Отступление об оппозиции.
Стварэнне нацыянальнай гісторыі ў Беларусі: як далёка мы адыйшлі ад ХІХ стагоддзя
Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі выдаў зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?», праведзенай 22 лістапада 2013 года ў Мінску.
Прапануем вашай увазе тэкст «Стварэнне нацыянальнай гісторыі ў Беларусі: як далёка мы адыйшлі ад ХІХ стагоддзя» аўтарства сацыёлага, даследчыка гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці, кандыдата сацыялагічных навук (PhD), супрацоўніка Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», намесніка рэдактара часопіса «Belarusian Political Science Review» Аляксея Ластоўскага.
* * *
Размова пра беларусізацыю напачатку ХХІ стагоддзя адразу ж патрапляе ў шырокі і насычаны кантэкст дыскусій пра нацыянальныя ідэнтычнасці, глабалізацыю, універсальнае і партыкулярнае і г.д. Гэтых спрэчак у беларускім выпадку таксама не абмінуць, патрэбна нейкае вызначэнне пазіцый, наколькі мы гатовыя падтрымліваць мадэрнісцкія праекты нацыябудаўніцтва, ці намерваемся іх пераглядаць (а можа, і адкідваць?) згодна з патрабаваннямі постмадэрнага духу.
У гэтых дыскусіях ясна вымалёўваюцца два скрайнія полюсы: першы — радыкальная рэстаўрацыя беларускай нацыі на этнакультурных падставах з выключэннем іншых моўных і культурных магчымасцей; на другім — касмапалітычнае адмаўленне лакальных ідэнтычнасцей як архаічных і рэпрэсіўных у дачыненні да індывідуальнага выбару. Выдаецца, што нейкае пагадненне і канструктыўная праца можа весціся толькі пры адмаўленні экстрэмальных пазіцый, пры пошуку нейкіх кампрамісных шляхоў, няхай менш ясных і паслядоўных.
У дадзеным дакладзе я паспрабую пазначыць неабходнасць перагляду той тэарэтычна-метадалагічнай мадэлі гістарыяпісання, якая атрымала назву «нацыянальная гістарыяграфія», менавіта ў такім духу — крытычнай, але паважлівай рэвізіі створанага канону, дастасавання яго да патрэбаў часу.
Я думаю, што няма асаблівай патрэбы ў чарговым высвятленні важнасці гістарычнай памяці і гістарыяграфіі для фармавання, усталявання і пашырэння нацыянальнай ідэнтычнасці. На гэты конт напісаны сотні і тысячы тэарэтычных прац і даследаванняў. Сувязь гэта настолькі відавочная, што практычна ва ўсіх апісаннях складнікаў нацыянальнай ідэнтычнасці адно з першых месцаў займае гістарычная памяць.
Згадаю толькі класічнае выказванне Эрнеста Рэнана ў выступе «Што такое нацыя?» (1882), якая стала падмуркам далейшых прац на гэты конт: «Нацыя — гэта душа, духоўны прынцып. Дзве рэчы, якія з’яўляюцца ў сутнасці адною, складаюць гэтую душу, гэты духоўны прынцып. Адна — у мінулым, іншая — у будучым. Адна — гэта агульнае ўладанне багатай спадчынай успамінаў, іншая — агульная дамова, жаданне жыць разам, працягваць разам карыстацца пазасталай непадзеленай спадчынай» [1].
Адмысловае значэнне для фармавання гістарычнай памяці набывае гісторыяпісанне, рэгуляванае акадэмічнае поле, якое стварае грамадска прызнаную веду пра мінулае паводле ўнутраных правілаў. Як паказвае «гісторыя гісторыкаў», развіццё гісторыяпісання заўсёды шло поруч з працэсамі дзяржаўнага будаўніцтва, заўсёды было моцна завязанае на інтарэсы дзяржавы і грамадства: гісторыя можа як усталяваць легітымнасць улады, так і эфектыўна яе аспрэчыць. Нічога дзіўнага, што пра выбуховым развіцці нацыяналізмаў у Еўропе ХІХ стагоддзя ў такім жа эктэнсіўным тэмпе пашыраюцца прынцыпы нацыяльнай гістарыяграфіі, дзе галоўным суб’ектам гістарычнага працэсу з’яўляецца нацыя.
