Нямецкая дапамога. Жыццё ці развіццё?

08.01.2015
Ганна Соўсь, Радыё «Свабода»

Германія з’яўляецца адным з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін ЕС. Як мянялася структура нямецкай дапамогі Беларусі, у якой сферы яна была найбольш і найменш эфектыўнай, а хто з’яўляецца манапалістам у сферы нямецкай дапамогі — тэма наступнай часткі расследавання Радыё «Свабода».

У аснову журналісцкага расследавання былі пакладзеныя вынікі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі (2006-2011)», якое ў мінулым годзе было выканана Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Гл. таксама:

За нямецкія грошы ля возера Нарач пабудавалі вёску з 50 дамоў для чарнобыльскіх перасяленцаў. Каб дапамагчы працаўладкаваць гэтых людзей, у Германіі закупілі абсталяванне рабіць з чароту маты для цеплаізаляцыі. Узімку перасяленцы нарыхтоўваюць і складуюць чарот, а з вясны да восені вырабляюць экалагічна чыстую цеплаізаляцыю, якую прадаюць у Беларусі і за мяжой. Побач з вёскай — некалькі ветракоў. Дзякуючы нямецкай ініцыятыве ў Беларусі заканадаўча замацавана фінансаванне крыніц аднаўляльнай энергіі, у выніку электраэнергію з ветракоў дзяржава закупляе па вышэйшых тарыфах, і гэта робіць праект прыбытковым.

Калі я шукала найбольш выразны прыклад нямецкай дапамогі для Беларусі, то з сотняў самых розных кірункаў выбрала менавіта гэты, бо ў ім спалучаныя адразу некалькі ключавых мэт. З аднаго боку — гэта гуманітарная дапамога чарнобыльцам, з другога — дзякуючы ёй, у людзей з’явілася магчымасць зарабляць грошы і атрымліваць прыбытак, з трэцяга боку — з’яўляюцца энергазберагальныя тэхналогіі і экалагічна чыстая прадукцыя.

Германія — адзін з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін Еўрасаюза. З 2006 па 2012 гады яна выдзеліла нашай краіне $129,17 млн. Гэта амаль чвэрць агульнай сумы донарскай дапамогі ад краін ЕС за гэты перыяд.

Рай у кожнай вёсцы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік перакананы, што ў кожнай беларускай вёсцы могуць узнікнуць малыя самаакупныя прадпрыемствы і што з кожнай беларускай вёскі можна зрабіць рай. Прычым без дапамогі дзяржавы. І галоўная ідэя нямецкай дапамогі Беларусі, лічыць сп. Вік, палягае ў тым, каб чалавек стаў самастойны ў тых умовах, калі абавязкі дзяржавы існуюць толькі на паперы:

«Ніхто з нас не можа прадказаць, калі рухне аўтарытарная сістэма. І толькі тая сістэма жыццяздольная, у цэнтры якой стаіць чалавек з яго правамі. І калі і ў якіх умовах таталітарная сістэма рухне, немагчыма спрагназаваць. Наша задача заключаецца ў тым, каб даць прыклад іншай мадэлі грамадства, дзе ёсць канкурэнтаздольнасць і жыццяздольнасць самога чалавека. Для нас гэта важна не дзеля таго, каб паказаць нашы нібыта імперскія намеры. Мы перакананыя, што толькі такое грамадства можа быць жыццяздольным. Мы дапамагаем развіццю грамадзянскай супольнасці, калі чалавек сам становіцца гаспадаром свайго лёсу, у той час, як дзяржава ў Беларусі ўсё менш і менш можа паклапаціцца пра людзей».

Спецыфіка нямецкай мадэлі дапамогі

Калі адкінуць патэтыку і высокія словы і паглядзець на структуру нямецкай дапамогі ў розныя гады, то з яе вынікае, што каля 90% усёй дапамогі Германіі нязменна накіроўвае на, кажучы бюракратычнай мовай, «сектар сацыяльнай інфраструктуры і паслуг» (Швецыя, напрыклад, — толькі 50-60%). І вось у гэтым сектары вылучаюцца 2 кірункі дапамогі: «Адукацыя» і «Дзяржаўнае кіраванне і грамадзянская супольнасць». І тут становіцца бачная спецыфічная рыса нямецкай мадэлі дапамогі.

