17 снежня ў Мінску — сустрэча з Адамам Міхнікам «[Не]свая краіна»

04.12.2018
Лятучы ўніверсітэт

17 снежня 2018 года Лятучы ўніверсітэт і Галерэя TUT.BY запрашаюць абмеркаваць вострыя пытанні сучаснасці з легендарным польскім дысыдэнтам, грамадскім дзеячом і журналістам Адамам Міхнікам.

Адам Міхнік — адзін з выбітных дзеячоў эпохі злому камуністычнай сістэмы Польшы, чые пазіцыя і дзеянні і сёння не страцілі ні актыўнасці, ні ўстаноўкі нон-канфармізму — наведае Мінск у межах фестывалю дакументальных фільмаў пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus 2018. Ён з’яўляецца галоўным героем аднаго з фільмаў фестывалю. Заснавальнік «Gazety Wyborczej», якая на працягу амаль 30 год застаецца адным з галоўных польскіх медыя, сп. Міхнік па-ранейшаму «патрабуе немагчымага», рухаецца супраць плыні і адстойвае свае ідэалы і каштоўнасці.

17 снежня, у панядзелак, Адам Міхнік выступіць перад мінскай публікай, разважаючы пра ўстаноўкі, лад жыцця і дзеянні грамадзяніна, які вымушаны жыць ва ўмовах (не)сваёй краіны. Пасля злому таталітарных рэжымаў панятак «дысыдэнт» павінен быў сысці з гістарычнай і палітычнай сцэны. Але беларуская рэчаіснасць і «аўтарытарны рэванш» у некаторых еўрапейскіх краінах наноў ставяць пытанне аб магчымасці рэалізаваць свае каштоўнасці і ўстаноўкі ў межах легальнага грамадскага і палітычнага працэсу.

Межы кампрамісу і калабарацыі, дылема эміграцыі і патрыятызму, індывідуальныя стратэгіі і салідарныя дзеянні — асноўныя пытанні, што будуць абмеркаваныя ў выступе.

Сустрэча з Адамам Міхнікам «[Не]свая краіна» адбудзецца 17 снежня, у панядзелак, у Галерэі TUT.BY (Мінск, прасп. Дзяржынскага, 57). Пачатак у 19.00. Колькасць месцаў абмежаваная, таму для ўдзелу неабходна зарэгістравацца!

Сачыць за навінамі мерапрыемаства можна праз адмысловую старонку ў Фэйсбуку.

Паказ фільма «Міхнік: «Будзь реалістам, патрабуй немагчымага» адбудзецца 15 снежня, у суботу, у межах фестывалю дакументальных фільмаў пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus’2018 у Культурным хабе «OK16» (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак у 19.00.

UPD.: Відэазапіс публічнай сустрэчы:


Другие публикации