Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Таццяна Вадалажская: Універсітэт больш не «вішанька» на «торце» адукацыйнай сістэмы
Месца Універсітэта ў сучасным свеце кардынальна мяняецца. Як і з кім выбудоўваць стасункі падчас «дажджу інавацый»?
Напчатку ліпеня супольнасць Лятучага ўніверсітэта правяла традыцыйны летнік, які сёлета прайшоў на хутары Шаблі. Калі летась удзельнікі летніка разважалі над тэмай гульні, то ў гэтым годзе ўніверсітэцкі летнік стаў спробай пошуку адказаў на пытанне, як жыць і мысліць далей у гэтай зменлівай эпосе інавацый, у якую мы няўмольна паглыбляемся.
— Тэма летніка гучала як «Гэты дзіўны новы свет», і тут мы бачым відавочную адсылку да антыўтопіі Хакслі, — распавяла Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская. — Летнік, у пэўным сэнсе, падсумоўвае тое, што мы рабілі цягам года. Сапраўды, сёлета мы праводзілі гульню, спрабуючы асэнсаваць стасункі чалавека, тэхнікі і тэхналогій.
Наш летнік мае традыцыйны склад і сталыя формы працы: агульные пасяджэнні, дзе мы разгортваем тэму летніка, другі рэжым працы — т.зв. адкрытая кафедра, на якую ўдзельнікі могуць прапаноўваць самыя розныя тэмы, і яшчэ адзін складнік — клубная прастора, дзе адбываецца больш павольная камунікацыя. Падчас пленарнага пасяджэння было некалькі дакладаў, дзе мы вельмі па-рознаму разглядалі тэму інавацый: ад неабходнасці пераасэнсавання праграмы культурнай палітыкі Уладзіміра Мацкевіча, тэмы Універсітэта ў варунках новага часу, да ўяўлення пра чалавечы і гуманітарны складнік (напрыклад, Таццяна Шчытцова распавядала пра стасункі паміж пакаленнямі). Яшчэ ў нас быў цікавы па сваім месцы ў летніку даклад Нікі Выгоўскай, звязаны з прадстаўленнем пэўнай мадэлі новага свету, якая прапаноўвала, фактычна, новую ўтопію, хоць выглядала, хутчэй, як антыўтопія. У ёй прапаноўвалася аптымізацыя чалавечай дзейнасці, каб выжыць у гэты час.
Падчас летніку было некалькі прыемных момантаў, звязаных з адчуваннем супольнасці. Напрыканцы ў рэфлексіях шмат хто ўзгадваў, што калі на першых летніках мы разумелі, што нам трэба прыдумваць нешта адмысловае, каб адчуць супольнае чалавечае адзінства, то цяпер гэта адбываецца натуральным чынам. А яшчэ наша карпарацыя «Convent Ludenia» зладзіла ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 200-годдзю Таварыства філаматаў, спрабуючы выбудаваць свае стасункі з той традыцыяй супольнасці. Было прыемна, што тыя, хто не належыць да карпарацыі, таксама прымалі ўдзел. Мы спявалі песні і чыталі ўрыўкі з лістоў філаматаў — атрымалася такая вельмі добрая стылёвая вечарына.
— Ці знайшлі адказы на пытанні, якія ставілі перад сабой і над якімі разважалі ўдзельнікі летніка?
— Звычайна на такія пытанні ўзнікае яшчэ больш пытанняў, чым адказаў. Мы ўжо больш за год спрабуем ухапіць сутнасць часу, будучыні, якая, фактычна, ужо наступіла. І нам трэба нейкім чынам ёй адпавядаць. Мы шмат гаварылі пра тое, што ў нас нават мовы няма, каб адэкватна схапіць феномены, якія адбываюцца цяпер. Бо цяпер усё «пост-»: постпраўда, постсучаснасць, постпалітыка. Гэта ўсё ад таго, што бракуе мовы, каб зразумець сутнасць з’явы. Таму мы не ставілі за мэту прыйсці да канчатковых высноў, мы па-ранейшаму спрабуем зразумець гэты свет, таму абмяркоўваем выклікі, якія ёсць і якіх няма, і тое, як змяняецца месца Універсітэта ў сучасным свеце, бо яно кардынальна мяняецца. Сёння мы разумеем, што яно больш не забяспечваецца мінулымі сувязямі, і нам трэба шукаць сабе новае месца, выбудоўаць стасункі з пэўнымі суб’ектамі, супольнасцямі ці тымі, хто вызначае далейшы час. І гэта, хутчэй, праблемнае поле, чым поле адказаў і канкрэтных планаў. Хаця, зразумела, што нейкія планы ёсць.
— Выбудоўваць стасункі цяпер трэба з тымі, хто працуе ў сферы тэхналогій і інавацый?
— Прынамсі, інавацый. Але праблема ў тым, што інавацыі, якія да нас прыходзяць, — і тэхнічныя, і нетэхнічныя, — яны ўсе на нас уздзейнічаюць. І пытанне ў тым, у якіх стасунках мы з імі знаходзімся: ці то мы — тыя, хто іх робіць, шукае, рэалізуе, ці то мы — тыя, хто іх церпіць, ці мы супраціўляемся ім. Трэба зразумець, хто сёння вядзе рэй — і гэта не тыя сацыяльныя групы і пазіцыі, якія звычайна выглядаюць галоўнымі. Бо калі ў мадэрным часе Універсітэт як сацыяльная інстытуцыя выбудоўваў свае стасункі з дзяржавай і царквой, то сёння ўзнікае пытанне, ці трэба Універсітэту выбудоўваць менавіта гэтыя стасункі, ці з бізнес-супольнасцю, ці з супольнасцю па-за інстытуцыяў? Усе спробы глядзець на гэтыя стасункі становяцца вельмі хісткімі.