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Гэта ўключае расходы на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі і плату нямецкаму персаналу. Гэта стыпендыі Фонда Аляксандра фон Гумбальта, Нямецкай службы акадэмічных абменаў, AGRICOLA, а таксама плата нямецкім выкладчыкам у розных навучальных установах за межамі Германіі (школах, Інстытуце Гётэ).

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў даследаванне ролі і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі, адзначае наступнае:

«Фінансаванне Германіяй адукацыйных праектаў — гэта не развіццё сферы адукацыі ў Беларусі, што практычна немагчыма з палітычных прычын, але наданне магчымасці беларускім студэнтам атрымліваць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэтах Германіі. Між іншым, гэта азначае, што сродкі, выдзеленыя на развіццё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Германіі».

Пра сродкі, якія фактычна застаюцца ў краіны-донара, мы больш падрабязна пагаворым пазней, але цяпер вернемся да таго, як беларускія студэнты могуць атрымліваць адукацыю ў Германіі за нямецкія грошы.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, сябры Камітэта Бундэстага па знешняй палітыцы, сябры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, звяртае ўвагу на іншыя акалічнасці адукацыйных праектаў:

«Служба акадэмічнага абмену дае вельмі шмат стыпендый беларускім студэнтам, якія выязджаюць у Германію. Ёсць розныя пазіцыі наконт гэтага. З аднаго боку, гэта добра, а з другога боку — у адборы студэнтаў удзельнічаюць дзяржаўныя структуры. Беларускія ўніверсітэты — структуры, якія выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя метады для падтрымкі рэжыму. І ёсць яшчэ адзін момант, што гэтыя студэнты могуць быць дзецьмі чыноўнікаў. Мы ніякім чынам не супраць дзяцей чыноўнікаў, бо мы лічым, што яны ніякага дачынення да сваіх бацькоў не маюць, але, з іншага боку, мы хочам таксама паказаць ім і пераканаць іх у каштоўнасцях нашага грамадства. І тут ёсць небяспека, што мы такім чынам можам падтрымліваць універсітэты, напрыклад, БДУ, якія ёсць інструментам рэпрэсіўных метадаў, і, тым самым, мы заахвочваем рэпрэсіўную сістэму. І тут з’яўляецца пытанне, ці працягваць такую палітыку? Наш адказ палягае не ў тым, каб зменшыць фінансаванне акадэмічнай службы абменаў, а ў першую чаргу, каб паралельна з падтрымкай такой структуры падтрымліваць недзяржаўныя грамадскія структуры, якія займаюцца студэнцкім абменам, і знайсці механізмы і правілы, каб выбар студэнтаў быў незалежны».

Дзе вучацца беларускія студэнты ў Германіі

У Міністэрстве адукацыі Беларусі «Свабодзе» паведамілі, што для навучання ў арганізацыях замежных дзяржаў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Вось якія нямецкія ўніверсітэты і па якіх спецыяльнасцях запрашаюць беларускіх студэнтаў:

  • «Аўтаматызацыя і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» — Тэхнічны ўніверсітэт (Дрэздэн, Германія);
  • «Машынабудаванне і машыназнаўства» — Брэменскі ўніверсітэт (Брэмен, Германія);
  • «Цвёрдацельная электроніка, радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфектах» — Універсітэт Пфорцхайма (Пфорцхайм, Германія);
  • «Радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка» — Інстытут фатонных тэхналогій (Ена, Германія);
  • «Германскія мовы» — Білефельдскі ўніверсітэт (Білефельд, Германія).

