Беларусь гарантуе «спрыяльныя ўмовы» для перамоў Расіі і Украіны

03.04.2014
Уладзимир Глод, Радыё «Свабода»

Пра гэта сёння заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытаньне Радыё «Свабода».

Ён падкрэсліў, што Мінск зацікаўлены ў наладжванні кантактаў паміж Кіевам і Масквой. Некаторыя эксперты называюць гэта «рытарычна-сімвалічнымі дзеяннямі, якія маскіруюць дэ-факта падтрымку расійскай інтэрвенцыі з боку кіраўніка Беларусі».

У пятніцу, 4 красавіка ў Мінску «на нейтральным полі» нібыта павінны былі сустрэцца намеснікі міністраў замежных спраў Украіны і Расеі. Аднак гэтыя перамовы расійскі бок нечакана адмяніў. З Масквы паведамілі, што намеснік міністра Рыгор Карасін не зможа прыехаць у Мінск. Такая інфармацыя з’явілася ў медыях са спасылкай на ўкраінскіх дыпламатаў.

«Наколькі гэта інфармацыя праўдзівая?» — спытаў сёння карэспандэнт Радыё «Свабода» прэсавага сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка. Той адказаў так:

«Рашэнне аб правядзенні сустрэчы — гэта рашэнне расійскага і ўкраінскага бакоў. Калі яны вырашаць правесці адпаведную сустрэчу і абяруць для яе правядзення Мінск, то беларускі бок зробіць усё неабходнае, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для адпаведных перамоў. Але ініцыятыва — у руках нашых украінскіх і расійскіх суседзей-сяброў».

Перамовы паміж Масквой і Кіевам могуць праходзіць як з удзелам пасярэднікаў, так і наўпрост, без іх — мяркуе мінскі палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў:

«Можна быць пасярэднікам. Але я ўпэўнены: калі бакі саспеюць для перамоў, ім ніякі пасярэднік не будзе патрэбны. Беларусь можа быць пасярэднікам. Можа нават быць і не адзіным пасярэднікам. Аднак, я думаю, што да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне нейкія зрухі там адбудуцца».

Беларусь, якая цягам 2013 года ачольвала Садружнасць Незалежных Дзяржаў, гатовая зноў узяць на сябе адпаведныя функцыі замест Украіны. Пра гэта сёння таксама заявіў Дзмітрый Мірончык. Украіна пасля крымскіх падзей перадала ў Выканкам СНД ноту пра спыненне свайго старшынства ў гэтай арганізацыі. Пытанне аб новым кіраўніку Садружнасці будзе абмяркоўвацца 4 красавіка падчас сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў СНД у Маскве.

«Штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Мінску. І лагічна, што, пры адмове Украіны ад старшынства ў арганізацыі, яно пераходзіць менавіта да Беларусі», — падкрэслівае Андрэй Фёдараў.

«На мой погляд, ад гэтай структуры ўжо немагчыма атрымаць нейкія дывідэнды. Але пакуль яна існуе, трэба вырашаць пэўныя арганізацыйныя пытанні. А ў Беларусі ўсё ж ёсць адпаведны досвед. Яна летась была старшынёй у СНД», — дадае Фёдараў.

«Усе гэтыя рытарычныя ініцыятывы афіцыйнага Мінска скіраваныя на тое, каб паказаць, што ён нібыта займае нейтральную пазіцыю адносна расійскай агрэсіі», — гаворыць дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Беларускае кіраўніцтва хоча такім чынам схаваць сваю залежнасць ад Расіі ў гэтым геапалітычным кантэксце. Фактычна рэальныя дзеянні Беларусі робяцца насуперак інтарэсам Украіны. Наша краіна фактычна не падтрымлівае яе тэрытарыяльную цэласнасць, размяшчае на сваёй тэрыторыі расійскія самалёты.

А ўсялякія інтэрв’ю Лукашэнкі, прапановы Мінска як месца для сустрэчы, заявы МЗС — гэта ўсё рытарычна-сімвалічныя дзеянні, якія маскіруюць дэ-факта падтрымку расійскай інтэрвенцыі».


Другие публикации