Гісторыкі становяцца нацыябудаўнікамі. Само напісанне нацыянальнай гісторыі ў такіх умовах ператваралася ў жыццёва важную справу для існавання нацыі як такой, бо адсутнасць такой гісторыі адразу давала падставы для панавання суседніх нацый, якія валодалі неабходнымі традыцыямі дзяржаўнасці. Як піша адзін з лепшых сучасных даследчыкаў прынцыпаў нацыянальнай гістарыяграфіі Стэфан Бергер, «гісторыкі мелі ключавое значэнне для дыскурсаў нацыянальнай ідэнтычнасці, паколькі яны ўкаранялі сучаснасць у жыццяздольнай мінуўшчыне, і, такім чынам, гарантавалі будучыню нацыі» [2]. Пытанне дзяржаўнасці якраз было прынцыповым, паколькі на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя гісторыя як такая атаясамлялася з палітычнай гісторыяй, і таму пра існаванне нейкай нацыі можна было казаць толькі ў тым выпадку, калі яна валодала гісторыяй уласных палітычных інстытутаў [3]. Для «негістарычных» жа нацый Цэнтральна-Усходняй Еўропы стварэнне нацыянальнай гісторыі толькі і давала магчымасць выйсці з ценю, заявіць пра сваё існаванне, акрэсліць нацыянальны абшар і ўрэшце запатрабаваць палітычнай самастойнасці.
Як піша Энтані Сміт, лідэры нацыянальнага руху (у першую чаргу, мясцовая інтэлігенцыя) стваралі ўласныя праекты нацыянальнай ідэнтычнасці, наноў адкрываючы «сапраўдную» этнічную гісторыю і ствараючы натхнёныя расповяды пра гістарычную пераемнасць з гераічным мінулым [4]. Нацыяналістычную інтэлігенцыю Сміт называе «палітычнымі археолагамі», паколькі яна імкнулася не столькі вярнуцца да мінулага, колькі аднавіць яго некрануты этас і адбудаваць мадэрную нацыю праз вобраз былой этнічнай супольнасці [5].
Паралельна з гэтым працэсам фармуліроўкі палітычных патрабаванняў нацыянальнага самавызначэння ідзе ўсталяванне і кадыфікацыя спецыфічнага тыпу гістарычнай веды, які потым атрымае назву «нацыянальная гісторыя» альбо, больш дакладней, «нацыянальная гістарыяграфія». Новая акадэмічная дысцыпліна пачала працаваць у цеснай сувязі з напісаннем гістарычнай літаратуры: іх агульнай мэтай было стварэнне адзінай гістарычнай персоны — нацыі. Нацыя складаецца з герояў і прыхільнікаў, але яе трэба было суб’ектывізаваць і як асобу з уласным жыццём, з перыядамі росквіту і заняпаду. Дзеянні дзяржавы маглі ўспрымацца толькі ў той ступені, наколькі яны адпавядалі волі нацыі. «Нацыянальныя гісторыкі і пісьменнікі былі ўцягнутымі ў сімбіятычнае ўзаемадзеянне з гісторыяй, якое па сутнасці і вызначала нацыянальнае з дапамогай аўтарытэта навуковай веды» [6].
Сімбіёз гісторыі і нацыі перажыў ХІХ стагоддзе, і адразу ж пасля аднаўлення незалежнай беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе ў нашай краіне зноў пачаліся дыскусіі пра неабходнасць усталявання нацыянальна-арыентаванай канцэпцыі гісторыі. На жаль, гэтыя дыскусіі разгортваліся ў не дужа спрыяльных грамадска-палітычных умовах, асабліва пасля 1995 года, і шматлікія спрэчныя пытанні да гэтага часу альбо застаюцца ў статусе рэлігійных аксіём пераследаваных ерэтыкоў, альбо навогул выводзяцца па-за абмеркаванне.
У сваім дакладзе я толькі коратка разгледжу генезіс нацыянальнай гістарыяграфіі ў беларускім выпадку, каб паказаць, адкуль і як узніклі яе асноўныя прынцыпы. Гэта паглыбленне ў археалогію веды дазволіць нам ясней зразумець, у якім становішчы мы знаходзімся зараз, у пачатку ХХІ стагоддзя: што мы ўспадкавалі і што варта было б з гэтай спадчынай зрабіць.
