым полі, якое адбудзецца ў межах круглага стала «Культура колера. Колер у культуры», які ладзіцца ў рамках міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Колер як феномен культуры, як маркер пэўнай культурнай традыцыі, як сродак і спосаб яе развіцця... Колер у дызайне, літаратуры, у камунікацыі, рэкламе, палітыцы — вывучэнне і выкарыстанне колера як функцыянальнага інструмента ў розных сферах дзейнасці становіцца сёння актуальнай тэмай міждысцыплінарных даследаванняў. Наколькі добра мы валодаем культурай колера? Наколькі добра ведаем гісторыю і ролю колераў у сваёй традыцыі?

Разам з аўтарам выставы Міхалам Анемпадыставым і запрошанымі экспертамі — Вольгай Лабачэўскай, Тодарам Кашкурэвічам, Ленінай Міронавай, Элінай Шындлер і Дзмітрыем Сурскім — прапануем закрануць некаторыя аспекты гэтай тэмы:

  • актуалізацыя традыцыі і ведаў, непарыўнасць, пераемнасць беларускай традыцыі, пераасэнсаванне зместу ў адпаведных нашаму часу формах;
  • колер і сучасныя тэхналогіі;
  • метадалогія даследаванняў па каларыстыцы — навуковы, творчы, рэканструктыўны падыходы;
  • культура колера і сучасная адукацыя ды інш.

Мадэруе сустрэчу Таццяна Вадалажская.

  • А ў 20.00 — па заканчэнні гутаркі — запрашаем на нефармальную частку: Jam session «Колер беларускага фры-джаза», атмасферу і настрой якой створаць спантанныя імправізацыі ансамбля Віктара Сямашкі «Фантастычныя плыўцы».

«Фантастычныя плыўцы» — гурт, які спецыялізуецца на спантаннай імправізацыі і аператыўнай кампазіцыі з выкарыстаннем пераважна акустычных інструментаў (фартэпіяна, саксафон, кантрабас, перкусія). У складзе зайдзейнічаныя вядомыя на альтэрнатыўнай сцэне музыкі: Эрык Арлоў-Шымкус, Фрыдрых Самотны, Дзяніс Кудраўцаў, Васіль Панкратаў ды інш. Гурт існуе з 2005 года. Запісаў каля дзесятка альбомаў (як студыйных, так і канцэрных). У межах фестывалю «Кінемо» агучыў нямы фільм «Sur un Air de Charleston» (1927). На замову лэйблу Mahorka (Балгарыя) стварыў уласны трыб’ют Pink Floyd. Гукасесія для скрайняга альбома «Concerto Grosso #7» адбылася акурат у галерэі Беларускага саюза дызайнераў з удзелам брытанскага саксафаніста Філа Пальмэра.

Уваход вольны! Да сустрэчы!

Сачыце за навінамі падзеі ў Фэйсбуку.

Гурт «Фантастычныя плыўцы»

UPD.: Відэазапіс імпрэзы:


Другие публикации