13 сакавіка ў Гродна — сустрэча з Уладзімірам Мацкевічам і Таццянай Вадалажскай

08.03.2018
Лятучы ўніверсітэт

13 сакавіка 2018 года ў гарадзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская прадставяць тэму: «Беларуская адукацыя паміж глабальнымі выклікамі і мясцовай палітыкай».

Праблемы адукацыі — тэма не толькі вечная, але і надзвычай актуальная. З захапленнем і трымценнем мы чытаем прагнозы пра будучыню і змены ў патрабаваннях да адукацыі новага чалавека, пра эксперыменты ў фінскіх школах, пра неверагодныя магчымасці новых праграм. Пры гэтым назіраем вакол і знаходзім сябе ўключанымі ў мясцовыя практыкі: выгнання выкладчыкаў з універсітэтаў, разбурэння навуковых школ, рэгулявання кожнага кроку, перавядзення норм балонскага працэсу ў малаасэнсаваны спіс фармальных патрабаванняў.

Дык дзе ж Беларусь знаходзіць сябе ў працэсах радыкальных адукацыйных змен? Як вызначацца ў гэтых складаных абставінах? Якія пытанні і праблемы актуальныя ў беларускім кантэксце? На што арыентавацца кожнаму і супольна?

Пра гэтыя пытанні пойдзе гаворка падчас сустрэчы з аўтарамі дыстанцыйнага курса «Сучасная адукацыя: радыкальныя змены»Уладзімірам Мацкевічам, філосафам і метадолагам, заснавальнікам Лятучага ўніверсітэта, і Таццянай Вадалажскай, сацыёлагам і метадолагам, праграмным каардынатарам Лятучага ўніверсітэта.

Дыскусійная сустрэча з Уладзімірам Мацкевічам і Таццянай Вадалажскай на тэму «Беларуская адукацыя паміж глабальнымі выклікамі і мясцовай палітыкай» адбудзецца 13 сакавіка (аўторак) у «Цэнтры гарадскога жыцця» (Гродна, вул. Савецкая, 3-5, уваход праз арку). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Сустрэча адбудзецца ў межах кампаніі «ВЕДЫ ONLINE», што арганізуе серыю дыскусійных сустрэчаў у гарадах Беларусі з выкладчыкамі Дыстанцыйнай платформы Лятучага ўніверсітэта.

Анлайн і афлайн — два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. Анлайн — гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасць. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні.

Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэту прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы «ў жывую» — магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.


Другие публикации