Генеалогія беларускага гісторыяпісання не менш заблытаная, чым генеалогія беларускай нацыі. У ХХ стагоддзі ўжо можна казаць пра ясныя катэгорыі мовы і ідэнтычнасці, якія дазваляюць больш-менш бязбольна каталагізаваць гісторыкаў і іншых інтэлектуалаў па нацыянальных лагерах. Але калі сыходзіць да вытокаў нацыянальнага канону, у ХIХ стагоддзе, час хваравітага злому папярэдніх ідэнтычнасцей (Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай), то мы маем справу з пераходамі, трансфармацыямі, існаваннем разнастайных праектаў ідэнтычнасці (шмат з якіх навогул не рэалізаваліся ў палітычнай практыцы), і толькі механічныя аперацыі дазваляюць уніфікаваць інтэлектуальнае жыццё таго часу па нацыянальных прыкметах.
Тым не менш, генеалогію беларускага гісторыяпісання можна аднавіць, нават з умоўнымі этапамі: 1) напісанне гісторыі краю, акрэсленага гістарычнага абшару; 2) распрацоўка нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі; 3) напісанне гісторыі Беларусі на беларускай мове. Справа ідзе менавіта пра паступовае, паэтапнае з’яўленне тых канцэптуальных блокаў, з якіх урэшце ў канцы ХІХ выбудуецца паўнавартасны «дом» нацыянальнай гістарыяграфіі.
Пачаткі беларускай гістарыяграфіі ў любым выпадку давядзецца шукаць у Віленскім універсітэце, асноўным інтэлектуальным цэнтры для ўсяго Паўночна-Заходняга краю (і, натуральна, для беларускіх земляў) у першай траціне ХIХ стагоддзя. Часцяком гэты ўніверсітэт і праводзімую ім адукацыйную палітыку вінавацяць у паланізацыі мясцовай беларускай эліты, як гэта робіць, напрыклад, вядомы гісторык Захар Шыбека [7]. Аднак гэта адназначнае атаясамленне ўніверсітэта як цэнтра паланізацыі не ахоплівае разнастайнасці пазіцый універсітэцкай прафесуры. Найвялікшым аўтарытэтам сярод выкладчыкаў гісторыі ў Віленскім універсітэце карыстаўся Яўхім Лялевель, які «стаў сапраўдным бацькам» польскай гісторыі як дысцыпліны [8]. Так, Лелевель выбудоўвае карціну эгалітарнай супольнасці старажытных палякаў, дзе квітнела народаўладдзе (gminowladztwo) ці народная дэмакратыя. Падобная ідэалізацыя мінулага засноўвалася і на вылучэнні тых уласцівасцей і якасцей, якія былі неабходнымі для нацыянальнага адраджэння. Па думцы Лелевеля, такімі рысамі для старажытных палякаў былі каханне да вольнасці, актыўная палітычная пазіцыя, грэбаванне раскошай, разважлівая адвага і лагоднасць [9].
Уплыў поглядаў знакамітага прафесара прыкметны і ў працах яго вучня — Адама Міцкевіча, асабліва ў парыжскіх лекцыях, дзе мы знаходзім бачанне Польшчы як краіны, у якой ніколі не існавалі ніякія «прадуманыя» інстытуты, дзе «ўся ўлада абапіралася на запал», але пры гэтым існавалі вольныя выбары і ідэал аднадумства. Палякі, па меркаванні выхадца Навагрудчыны, былі ўнікальным у гісторыі народам, які заўсёды імкнуўся абапірацца толькі на «ўнутраныя схільнасці і добрую волю».
Тым не менш, як лічыць Алег Латышонок, менавіта ў гэтым агмені польскасці, якім была ў той час Вільня, сярод уніяцкай прафесуры ўніверсітэта пачала крышталізавацца беларуская нацыянальная думка [10]. Гаворка ідзе пра прафесараў Віленскага ўніверсітэта Міхала Баброўскага і Ігната Даніловіча, выхадцаў з уніяцкага асяроддзя Беласточчыны. «Менавіта іх заслугай у значнай ступені было абуджэнне ва ўтвораным грамадстве цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага, асабліва «рускай» часткі гэтай спадчыны, а таксама да народнай сялянскай культуры і беларускай мовы» [11]. Аднак, нягледзячы на тое, што і Баброўскі, і Данілавіч сабралі і апублікавалі мноства юрыдычных і гістарычных дакументаў, цэласную гісторыяграфічную школу яны так і не сфармавалі. Як адзначае Павел Церашковіч, «паказальна, што адным з найболей вядомых вучняў Міхала Баброўскага і Ігната Даніловіча быў заснавальнік літоўскай нацыянальнай гістарыяграфіі Шыманас Даўкантас», але ў той жа час не было вучняў, якія б развівалі беларускую нацыянальную гістарыяграфію [12]. Ужо на першым этапе яскрава выявіліся дзве праблемы, з якімі давядзецца змагацца беларускім гісторыкам надалей: патрэба вылучэння ўласнай беларускай з кантэксту гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама праблема запозненасці і адставання самаўсведамлення і самаапісання ад паралельных працэсаў у суседніх нацый.
