Кангрэс даследчыкаў Беларусі адкрыўся ў Літве (Фота і відэа)

03.10.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Фота EuroBelarus.Info

IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі распачаў сваю працу 3-га кастрычніка ў Коўне (Літва). Гэта найбуйнейшая падзея для акадэмічнай супольнасці сабрала больш за 450 навукоўцаў з 20 краін свету.

Вядучы пленарнага пасяджэння Максім Жбанкоў / Фота Аксаны Шэлест

Жыццё пасля лакальнасці і Еўрамайдана

Ва Універсітэце Вітаўта Вялікага беларускія даследчыкі пачалі абмяркоўваць вынікі сваёй працы за год. У фокусе ўвагі Кангрэса традыцыйна не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Шырокая праблематыка — ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры — будзе разглядацца цягам трох дзён ў межах шэрагу навуковых панэлей.

«Даганяючыя рэвалюцыі ва Усходняй Еўропе. Ад «Салідарнасці» да «Еўрамайдана» — першы пленарны даклад, з якім выступіў вядомы ўкраінскі палітычны і культурны аналітык, прэзідэнт Украінскага ПЭН-цэнтра, пісьменнік, перакладчык і публіцыст Мікола Рабчук (Інстытут палітычных і этнанацынальных даследванняў НАН Украіны).

Мікола Рабчук / Фота EuroBelarus.Info

Трэба адзначыць, што ўкраінскі дакладчык выступаў на беларускай мове, а пленар сінхронна перакладаўся на ангельскую.

«Пасля лакальнасці: беларуская інтэлектуальная гісторыя найноўшага часу (1989-2014 гг.)» — з дакладам на гэтую тэму выступіў беларускі філосаф і літаратар Ігар Бабкоў.

Выступаюць з дакладамі: Мікола Рабчук і Ігар Бабкоў / Фота Аксаны Шэлест

Падчас дыскусіі на пленарным пасяджэнні / Фота Аксаны Шэлест

У наступныя дні Кангрэса — 4-га і 5-га кастрычніка — у межах навуковых секцый вялікая ўвага будзе нададзеная наступствам украінскага крызіса для Беларусі і рэгіёна, палітыцы Кітая ў дачыненні да краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, праблемам мясцовай палітыкі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і многім іншым праблемам.

У межах гуманітарнага блока будуць разглядацца праблемы гісторыі Вялікага княства Літоўскага, гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзяў, сучаснай беларускай культуры і літаратуры, гендэрных даследаванняў і г.д.

Фота EuroBelarus.Info

У Кангрэсе бяруць удзел супрацоўнікі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. У межах секцыі «Дзяржаўнае кіраванне, навука і адукацыя, грамадзянская супольнасць» 4-га кастрычніка, у суботу, прагучаць даклады:

  • Аксаны Шэлест: «Патэнцыял салідарнасці ў беларускай грамадзянскай супольнасці (па выніках даследавання)» (Панэль 4.4 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 1), 4-га кастрычніка (субота), 09.00-10.30);
  • Андрэя Ягорава: «Беларуская грамадзянская супольнасць: аналіз патэнцыялу салідарнасці» (Панэль 4.4 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 1), 4-га кастрычніка (субота), 09.00-10.30);
  • Святланы Анташкевіч: «Грамадзянская адукацыя ў Беларусі: магчымасці і перспектывы сацыяльнага партнёрства» (Панэль 4.5 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 2), 4-га кастрычніка (субота), 11.00-13.00);
  • Алёны Зуйковай: «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі: 2006-2012» (Панэль 4.5 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 2), 4-га кастрычніка (субота), 11.00-13.00).

Падчас Кангрэса таксама адбудуцца прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў.

Прыемнай узнагародай за плённую працу стане наданне Прэміі Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012-2013 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. У адрозненне ад мінулага года, сёлета Прэмія будзе надавацца асобна: за найлепшую манаграфію і артыкул.

Праграму Кангрэса цалкам можна паглядзець па спасылцы.

Фота EuroBelarus.Info

Што цікава навукоўцам?

Карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» наведала пленарнае паседжанне навукоўцаў, з якога сёння пачалася праца Кангрэса. Ягоныя ўдзельнікі распавялі, што будуць рабіць на навуковых секцыях.

Злева — направа: Аляксей Ластоўскі, Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Драздоўскі / Фота EuroBelarus.Info

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

— На гэты раз я не заяўляў даклад на Кангрэс, каб мець магчымасць пахадзіць па тых секцыях, на якія не мог патрапіць з-за сваёй. Зараз мяне цікавяць некалькі секцый, на якіх не давялося пабываць на мінулым Кангрэсе, дзе склалілся пэўныя, досыць шчыльныя адносіны паміж даследчыкамі і навукоўцамі.

У прыватнасці, гэта тычыцца біблейскай секцыі Ірыны Дубянецкай, некалькіх гістарычных секцый. Ну і па-ранейшаму мяне цікавіць адукацыйная секцыя, дзе Андрэй Лаўрухін будзе разважаць пра праблемы сучаснай адукацыі.

