Правы чалавека ў Беларусі: адбываецца, хутчэй, рэгрэс, чым прагрэс

05.07.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У Мінску ўпершыню прайшоў Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, які НДА зладзілі напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Арганізатарамі форума выступілі Праваабарончы цэнтр «Вясна», РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Асамблея НДА Беларусі, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава супольна з Платформай грамадзянскай салідарнасці. У рамках форума ўпершыню за некалькі гадоў у Мінск прыехаў спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савета па правах чалавека ААН Міклаш Харашці. Гэтую пасаду ён займае з 2012 года, аднак беларускія ўлады не прызнаюць яго мандат і адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Наведаць Беларусь у гэтай якасці сп. Харашці не меў магчымасці, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. У Паралельным форуме сп. Харашці змог узяць удзел дзякуючы запрашэнню АБСЕ, а беларускае МЗС падкрэсліла, што спецдакладчык прыбыў у Мінск выключна як прыватная асоба.

Форум «Шэсць гадоў пасля дакладу ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека Беларусі: што змянілася?» сабраў праваабаронцаў з Беларусі, Расіі, а таксама шэраг міжнародных экспертаў, якія канстатавалі, што ў сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне адбываецца, хутчэй, рэгрэс, чым прагрэс. І гэта нягледзячы на тое, што ўпершыню за 13 гадоў адбылася сустрэча, якую праваабаронцы змаглі зладзіць унутры краіны і куды змаглі запрасіць расійскіх праваабаронцаў Юрыя Джыбладзэ і Андрэя Юрава, якім з 2010 года ўезд у Беларусь быў забаронены. Асаблівых ілюзій адносна «адлігі» ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларуі эксперты не маюць, але спадзяюцца, што гэта ўсё ж пэўны пераломны момант.

«Правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ — вялікі аванс, выдадзены беларускім уладам, які пакуль яшчэ нічым не пацверджаны. Задача нашага форума — у тым ліку, каб гэта не стала, як кажуць у спорце, чарговай незаліковай спробай. Мы запрашалі на форум прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, юстыцыі, інфармацыі, Камісіі па правах чалавека Нацыянальнага сходу, але пакуль, відаць, яны не гатовыя да адкрытай дыскусіі і не прыйшлі на наша мерапрыемства», — зазначыў старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Беларусі Сяргей Мацкевіч, адкрываючы форум.

Зусім з іншай прычыны ўзяць удзел у форуме не змагла вядомая праваабаронца, старшыня Праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Алена Танкачова, якой беларускія ўлады забараняюць уезд у Беларусь. Яна змагла толькі прывітаць прысутных па відэасувязі з Вільні, дзе вымушана жыве ўжо трэці год. Аднак яе калегі падчас форума сабралі подпісы пад зваротамі ў МЗС і МУС Беларусі з заклікам скараціць для Алены Танкачовай тэрмін забароны на ўезд у Беларусь.

«Алене Танкачовай на тры гады забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Мы лічам, што гэтая забарона палітычна матываваная і звязаная з яе праваабарончай і грамадскай дзейнасцю. Алена падавала чарговае хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у краіну, але яно не было нават фармальна разгледжана, таму што гэта быў паўторны зварот і не знайшлося падстаў для яго разгляду. Гэта абурыла і міжнародную, і беларускую праваабарончыя супольнасці, таму арганізацыі, якія ініцыявалі форум, склалі звароты міністру замежных спраў і міністру ўнутраных спраў аб тым, што гэта не павінна застацца без увагі. І мы бачым, што гэта знайшло вялікі водгук у ўдзельнікаў форума, пад зваротамі пакінулі досыць шмат подпісаў», — распавяла Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

Па яе словах, форум стаў надзвычай важнай падзеяй у Беларусі, тым не менш, не варта думаць, што гэта сведчыць пра паслабленне рэжыму ў краіне:

«Тое, што форум праводзіцца — цудоўна. Вядома, сітуацыя ў Беларусі, у параўнанні з некаторымі краінамі постсавецкай прасторы, лепшая. Але адсутнасць перашкод у правядзенні форума — не падстава казаць пра станоўчыя змены. Пакуль не пачнуцца сістэмныя змены, казаць аб паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека вельмі складана».