Першай жа сінтэтычнай працай па гісторыі краіны стала апублікаваная ў 1857 годзе ў Санкт-Пецярбургу «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» Восіпа (Іосіфа) Турчыновіча. Найбуйнейшы беларускі гістарыёграф савецкага перыяду Мікалай Улашчык такім чынам ацэньваў гэту працу: «Якая ні прымітыўная праца Турчыновіча, гэта ўсё ж такі першая, прысвечаная проста і непасрэдна Беларусі, прычым яе аўтар рупліва вывучыў літаратуру і крыніцы, што меліся тады, і давёў сваё апавяданне да далучэння паўночна-ўсходняй Беларусі да Расіі, г.зн. да 1772 года, чаго не зрабіў ні ў той час, ні шмат гадоў пазней, ніхто іншы» [13]. Асноўны і найбольш істотны крок, прароблены Турчыновічам — гэта стварэнне цэласнага гістарычнага наратыву, у цэнтр якога пакладзена Беларусь. Натуральна, пры гэтым адмысловае значэнне мае лакалізацыя гэтай тэрыторыі — у Турчыновіча яна не супадае з тэрытарыяльна-адміністрацыйным дзяленнем Расійскай імперыі (т.зв. Беларускія губерні), але валодае вызначанымі межамі («краіна паміж Дзвіною, Дняпром і Друццю»), г.зн. маецца на ўвазе паўночна-ўсходняя частка сучаснай тэрыторыі краіны.
Разам з тым, гэта далёка яшчэ не гісторыя этнаса і, тым больш, нацыі. Гэта гісторыя зямлі, пазбаўленай палітычнай суб’ектнасці. «Беларусь мае сваю ўласную гісторыю», але гэта гісторыя сталых чужых палітычных умяшанняў («бяздольны край»), зусім не гісторыя стварэння палітычнага, эканамічнага і культурнага парадку мясцовым насельніцтвам. Мясцовы жыхар ніяк не маркіраваны этнічна, гэта мірныя земляробы, якія ўвесь час падпарадкоўваюцца чужароднай палітычнай волі. Натуральна, сам модус апавядання ў Турчыновіча трагічны, што падкрэсліваецца і ў гістарыясофскім эпілогу да працы: «Этим и покончим обозрение истории Белоруссии. Неотрадна ее прошедшая судьба: вечное поприще военной бряни, при которой беззащитный здешний земледелец, безспрестанно переходил с новоселья на попелище. До принесения сюда света христианства и с ним первых лучей гражданственности, это был край наживы и покормки для соседних народов; потом, кровавое позорище братних междуусобий; затем, новые войны между установившимися вокруг государствами, новыя движения ратей, оставлявших за собою кучи пепла и потоки крови» [14]. Адсутнасць гістарычнай суб’ектнасці Беларусі немінуча вядзе за сабою і адсутнасць магчымасцей для палітычнай самастойнасці ў сучаснасці. Магчыма, таму згадкі пра працу Турчыновіча можна знайсці толькі ў адмысловых гісторыяграфічных даследаваннях. Тым не менш, нельга адмаўляць яе ўплыў як першага абагульненага гістарычнага наратыву, дзе прадметам з’яўляецца гісторыя Беларусі.
