Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Уладзімір Мацкевіч: Вы праспалі 20 гадоў, таму закладайцеся зараз на 30 гадоў доўгага шляху (Відэа)
У чарговай перадачы «Інтэрв’ю тыдня» метадолаг Уладзімір Мацкевіч тлумачыць, чаму тыя, хто ігнаруе выбары, — гэта ўзор для большасці, параўноўвае выбарчыя кампаніі з танцамі без флірту і заяўляе, што сёння галоўная палітычная праца — не пікеты, а навучанне.
«У выбарчых кампаніях такой шчырасці не бывае. Гэта імітацыя ці сімуляцыя»
— Уладзімір, апошнія тыдні вы асабліва актыўна ў сацыяльных сетках, у СМІ выступаеце за неабходнасць байкоту гэтай выбарчай кампаніі. Напрыклад, у Фэйсбуку ваш заклік не ісці на гэтыя выбары быў перадрукаваны сотні разоў. Чаму, на вашу думку, людзі дэмакратычных поглядаў павінны ігнараваць гэтыя выбары?
— Менавіта ігнараваць! А то я адчуваю, што вы мяне хочаце пад артыкул падвесці, які забараняе агітацыю за байкот. Я не вельмі гэтага баюся, але я ніколі не казаў пра байкот, я казаў пра ігнараванне. Бо я добра разумею, што сілы апазіцыі настолькі слабыя, няма ўплывовых людзей. Я ведаю абмежаванасць сваіх магчымасцей, каб заклікаць да байкоту.
Але трэба нагадваць, што гэтыя «выбары» — не вартая падзея. Ні ў палітычным, ні ў сацыяльным сэнсе. І што права выбару — гэта права, а не абавязак. І калі вы не бачыце сэнсу ці бачыце бязглуздасць таго, што адбываецца, — не ўдзельнічайце ў гэтым. А яшчэ нагадаць, што гэта — махлярства, у якім тым больш не трэба ўдзельнічаць.
— Супраць няўдзелу ёсць два галоўныя аргументы. Першы: маўляў, «з выбарамі ўсё зразумела, але мы працуем на будучыню». Так кажа каманда Караткевіч і яе прыхільнікі...
— Не толькі падчас выбарчых кампаній трэба размаўляць з людзьмі. Бо электаральныя кампаніі — гэта час для агітацыі, прапаганды, крытыкі кандыдатаў і г.д. А вось калі вы хочаце сапраўды даведацца, як людзі жывуць, трэба да іх ісці не з нагоды выбараў, а працаваць з імі над супольнымі праектамі. Чаго апазіцыя ніколі не робіць.
— Гэта стары аргумент. Але прыхільнікі актыўнасці ў часе выбараў скажуць, што толькі выбарчая кампанія дае большыя магчымасці — ісці да людзей на прахадныя, на плошчу Свабоды, выступіць на тэлебачанні.
— Яны памыляюцца.
— У чым?
— У тым менавіта, што якраз калі няма выбарчага торгу, тады з людзьмі можна шчыра гаварыць. Але ў выбарчых кампаніях такой шчырасці не бывае. Гэта імітацыя ці сімуляцыя. Гэта як прымаць танцы — вальс ці танга — за флірт і каханне. Сапраўдную шчырасць праяўляюць у інтымнай, простай абстаноўцы. У абставінах выбараў гавораць пра выбары, пра кандыдатаў, а не пра народ.
— Другі асноўны аргумент за ўдзел — «народны». Маўляў, усё роўна большасць прыйдзе галасаваць на выбары, як бы прыхільнікі няўдзелу ні агітавалі. А людзі, якія заклікаюць не ісці на выбары, — проціпастаўляюць сябе народу і не выкарыстоўваюць магчымасцей, каб з ім кантактаваць.
— «Народ» — гэта не нешта агульнае, у ім ёсць розныя меншасці. І ёсць меншасці, якія задаюць моду, за якімі ідуць. Паказвайце ўзор, а не бадзяйцеся за «большасцю». «Большасць» — гэта ўмоўная катэгорыя, якую выкарыстоўваюць сацыёлагі і палітыкі. Усе мы належым да нейкіх меншасцей, якія паказваюць добры ці кепскі прыклад. Тыя, хто сёння ігнаруе выбары, разумеючы, што гэта махлярства, разумеючы, што ніводнага апазіцыйнага кандыдата няма, — гэтыя людзі — узор для большасці. Можа, СМІ ці нават Радыё «Свабода», якое так захоплена асвятленнем гэтых выбараў, не паказваюць гэтых людзей як узор, а хутчэй іх высмейваюць.
— Зазначу, што ў маёй перадачы «Інтэрв’ю тыдня», у якой вы бераце ўдзел, прыхільнікаў байкоту было, бадай, болей, чым прыхільнікаў удзелу.
— Ну і добра, дзякуй на гэтым.
«Ім трэба нагадваць, што яны палітыкі. А яны ўжо не палітыкі»
— Апошнія тыдні вы ведзяце дыскусіі, я б сказаў, на два франты. З аднаго боку, актыўна выступаеце за байкот і крытыкуеце тых, хто збіраецца ўдзельнічаць у гэтых выбарах. З іншага боку, вы крытыкуеце нават тых праціўнікаў байкоту — Статкевіча, Лябедзьку, Някляева, — якія заклікаюць публічна выказваць сваю нязгоду з выбарамі. Маўляў, яны сваімі дзеяннямі толькі прапагандуюць выбарчы фарс. Хіба ёсць у гэтым логіка?