Для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі

Як адзначае Андрэй Ягораў, для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. І ў выпадку, калі дапамога выдзяляецца праз канал «НДА і грамадзянская супольнасць», то гэта зусім не значыць, што сродкі накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі. Напрыклад, шэраг праектаў, прафінансаваных па гэтым канале (напрыклад, дапамога раённаму шпіталю ў Валожыне ці мадэрнізацыя кухняў у дзіцячым лагеры «Надежда»), у рэальнасці маюць невялікае дачыненне да развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, кажа эксперт. Гэта звязана з асаблівасцямі аўтарытарнай сістэмы Беларусі, у якой элементы сацыяльнай інфраструктуры (бальніцы, сацыяльныя цэнтры, дзіцячыя лагеры) існуюць пад кантролем дзяржавы, і, па сутнасці, гэта дзяржаўная інфраструктура. Такі падыход, вядома, служыць паляпшэнню якасці паслуг, якія атрымлівае насельніцтва, але, як правіла, ніяк не звязаны з развіццём незалежнай грамадзянскай супольнасці, перакананы Андрэй Ягораў.

Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Для параўнання. Агульны памер дапамогі ад Даніі ў 5 разоў меншы за сукупную дапамогу ад Германіі, але памер дапамогі грамадзянскай супольнасці з боку двух гэтых донараў прыкладна аднолькавы. Пры гэтым дапамога грамадзянскай супольнасці складае амаль 100% усёй дапамогі ад Даніі для Беларусі. Тым часам, Германія накіроўвае грамадзянскай супольнасці каля 1/5 усіх сродкаў.

Два метады супрацы

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік тлумачыць, што ў Германіі ёсць дзве тэндэнцыі, два метады супрацы з Беларуссю:

«Адзін — супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, над якімі ёсць кантроль дзяржавы. Прыклад — Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў (ІВВ). Гэтае супрацоўніцтва грунтуецца на тым, што чалавеку трэба дапамагчы атрымаць сваю долю свабоды, каб праз гэта ў яго развівалася пачуццё адказнасці за сябе. Другі метад — супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта супрацоўніцтва для развіцця асновы, якая б у выніку прывяла да таго, што Беларусь стала б свабоднай. Мы не можам вырашыць, і я не магу вырашыць, што больш важна: першае ці другое, жыццё ці развіццё. Час пакажа».

Высокааплатныя замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасці якіх у Беларусі не відаць

Інвестыцыйны кансультант, бізнес-аналітык Дэніэл Крутцына, які нарадзіўся ў Германіі, скончыў Гарвард і ўжо шэсць гадоў жыве і працуе ў Беларусі, вядомы ў Мінску сваімі крытычным поглядамі на прынцыпы размеркавання нямецкай дапамогі для Беларусі. На яго думку, тут няма прынцыпу канкурэнцыі і з’яўляюцца свае манапалісты.

Дэніэла Крутцыну дзівіць, што ў Беларусі няма непасрэднага прадстаўніцтва Нямецкай арганізацыі міжнароднай дапамогі, і практычна ўся дапамога ідзе праз адну мясцовую структуру — Міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёганэса Раў:

«ІВВ, на мой погляд, не падлягае справаздачнасці што да эфектыўнасці ягонай працы, якая каштуе досыць дорага. З-за адміністратыўных затрат мала грошай даходзіць непасрэдна да праектаў. У той час я прапанаваў іншы варыянт. Замест таго, каб працаваць з адной структурай-пасярэднікам, трэба адкрыць непасрэднае прадстаўніцтва Нямецкай службы тэхнічнай дапамогі і кожны год выбіраць 30-35 беларускіх ініцыятыў, якім даюцца, напрыклад, 100 тысяч еўра на год, каб папрацаваць і атрымаць вынікі. І кожны год аўтаматычна нічога не працягваць, зрабіць карацейшы донарскі цыкл, чым цяпер, і абыходзіцца без мясцовых пасярэднікаў».

Што тычыцца нямецкай дапамогі Беларусі ўвогуле, то, паводле Крутцыны, значная частка фінансавання ідзе якраз не беларускаму, а нямецкаму боку:

