Пра што Расія хоча дамовіцца з Парашэнкам у Мінску? (Відэа)

23.08.2014
Усевалад Шлыкаў, Belsat.eu

У бліжэйшы аўторак Мінск стане цэнтрам перамоўнага працэсу на самым высокім узроўні. Чакаюць Уладзіміра Пуціна і дваіх астатніх кіраўнікоў краін Мытнага саюза, прэзідэнта Украіны ды адразу трох еўракамісараў. Сустрэча мае быць працягам кантактавання, што пачалося пасля расійскай акупацыі Крыма і працягваўся ў Жэневе, Нармандыі ды Берліне. Калі мінімальныя патрабаванні Кіева відавочныя — спыніць падтрыманне Масквою сепаратыстаў, то што спадзяецца выгуляць у Мінску Расія?

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Расія хоча фактычна пазбавіцца ад гэтай сітуацыі, якая існуе на Усходзе, але проста «зліць» гэтую сітуацыю яны не могуць, а хочуць атрымаць пэўныя саступкі ад Украіны».

Пра тое, што Пуцін забыўся пра сепаратыстаў ва Украіне, неаднаразова скардзіліся і самі баевікі, кажучы пра недастатковае падтрыманне з боку Масквы. Апошнюю ж актывізацыю і новыя калоны бранятэхнікі, якія не хаваючыся ідуць з Расіі, адмыслоўцы называюць своеасаблівым узмацненнем пазіцыяй перад мінскімі перамовамі. Праўда, не толькі расійскаму лідару не надта лёгка выйсці з існай сітуацыі. У Пятра Парашэнкі поле для манёўраў таксама абмежаванае.

Юрый Раманенка, палітычны аглядальнік, Украіна:

«Партыя вайны» ва Украіне сёння вельмі моцная, і я не бачу ніякіх падстаў, каб гэтая партыя аслабіла пазіцыі, калі Парашэнка дасягне нейкіх мірных дамоў у Мінску. То бок, калі гэтае пагадненне будзе выглядаць, як відавочная параза Украіны, то гэта ўспрымуць як паразу, і Парашэнку проста знясуць — ён знікне, як прэзідэнт».

Такія настроі толькі ўзмацняюцца пасля апошніх поспехаў антытэрарыстычнай аперацыі. Паводле нядаўніх апытанняў, толькі траціна ўкраінцаў бачыць сэнс у размовах з сепаратыстамі. Тое ж мы пачулі і на вуліцах Кіева.

Жыхары Кіева:

«Як для мяне, то ў такіх умовах перамовы не патрэбныя, бо расійскі бок не трымаецца ніякіх абавязкаў».

«Калі нават з Пуціным і дамовяцца пра штосьці, усё адно ён не адчэпіцца ад Украіны. Якія могуць быць перамовы з ідыётам і бандытам?»

«Ну, жывуць краіны, не размаўляючы адна з адной. Індыя і Пакістан доўга не мелі стасункаў. То і Украіна з Расіяй доўга могуць быць у стане ні вайны ні міру».

Такім чынам, асноўныя бакі перамоў трапляюць у патавую сітуацыю. Прычым мірнае ўрэгуляванне, прыйсці да якога спадзяюцца ў Мінску, пасля столькіх ахвяраў сярод жаўнераў і мірных жыхароў, малаверагоднае. Бо што будзе, калі Кіеў цяпер прыпыніць антытэрарыстычную аперацыю?

Юрый Раманенка, палітычны аглядальнік, Украіна:

«У любым выпадку гэтыя баевікі там застануцца, проста сыдуць на партызанскі ўзровень. Узімку эканоміка Данбаса будзе ў агоніі, і ўсе гэтыя сотні тысяч чалавек будуць распаўзацца па ўсёй Украіне, падрываючы і без таго няпростую сацыяльна-эканамічную сітуацыю».

Калі для Расіі ды Украіны значэнне мінскіх размоў абмяжуецца толькі іх наяўнасцю, Беларусь зможа выкарыстаць іх напоўніцу. Паводле адмыслоўцаў, на фоне ўкраінскага крызісу Мінск мае свае далёкія мэты.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Найвышэйшыя асобы з Еўрапейскага Саюза могуць прыехаць у Беларусь, не хвалюючыся пра тое, што яны кантактуюць з апошнім дыктатарам Еўропы. І гэта скарыстаюць для нефармальных перамоў, каб працягнуць працэс паляпшэння стасункаў з Еўрапейскім Саюзам».

Але на хуткі поспех на гэтым полі, як і на кардынальныя зрухі ў анансаванай тэме мінскіх размоў, не спадзяецца, хіба, ніхто. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд ужо прапаноўвае чарговы саміт аб сітуацыі ва Украіне. Гэтым разам з удзелам прадстаўнікоў Злучаных Штатаў. Прычым аргументуе гэта не патрэбаю прыпынення агню і кровапраліцця, а эканамічнымі стратамі Еўрасаюза ад санкцый супраць Расіі.

Belsat.eu


Другие публикации