Само ж станаўленне цэласнага і разгорнутага гістарычнага наратыву з беларускіх нацыянальных пазіцый адносіцца да канца ХІХ стагоддзя. Першай разгорнутай і абгрунтаванай, у адпаведнасці з тагачаснымі навуковымі нормамі, кадыфікацыяй уяўленняў пра беларускую нацыянальную гісторыю можна смела назваць вялікі артыкул Мітрафана Доўнар-Запольскага «Белорусское прошлое», які быў апублікаваны на рускай мове ў «Минском листке» ў 1888 годзе. Адзначым найбольш уплововыя сюжэты гэтага тэксту:
- адмаўленне палітычнай і этнічнай еднасці ўсходніх славян, а значыць, і існавання Кіеўскай Русі як першавытока дзяржаўнасці («старажытнарускія плямёны, якія не складалі адзінага этнаграфічнага цэлага, не ўяўлялі сабою і ніякага палітычнага цэлага») [15];
- вылучэнне Полацкага княства як нацыянальна самастойнай дзяржавы, ідэалізацыя яе дзяржаўнага ўкладу як рэспубліканска-дэмакратычнага («асаблівае развіццё вечавога парадку, а таму і нацыянальнай самастойнасці, мы бачым у жыцці Полацкага княства») [16];
- апісанне Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы, дзе панавала раўнапраўе і верацярпімасць, дзе беларускі народ «жыў самастойным жыццём, кіраваўся ранейшымі вечавымі парадкамі і, як культурна-паноўная нацыянальнасць, меў вялізны ўплыў на ўнутраныя і знешнія справы краіны» [17];
- супрацьпастаўленне беларускіх дэмакратычных парадкаў і схільнасцей маскоўскаму (расійскаму) аўтакратызму і польскаму шляхецкаму элітызму: «беларускі народ быў, перш за ўсё, па сваім гістарычным і народна-бытавым традыцыям, у вышэйшай ступені дэмакратычным», у той час як польская і літоўская дзяржавы «выключалі дэмас» [18], і нават надалей ідзе мова пра «рабство и отупение Московского народа».
Такім чынам, Доўнар-Запольскім у гэтым артыкуле была прапанаваная гатовая схема, якая цалкам укладвалася ў патэрны апісання сваёй гісторыі «негістарычнымі» нацыямі ў той час (варта заўважыць, што аўтар разглядае беларускі выпадак менавіта ў атачэнні нацыяльна-культурнага адраджэння ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе): падкрэсліванне старажытных гістарычных традыцый, адвечных дэмакратычных каштоўнасцей, першавытокаў дзяржаўнасці ў раннім Сярэднявеччы (Полацкае княства), далейшага росквіту культуры ў «залатую эпоху» (Вялікае княства Літоўскае), якая прыйшла ў заняпад у выніку агрэсіўных дзеянняў дэспатычных суседзей (Польшчы і Масквы). І што надзвычай важна: апісанне беларускай гісторыі ім прама атаясамлялася са справай нацыянальнага адраджэння, «абуджэння» народа, актыўнай грамадскай, навуковай і культурнай дзейнасцю.
І фінальным крокам па ўсталяванню канона нацыянальнай гістарыяграфіі ў беларускай версіі можна лічыць публікацыю «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага ў 1910 годзе, якая не шмат што дадала ў канцэптуальным плане да прапаноў Доўнар-Запольскага, але затое была напісана на беларускай мове. Гэты крок меў прынцыповае значэнне, ён звёў разам нацыю, тэрыторыю, гісторыю і мову ў адзіную цэласнасць, надзеленую глыбокім сэнсам.
Я вельмі падрабязна спыніўся на прадстаўленні ключавых тэкстаў для паўставання нацыянальнай гістарыяграфіі, паколькі менавіта там хаваюцца тыя праблемы, якія зараз усплываюць на паверхню, калі мы звяртаемся да гісторыі сваёй краіны:
- Тэлеалагічнасць гісторыі, калі мы з пазіцый сучаснасці (патрэб беларускага нацыянабудаўніцтва) пачынаем аналізаваць дзеянні продкаў, разам са стварэннем штучных матывацый і пабудовай ацэнкі ўчынкаў на падставе іх карыснасці ці адданасці беларускай справе;
- Ідэалізацыя мінулага, праз надзяленне нашых продкаў рысамі дэмакратычнасці і талерантнасці з адначасовай дэманізацыяй суседзяў;
- Выкарыстанне ў якасці асноўнай схемы адбору рэлевантных гістарычных фактаў выключна нацыянальнай тэрыторыі беларусаў, якая ў апошнія дзесяцігоддзі бачыцца толькі ў актуальных дзяржаўных межах Рэспублікі Беларусь. Натуральна, што сучасныя межы не супадаюць з гістарычнымі, што нараджае выцясненне і ігнараванне тых феноменаў, якія «выпадаюць» па-за межы;
- Этнічна маркіраваны падыход да культурна-гістарычных з’яў, выключэнне з аналізу і апісання іншых моўных і этнічных культур.
Некрытычнае ўспрыняцце прынцыпаў нацыянальнай гістарыяграфіі нараджае і феномен «вайны за спадчыну» (у Беларусі, на шчасце, слаба пашыраны сярод прафесійных гісторыкаў), калі гісторыя данацыянальных дзяржаваў пачынае актыўна і часам агрэсіўна дзяліцца паводле сучасных дзяржаўных межаў.