— Гэта новы выклік для Універсітэта?
— Так, гэта новы выклік для самавызначэння месца Універсітэта ў новым свеце, які вельмі ўмоўна можна пазначыць светам інавацый. Гэта не паступовае развіццё, якое было ў мадэрным свеце. Сёння мы бачым, як вельмі трапна сказаў Андрэй Ягораў, дождж інавацый, якія на нас звальваюцца і змяняюць асяродак, не надта стасуючыся адна з адной. Гэта не нейкія праграмныя змены, калі мы бачым перспектыву і паступова крочым да яе, а гэта змены свету, якія, хутчэй за ўсё, не закладваюцца ў кожную з інавацый асобна.
— А як змяняцца ў адпаведнасці з гэтымі інавацыямі, і пры гэтым не здрадзіць сабе?
— Гэта самае складанае пытанне, бо гэта, фактычна, пытанне, чым ты ёсць сёння. Чым быў Універсітэт, чалавек, філосаф, навуковец у мадэрным грамадстве, мы разумеем. А якія функцыі яны выконваюць сёння? Абмяркоўваючы месца Універсітэта ў сістэме адукацыі, мы кажам, што раней ён быў як вішанька на торце адукацыйнай сістэмы, а сёння ўжо сама гэтая строга выбудаваная сістэма разбураецца. Архітэктура сістэмы адукацыі, дзе чалавек абавязкова адну за адной праходзіць усе прыступкі (дзіцячы садок, школа, прафесійная ўстанова) разбураецца, і чалавек атрымлівае адукацыйныя здабыткі з абсалютна розных бакоў, чалавек сам становіцца «месцам зборкі» ўласнай адукацыі.
— Сам сабе універсітэт?
— Сам сабе адукатар. Але пры гэтым здольнасці сабраць усё наўрад ці ёсць у шараговага чалавека. Тады паўстае пытанне, што такое павінна быць у чалавеку, каб ён мог арыентавацца ў свеце адукацыі, працы, у розных карцінах свету. І што тады робіць Універсітэт? Магчыма, ён і павінен даваць чалавеку прастору, каб ён мог сам сабе збіраць веды.
— Усе гэтыя змены, пра якія мы кажам, паўплываюць на адукацыйную праграму Лятучага?
— Я спадзяюся, што паўплываюць, хоць пакуль дакладна не магу сказаць, што канкрэтна зменіцца. Агульная архітэктура Лятучага ўніверсітэта, напэўна, пакуль застанецца такой жа, але я думаю, што мы паспрабуем узмацніць складнік самавызначэння і працу з людзьмі, гатовымі шукаць уваходы ў гэты новы свет.
— Лятучы заўжды даваў штуршок тэме нацыянальнай ідэнтычнасці. Як яна перакрыжоўваецца ці не перакрыжоўваецца з тэмай інавацый?
— Напэўна, яна перасякаецца менавіта як праблемная. Бо ў нестабільных варунках з розных карцін свету, розных культур, падыходаў, моў мыслення ўяўленне пра нацыянальную ідэнтычнасць традыцыйнае. Яно сёння патрабуе пераўсведамлення: якое месца яно займае для сучаснага чалавека, які жыве ў свеце стварэння інавацый? Бо яны, асабліва тэхнічныя, універсальныя для ўсяго свету, і гэта вельмі моцна звязана з адчуваннем чалавека сябе як часткі глабалізаванага свету. З гэтым складана разбірацца тэарэтычна, і тут важна выйсці на камунікацыю з тымі людзьмі, беларусамі, якія жывуць у свеце вытворчасці інавацый. І такім месцам камунікацыі людзей «першага свету» і «другога свету» павінен стаць Лятучы ўніверсітэт. Паводле тыпалагізацыі свету адносна стасункаў з інавацыямі Уладзіміра Мацкевіча, «першы свет» — гэта людзі, якія займаюцца вытворчасцю інавацый і першымі іх спажываюць, «другі свет» — тыя, хто арыентуецца, хутчэй, на спажыванне і даганянне, а «трэці свет» — тыя, хто ўступае з імі ў супраціў.
У нас крыху раней была гульня, дзе было вельмі абвостранае разуменне складанасці камунікацыі пры агульным імкненні да яе, было не зразумела, пра што і як нам размаўляць. І нам неяк трэба выйсці на гэтую камунікацыю і на разуменне супольнага дзеяння — інтэлектуальнага, сацыяльна-палітычнага.
— Вы і раней спрабавалі шукаць гэтыя шляхі: шэраг публічных лекцый, Тыдзень беларускага мыслення... Ці ёсць новыя праекты, якія стануць наступнай спробай выхаду на камунікацыю?
— Не магу цяпер назваць канкрэтныя праекты, але мне здаецца, што нам важна выйсці за межы культурна-гуманітарнага асяродку да людзей, якія працуюць з дадзенымі, тэхналогіямі, сучасным бізнесам. Праўда, тут шмат перашкодаў, апроч мовы — уяўленняе пра свет і пра тое, для чаго мы патрэбныя адзін аднаму. Я думаю, што ў нас наконт гэтых «Іншых» вельмі шмат стэрэатыпаў. І наадварот. Але сутнасць чалавека — у пэўным сэнсе, у развіцці, якое адбываецца праз пераадоленне незразумелага, невыканальнага, немагчымага, якое ўзнікае толькі тады, калі мы сустракаемся не з такім, як мы, а з Іншым.
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»