«Гэта дарагія замежныя кансультанты, вынікаў дзейнасці якіх у Беларусі не відаць. Напрыклад, эксперты ў сферы эканамічных рэформ, якія такіх рэформ не праводзілі ў сваіх краінах. Яны проста праз пэўныя кантакты трапілі на гэтыя вакансіі, на якія адкрыты конкурс не абвяшчаўся. Гэта сродкі, якія трацяцца надзвычай неэфектыўна, іх можна было б значна больш эфектыўна патраціць, падтрымліваючы мясцовых спецыялістаў. Што да нямецкага вопыту, то гэтыя эксперты могуць прыязджаць на кароткі тэрмін. Ёсць пазітыўныя элементы ў нямецкай праграме падтрымкі Беларусі, калі асноўная дапамога ідзе мясцовым арганізацыям, але ў іх абавязкова павінен быць замежны партнёр. Такая мадэль больш эфектыўная, чым аплачваць дарагіх спецыялістаў, якія стала знаходзяцца ў Беларусі, каб раз на месяц арганізаваць сустрэчы беларускіх і нямецкіх бізнесоўцаў і за гэта атрымаць заробак, параўнальны з заробкам намесніка амбасадара».

ІВВ як найвялікшы нямецкі праект у Беларусі

Згаданы суразмоўцамі Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў (IBB) летась адсвяткаваў 20-годдзе. На пачатку ягонай дзейнасці на пляцоўках цэнтра часта сустракаліся людзі з рознымі поглядамі, тут маглі праходзіць розныя мерапрыемствы апазіцыйных палітыкаў. З цягам часу такіх магчымасцей стала меней і меней, і на сёння дарога апазіцыі ў ІВВ фактычна закрытая. Назіральнікі тлумачаць гэта тым, што ІВВ напалову належыць нямецкаму боку, а напалову — беларускаму, а гэта значыць — беларускім уладам альбо структурам, якія шчыльна з імі звязаныя. І пры жаданні беларускія ўлады могуць проста «папрасіць» нямецкі цэнтр з Беларусі, як калісьці «папрасілі» Фонд Сораса. І таму нямецкія кіраўнікі IBB мусяць прытрымлівацца пэўных правіл, каб мець магчымасць працягваць працу ў Беларусі.

Як тлумачыць «Свабодзе» беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, з нямецкага боку заснавальнік — Дортмундскі адукацыйны цэнтар (50%), а з беларускага — тры структуры: Мінгарвыканкам (15%), які ў 1994 годзе выдзеліў бясплатна зямельны ўчастак і інжынерныя сеткі; таварыства «Спадарожнік» (20%), якое абавязалася пабудаваць каркас будынку і арганізавала першыя паездкі дортмундцаў у Беларусь; а на заключнай стадыі будоўлі цэнтра, калі не хапала грошай, падключыўся «Беларусбанк» (15%), які ўнёс каля $250 тыс. у будаўніцтва:

«Чаму апазіцыя адсутнічае? Вызначаюць гэта нямецкі і беларускі бок, і гэта адбываецца няпроста, бываюць розныя калізіі. Нам кажуць, што вы не пляцоўка для палітычнай працы, вы адукацыйны цэнтр, займайцеся адукацыйнай працай, вы не павінны быць палітычным дыскусійным клубам. Гэта вырашаюць удзельнікі: быць ці не быць».

Беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў больш падрабязна расказвае пра кірункі дзейнасці Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, у якім ён пачынаў працаваць рэферэнтам і вось ужо 15 гадоў — дырэктар з беларускага боку:

«ІВВ 20 гадоў рэалізоўвае праграмы, якія павінны збліжаць беларусаў і немцаў. Мы маем 5 накірункаў працы.

Першы — гэта ўзаемаразуменне і прымірэнне. Гэта праекты, арыентаваныя на ветэранаў вайны, вязняў канцлагераў, гета, рабочых з усходніх краін.

Другі — міжканфесійны дыялог прадстаўнікоў розных канфесій.

Трэці накірунак — арганізацыя дыялогу беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і дыялогу іх з замежнымі журналістамі. На нашай базе праходзяць штогадовыя цыклы семінараў для падвышэння кваліфікацыі журналістаў, адукацыйныя паездкі за мяжу: у Бельгію і Германію. У тым ліку і семінары для беларускіх экспертаў у сферы міжнародных адносін з МЗС, факультэта міжнародных дачыненняў БДУ, на якіх разглядаецца праблема ўзаемаадносін Беларусі з блізкім і далёкім замежжам.

Чацьвёрты накірунак — рэалізацыя сацыяльных праектаў, у тым ліку і стварэнне цэнтраў для людзей з пэўнымі абмежаваннямі.