У вельмі рэдукаваным выглядзе нацыянальную гістарыяграфію можна прадставіць як зброю, мэтай якой было стварэнне нацыянальнай дзяржавы, і ўсе пералічаныя канцэптуальныя блокі мелі дакладнае прагматычнае прызначэнне. Але зброя ўжо спрацавала, мы жывем у незалежнай Беларусі, і задачы зараз перад намі стаяць іншыя, чым тое было ў ХІХ стагоддзі. На жаль, мінулае нас прыцягвае, нават у тэзісах пра «незавершанасць нацыябудаўніцтва», «адсутнасці гісторыі» і г.д. Па сутнасці, для беларускага гуманітарнага мыслення (не толькі для гісторыяпісання) зараз паўстае задача радыкальнага пераадолення сэнсавых каардынат, паўсталых у ХІХ стагоддзі.
Гэта не азначае разрыў з традыцыяй, растварэнне ў касмапалітычнай ідэнтычнасці, толькі цвярозае ўсведамленае змененай сітуацыі (беларуская дзяржава ўжо існуе!) і адпаведнай змены задач для інтэлектуальнай эліты. Калі ўжо зусім коратка, беларуская гістарыяграфія мусіць стаць інклюзіўнай, з уключэннем усіх культурных пластоў, адкрытай на дыялог з суседзямі, што можна назваць «постнацыянальнай» гістарыяграфіяй.
1. Ренан Э. Что такое нация? [Электронный ресурс] // Хронос. — Исторический интернет-портал. — Режим доступа (на 30.03.2014): http://www.hrono.ru/statii/2006/renan_naci.php, свободный. — Загл. с экрана.
2. Berger S. On the Role of Myths and History in the Construction of National Identity in Modern Europe. European History Quarterly. 2009, Vol. 39 (3). P. 493.
3. Hroch M. Národy nejsou dílem náhody. Příčiny a předpoklady utváření moderních evropských národů. Praha, 2009. P. 174.
4. Смит Э. Национализм и модернизм. Критический обзор современных теорий наций и национализма. — М., 2004. — С. 353.
5. Smith A.D. Myths and Memories of the Nation. Oxford: Oxford University Press, 1999. P. 19.
6. Hall P. Nationalism and Historicity. Nations and Nationalism. 1997, 3(1). P. 7.
7. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі. 1795-2002. — Мн., 2003. — С. 33.
8. Wandycz P. S. Poland. The American Historical Review. Vol. 97, No. 4, Oct., 1992. P. 1013.
9. Baar M. Historians and Nationalism. P. 176-177.
10. Латышонак А. Нацыянальнасць — беларус. — Вільня, 2009. — С. 382.
11. Токть С. Белорусы в эпоху формирования модерных европейских наций // Кравцевич А., Смоленчук А., Токть С. Белорусы: нация Пограничья. — Вильнюс, 2011. — С. 132.
12. Терешкович П. Этническая история Беларуси ХІX — начала ХХ в. — Мн., 2004. — С. 71.
13. Улашчык М. Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу «Белоруссия в XIII — середине XVI в.» // Беларускі гістарычны агляд. — 1996. — Т. 3. — Сш. 1. [Электронны рэсурс] // Беларускі гістарычны агляд. — Інтэрнет-версія часопіса. — Рэжым доступу (на 30.03.2014): http://www. belhistory.eu/ulashchyk-m-m-zaўvagi-na-nekatoryya-razdzely-rukapisu-belorussiya-v-xiii-seredine-xvi-v/, вольны. — Загал. з экрана.
14. Турчинович И.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. — Мн., 2006. — С. 253.
15. Довнар-Запольский М. Белорусское прошлое // Homo Historicus, 2008. — С. 309.
16. Тамсама, С. 311.
17. Тамсама, С. 322.
18. Тамсама, С. 323.
Электронную версію зборніка можна спампаваць у раздзеле «Бібліятэка».
З відэазапісам ходу канферэнцыі можна азнаёміцца, пяройдучы па спасылцы.
Другие публикации
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.3
Еще несколько добавлений про сети и сетевое общество.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.2
Сетевое общество и сетевая коммуникация уже давно в центре внимания культурологов и политологов. Сейчас эта тема обсуждается в связке с интернетом и таким интернет-явлением, как социальные сети.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.1
Доступно ли гражданское общество непосредственному наблюдению? Как его можно увидеть, зафиксировать, измерить?
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 9.2
Мужество иметь собственное мнение, о котором я говорил в предыдущем фрагменте, ничего не стоит без истинности этого мнения.
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»