Захар Шыбека / Фота EuroBelarus.Info

Гісторык, прафесар Захар Шыбека:

— Я зараз працую ў Тэль-Авіўскім універсітэце. І другі год прыязджаю на Кангрэс і кірую тут секцыяй беларускай іўдаікі. На яе збіраюцца навукоўцы, якія даследуюць гісторыю яўрэяў Беларусі. У гэтым годзе я выступаю з дакладам «Культурныя ўзаемаўплывы беларусаў і яўрэяў у працэсе фарміравання сучаснай нацыі».

Я лічу гэтую тэму вельмі актуальнай, таму што вывучэнне нашых нацыянальных культурных адносін набывае ў сучасных умовах вельмі важнае значэнне. Таму што, напрыклад, розныя міжнародныя канфлікты могуць узнікаць у выніку культурнай несумяшчальнасці ці культурных непаразуменняў.

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, праваабаронца Сяргей Драздоўскі:

— Нашая тэма — гэта трансфармацыя прынцыпаў палітыкі ў адносінах да інваліднасці ў Беларусі. У нашага Офіса ёсць пасланне пра інавацыю, якой мы прытрымліваемся. І пра тое, наколькі ў нас гэта атрымліваецца, наколькі гэта актуальна і наколькі адначасова праблематычна.

Тут ужо ёсць з кім паразмаўляць сярод удзельнікаў, бо гэта пытанне перспектывы для грамадскасці. Нам якраз вельмі важна перакрыжаванні і ў актах даследаванняў. Напрыклад, вялікія перакрыжаванні і з Цэнтрам сацыяльных інавацыяў, і з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Культуролаг Маргарыта Корзун:

— Я раблю даклад у панэлі па менеджменту культурных праектаў. Дарэчы, у панэлі таксама заяўлены даследчык з Універсітэта Тэнэсі (ЗША) з сацыякультурным праектам «Разам мы — Беларусь». Нажаль, ён не змаг прыехаць, але ж ён будзе браць удзел праз скайп.

Гэтую секцыю я раблю ўжо не першы год, бо спадзяюся, што вырасце новае пакаленне культурных менеджэраў, якія будуць рабіць новыя цікавыя праекты. І ў секцыі «Культура» таксама яшчэ ёсць адна панэль, прысвечаная пытанням каталога рэпрэзентатыўных твораў мастацтва Беларусі XX стагоддзя — таго часу, калі складалася цяперашняя культура Беларусі. Па гэтай вельмі цікавай тэме таксама будзе круглы стол.

Яшчэ мы выступілі з ініцытывай паказаць лепшыя фільмы фестываля беларускага кіноў Польшчы «Бульбамуві».

Аляксей Ластоўскі / Фота EuroBelarus.Info

Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі (Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»):

— Ужо другі год запар мне выпаў лёс падрыхтоўкі і каардынацыі панэлі, звязанай з гісторыяй XX стагоддзя. Таму што ў Беларусі гісторыя — напэўна, адна з найбольш актыўных дысцыплін, і чацвёрты год да нас прыязджае шмат гісторыкаў. Але, калі гісторыкі, якія займаюцца Вялікім княствам Літоўскім — досыць арганізаваная супольнасць, маюць сваіх лідараў і свае правілы гульні, то датычна гісторыі найноўшай пры вялікай колькасці даследчыкаў гэтага перыяду няма самаарганізацыі. Таму даводзіцца дапамагаць у працы гэтай секцыі, складаць праграму.

І так атрымалася, што я нават вырашыў у гэтым годзе не выступаць з дакладам, а прысвяціць час і сілы менавіта арганізацыйным пытанням, звязаным з мадэрацыяй і іншымі рэчамі.

Гісторык Андрэй Кіштымаў:

— Мая панэль, мая секцыя — «Расійская імперыя». І паралельна з намі будзе працаваць секцыя па яўрэйскаму пытанню Беларусі, якое даследуе Захар Шыбека. Мы з ім шмат гадоў працавалаі разам у інстытуце, добра сябруем і зараз удзельнічаем у супольных праектах.

Што тычыцца майго выступу, то ён будзе з такой правакацыйнай назвай: «Русіфікацыя: пытанні гістарыяграфіі і праблемы вывучэння гэтай з’явы». Русіфікацыя — такі тэрмін, які ведаюць усе, але ж змест гэтага тэрміна для кожнага розны. Ці ёсць навуковая каштоўнасць у яго? Якія справы ў русіфікацыі былі ў мінулым, што будзе зараз і, галоўнае, што чакаць на будучыню? Вось галоўныя пытанні маёй размовы на гэтым IV Кангрэсе, дзе я ўжо з’яўляюся, можна казаць, ветэранам, бо на трох папярэдніх быў таксама.

Даведка

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Гэта самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея, у якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследванняў палітыкі, грамадства і культуры Беларусі.

Кангрэс — гэта выдатная магчымасць распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталёўвання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі ды іншых краін.

Відэазапіс пленарнага пасяджэння:

Адкрыццё Кангрэса

Даклад Міколы Рабчука

Даклад Ігара Бабкова

Дыскусія на пленарным пасяджэнні


Другие публикации