І пяты накірунак — навакольнае асяроддзе, энергазберажэнне і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў рамках адукацыйных мерапрыемстваў».

Віктар Балакіраў не хоча вылучаць найбольш ці найменш паспяховыя праекты, але прызнаецца, што ўсё ж найбольш ганарыцца праектам «Гістарычная майстэрня», фактычна грамадскім музеем, аналагу якому няма нідзе ў СНД і які, сярод іншага, выдаў каля 47 публікацый ваеннай тэматыкі.

«Для нас нашмат важнейшае такое прызнанне, чым прэстыж»

«Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў вельмі важны, — падкрэслівае Ганс-Георг Вік. — У працэсе супрацоўніцтва заходніх структур і ІВВ рэалізоўваюцца праекты, накіраваныя на падтрымку мясцовага самакіравання. У выніку такіх праектаў падтрымліваюцца людзі, якія могуць разам з дзяржавай працаваць у сацыяльнай сферы, як, напрыклад, у сферы падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І бяз гэтай падтрымкі звонку не было б магчымасці рэалізоўваць такія праекты».

«Калі мы дапамагаем 100 людзям з абмежаванымі магчымасцямі, то мы разумеем, што дзяржава кантралюе гэты працэс. Але адначасова дзяржава тым самым прызнае, што ў Беларусі ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для нас нашмат важнейшае такое прызнанне, чым прэстыж ці ўхвала. Зусім няважна, калі беларуская дзяржава будзе гэтым ганарыцца, таму што гэта будзе прыклад для ўсіх. Я не буду крытыкаваць ІВВ, калі іхнія праекты дапамагаюць людзям. Важна, што мяняецца ўспрыманне грамадствам людзей з абмежаванымі магчымасцямі».

У Германіі дзейнічае Закон аб сацыяльнай замове, згодна з якім не толькі дзяржаўныя арганізацыі, але і недзяржаўныя аб’яднанні могуць атрымліваць фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту на рэалізацыю сацыяльных праектаў. Як адзначае беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў, дзякуючы нямецкаму партнёру ІВВ — Дортмундскаму адукацыйнаму цэнтру і пры спрыянні беларускага Міністэрства сацыяльнай абароны ўдалося цягам трох гадоў прыняць і ў Беларусі Закон аб сацыяльнай замове, дзякуючы якому цяпер беларускія недзяржаўныя арганізацыі могуць падаваць заяўкі на рэалізацыю сацыяльных праектаў і атрымліваць фінансаванне.

ІВВ — мясцовы партнёр нямецкай Праграмы падтрымкі недзяржаўных ініцыятыў, якую фінансуе Федэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ). У рамках гэтай праграмы выдзяляюцца гранты рознага памеру (ад €15 тыс. да €40 тысяч і ад €40 тыс. да €75 тыс.) для рэалізацыі сумесных беларуска-нямецкіх праектаў, ініцыяваных беларускімі ці нямецкімі НДА. У 2012 годзе рэалізоўвалася чацвёртая фаза гэтай праграмы з двух кампанентаў:

  • $560.000 — на «Выбудоўванне мадэлей сацыяльнага партнёрства для ўстойлівага развіцця мясцовых супольнасцей»;
  • $690.000 — на «Развіццё патэнцыялу грамадзянскай супольнасці».

Калі сталы партнёр ІВВ — Мінгарвыканкам, то натуральна, што складана рэалізоўваць праекты, звязаныя з грамадзянскай супольнасцю. Ёсць аргументы «за» і «супраць», але рэальнасць такая, што без такога партнёра гэтая структура ўвогуле не змагла б існаваць у Беларусі, канстатуюць назіральнікі.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, сябры Камітэта Бундэстага па знешняй палітыцы, сябры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, лічыць, што праекты, якія рэалізоўваюцца праз ІВВ, павінны і далей працягвацца. Яны дапамагаюць кааперацыі, супрацоўніцтву паміж ЕС і Беларуссю, бо грошы ідуць на канкрэтныя патрэбы людзей:

«Зразумела, што ІВВ застаецца ў непалітычнай сферы. Мы ўсё ж лічым, што паралельна з гэтым мы павінны падтрымліваць незалежныя праекты грамадзянскай супольнасці. Дапусцім, амбасадар Германіі мог бы запрасіць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і з імі весці дыялог пра іхнія патрэбы і клопаты. Мы маем на ўвазе і развіццё працы палітычных фондаў у Беларусі, якія застаюцца і працуюць у палітычнай сферы. Нават пры тых умовах, што іхнія праекты вымушана праводзяцца за мяжой».