— Вядома, ёсць. 200 чалавек, якія былі на тым пікеце (з іх палова журналісты) — гэта не публічнасць. Публічнасцю гэта становіцца тады, калі гэты сход стаўся нагодай для палітыкаў, каб трапіць у СМІ. Я разумею. што Статкевічу, які адвёў сабе тыдзень славы, трэба нагадваць пра сябе. Тое самае Някляеў і Лябедзька — ім трэба нагадваць, што яны палітыкі. А яны ўжо не палітыкі.
— Але гэта прыблізна такая самая логіка, як заяўляць, што той, хто выступае супраць наркотыкаў, праводзіць акцыі супраць наркотыкаў — на самой справе, прапагандуе наркотыкі.
— А так і ёсць! Калі паглядзець на сацыялагічныя глыбінныя працэсы, то ўбачыце, што барацьба са СНІДам, гвалтам над жанчынамі падтрымлівае ўвагу і нагадвае пра гэта тым, хто ніколі раней пра гэта не задумваўся.
— Але ж вы таксама, калі пішаце пра неабходнасць няўдзелу ў выбарах, — прыцягваеце да выбараў увагу?
— Згодны.
— Слава Богу!
— Згодны. Калі вы мяне зачапілі на гэтым парадоксе, я тлумачыў ужо — што мы трапілі ў сітуацыю, якую ў шахматах называюць цугцвангам, гэта калі няма ніводнага добрага ходу.
— Я першаразраднік па шахматах.
— Тым лепш. У такой сітуацыі, трапіўшы ў цугцванг, прафесійны шахматыст здаецца. Але ў палітыцы так нельга. Таму трэба разлічваць на тое, што занервуецца праціўнік. Мы павінны рабіць тое, чаго ад нас не чакаюць. Выкарыстоўваць ніцшэанскую фразу: «Падаючага — папхні».
Рэжым раней заўсёды змяншаў зацікаўленасць электарату выбарамі. І нарэшце яны дайшлі да кропкі, калі гэта стала небяспечна для іх саміх. І тут трэба было толькі падштурхнуць. Нават байкот арганізоўваць не трэба было.
«Сёння навучанне — галоўная праца, а не бадзянне па мітынгах і пікетах»
— Калі вы крытыкуеце (часам таленавіта, часам лагічна) апазіцыю, то ў ваш бок гучыць пытанне: а што вы прапаноўваеце ўзамен? Вось вы крытыкуеце, што Статкевіч прапаноўвае выходзіць на акцыі пратэсту. Статкевіч хоча ажывіць грамадзтва не ў сувязі з выбарамі, а дзеля будучых пратэстаў. Што вы прапануеце ўзамен?
— Мы ўсе пагодзімся, што толькі салідарнымі дзеяннямі мы можам процістаяць рэжыму і неяк на яго ціснуць. Спачатку трэба, каб мы былі салідарнымі наконт каштоўнасцей. На базе агульных каштоўнасцей мы можам сфармуляваць агульныя погляды, потым агульныя мэты, і толькі пасля мы можам пераходзіць да агульных дзеянняў. Сёння кожная параза вядзе да перагляду поглядаў і вееру розных меркаванняў. І, урэшце, на сёння ніякіх магчымасцей для салідарнасці ў дзеяннях няма.
Таму я і прапаную: спадары Лябедзька, Статкевіч, калі ў вас ёсць яшчэ людзі, давайце пачнём з навучання. Пачнём з таго, што выпрацуем ці ўзгоднім нашы агульныя каштоўнасці. Потым пяройдзем да аналітыкі — прафесійна разбірацца з тым, які мы маем супольны погляд на сітуацыю. Сфармаваўшы погляд, мы сфармуем мэты. А толькі потым у нас з’явіцца шанец для супольных салідарных дзеянняў. Сёння нават шанцаў няма.
— Такі доўгі шлях, што «жить в эту пору прекрасную»...
— Ведаеце, 20 гадоў, лепшыя гады майго жыцця! Мне тады казалі, што мы зараз пераможам! І сёння гэтыя людзі будуць казаць, што гэта доўгі шлях! Вы праспалі (я б тут выкарыстаў больш жорсткае слова). Таму закладайцеся зараз на 30 гадоў доўгага шляху. Але калі не пачаць шлях з першага кроку, то вы ніколі не дойдзеце да мэты.
— У вас была «Стратэгія-2012». Яна прыблізна і прадугледжвала тое, што вы апісвалі зараз. Але ўсе пра яе забылі.
— Хто гэта — усе? Забылі тыя, хто «мы хотим сегодня, мы хотим сейчас». Тыя, хто прачнуўся, як Дубавец — не цікавіўся палітыкай гадамі, але раптам прачнуўся і нешта нібыта зразумеў. «Стратэгія-2012», якая была лагічным працягам «Стратэгіі-2006» , актуальная і цяпер.
Я працую над гэтым. Не бязглуздымі псеўдапалітычнымі дзеяннямі. У мяне ёсць шэраг грамадскіх арганізацый, людзі культуры, выкладчыкі, якіх пазвальнялі з універсітэтаў. Гэта сёння галоўная палітычная праца. А не бадзянне па мітынгах і пікетах.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»