Асаблівая ўвага падчас сустрэчы надавалася эфектыўнасці міжнародных механізмаў у галіне правоў чалавека ў постсавецкіх краінах рэгіёну АБСЕ і, у прыватнасці, ацэнцы змяненняў сітуацыі ў галіне правоў чалавека і праблем грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля апублікавання Дакладу па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ. Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка зазначыў, што не варта ўспрымаць Усходняе партнёрства ў кантэксце вырашэння праблемы правоў чалавека менавіта як зладжаны і прадуманы механізм, а, хутчэй, гэта толькі інструмент, якім і ўрад, і грамадзянская супольнасць не вельмі ўмеюць карыстацца. Улад Вялічка распавёў, што напярэдадні Саміта Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў лістападзе ў Бруселі, паўстала пытанне аптымізацыі гэтай ініцыятывы, і падчас яе вельмі важна не згубіць істотныя для грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека складнікі.

На думку беларускіх праваабаронцаў, у апошнія два гады ў краіне ўсё ж назіраюцца некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў сферы правоў чалавека. Аднак па-ранейшаму не робяцца захады, накіраваныя на сістэмныя паляпшэнні сітуацыі ў гэтай галіне. Пагаршэнне эканамічнага становішча і шырокае прымяненне Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» прывялі да росту пратэстаў грамадзян, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі. Асабліва рэзка сітуацыя з правамі чалавека ў краіне стала пагаршацца сёлета з сакавіка: напрацягу вясны больш за тысячу грамадзян краіны сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Нягледзячы на тое, што напрыканцы чэрвеня былі вызваленыя з СІЗА больш за 30 фігурантаў т.зв. «Справы патрыётаў», затрыманых у сакавіку-красавіку, у месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

У краіне па-ранейшаму ўжываецца смяротнае пакаранне, а грамадзянскія і палітычныя правы істотна абмежаваныя як на заканадаўчым узроўні, так і ў правапрымяняльнай практыцы. Апроч таго, занепакоенасць праваабаронцаў выклікае адсутнасць інфармацыі аб прынятых уладамі мерах па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства.

Па словах старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, правядзенне Паралельнага форума — добрая магчымасць яшчэ раз голасна нагадаць пра згаданыя праблемы напярэдадні сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіць у Мінску з 5 па 9 ліпеня.

«Наш форум з’яўляецца заклікам да беларускіх уладаў выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека. Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці — на нашай імпэзе прысутнічаюць дэпутаты і віцэ-старшыня ПА АБСЕ, і сп. Харашці, і прадстаўнікі розных міжнародных праваабарончых арганізацый. На жаль, тут няма прадстаўнікоў беларускіх уладаў, і гэта яшчэ раз падкрэслівае, што яны не імкнуцца сесці за стол перамоваў для абмеркавання праблем, якія існуюць у Беларусі», — заявіў Алесь Бяляцкі.

Па яго словах, выйсце з сітуацыі сістэмнага грамадска-палітычнага крызісу, падмацаванага крызісам эканамічным, можа быць у шырокім грамадска-палітычным дыялогу.

«Калі б мне некалькі год таму сказалі, што мы будзем ладзіць у Мінску сумесны форум, я б не паверыў, што гэта магчыма, — зазначыў прадстаўнік расійскага Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ. — Сёння беларускім уладам выгадна рабіць пэўныя палітычныя крокі, не мяняючы сваёй прыроды. Але сама гэтая сустрэча — ужо важная падзея. Я думаю, што наш голас будзе пачуты. Досвед апошніх гадоў нашай працы сведчыць, што голас грамадзянскай супольнасці ў дзеяннях у сферы правоў чалавека становіцца больш гучным, чым голас урадаў і нават міжнародных арганізацый».

Прадстаўніца Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Аляксандра Кулаева запэўніла, што ўвага праваабаронцаў да сітуацыі ў Беларусі пасля таго, як раз’едуцца высокія госці, толькі ўзмацніцца.

У Паралельным форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі 60 беларускіх ды 25 замежных недзяржаўных арганізацый, дэлегаты з Парламенцкай асамблеі АБСЕ і еўрапейскіх амбасадаў. Напрыканцы была прынятая выніковая рэзалюцыя форума з прапановай усім інстытутам АБСЕ сістэматычна высоўваць патрабаванні аб верхавенстве закона і правоў чалавека ў Беларусі, рэгулярна праводзіць іх маніторынг і ацэнку, а таксама з патрабаваннем вызваліць з-за кратаў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку і рэабілітаваць у правах усіх былых палітзняволеных.


Другие публикации