Палітыка «перамен шляхам збліжэння»

Цяперашнюю палітыку Германіі ў пытанні дапамогі Беларусі можна патлумачыць у больш шырокім гістарычным кантэксце, лічыць аглядальнік «Свабоды» Юры Дракахруст:

«Гэтая палітыка палягае ў рэчышчы «перамен шляхам збліжэння» — прынцыпу «ўсходняй палітыкі», які пасляваенная Заходняя Германія пачала праводзіць пры канцлеры Вілі Брандце напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады Бон пайшоў на прызнанне пасляваенных межаў, на дыпламатычнае прызнанне Усходняй Германіі, на шчыльнае гандлёвае, культурнае, палітычнае ўзаемадзеянне з СССР, Польшчай, Усходняй Германіяй. Чаму? Чаму як бы аддавалі ўсе козыры, хіба не бачылі, што ўзаемадзеянне легітымізуюць савецкі і ўсходне-нямецкі рэжымы, у пэўным сэнсе, мацуюць іх? Бачылі і разумелі. Але быў стратэгічны разлік, што самі па сабе стасункі, зяўленне адносін з Заходняй Германіяй, як фактару і ставак ва ўнутрыпалітычным працэсе ў камуністычных краінах, моц прыкладу будуць пакрысе расцярушваць ідэалагічны і палітычны «бетон», спакваля рыхтаваць перамены ў гэтых краінах.

Гэтая палітыка моцна крытыкавалася адразу пасля яе зяўлення, крытыкавалася і пазней. Але і пераемнікі Брандта працягвалі «ўсходнюю палітыку». Можна спрачацца, ці паспрыяла гэтая палітыка краху камунізму і вяртанню Усходняй Германіі ў нацыянальнае ўлонне, але гэтыя працэсы адбыліся не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што савецкая і ўсходне-нямецкая камуністычная эліта напрыканцы 1990-х была ўжо не тая, якой была ў сталінскія часы, была больш «разбэшчаная», калі заўгодна, шматгадовым узаемадзеяннем з Захадам, з Заходняй Германіяй, у прыватнасці.

Зразумела, часы іншыя, цяперашняя Беларусь — не Савецкі Саюз. Але можна ўбачыць нейкае падабенства ў палітыцы, якая праводзілася тады, і ў той, якая праводзіцца цяпер. Берлін не разлічвае на хуткія перамены, на зрынанне існага ў Беларусі рэжыму. Разлік на эфект у доўгатэрміновай перспектыве — заходняя, ў прыватнасці, нямецкая, дапамога беларускай аўтарытарнай дзяржаве, робіць гэтую дзяржаву да пэўнай ступені залежнай ад гэтай дапамогі. З нагоды гэтай дапамогі ўзнікаюць узаемадзеянні, стасункі, знаёмствы беларускай уладнай эліты з іх заходнімі партнёрамі, якія фармуюць структуру ўплыву. А тое, што грошы (ці іх частка) служаць, у пэўным сэнсе, умацаванню рэжыму ці наагул банальна трапляюць у кішэні беларускіх чыноўнікаў — ну, што ж, гэта плата за «расцярушванне маналіту».

Плён падобнай палітыкі можна аспрэчваць. Аднак відавочных станоўчых вынікаў не дае і адваротны, жорсткі курс, ізаляцыя афіцыйнага Мінска. Што лепш — гэта прадмет спрэчак, у якіх нават гісторыя не з’яўляецца канчатковым крытэрам. Аднак варта падкрэсліць, што цяперашняя палітыка нямецкай дапамогі грунтуецца на даўняй і моцнай нямецкай палітычнай традыцыі».

* * *

Пра падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасці Беларусі — у наступнай частцы расследавання.


Другие публикации