Андрэй Ягораў: У справе палітвязняў можа быць пэўны гандаль паміж Еўрасаюзам і Беларуссю (Відэа)

04.04.2015
Belsat.eu

На фоне расійскай агрэсіі кіраўнік Беларусі выглядае не найгоршым варыянтам сярод постсавецкіх дыктатараў. Праз гэта зразумелая пэўная адліга ў дачыненнях Лукашэнкі з Еўропай. Аднак ягоны ўдзел у травенскім Саміце Усходняга партнёрства — інтэграцыйным праекце ЕС — усё ж застаецца інтрыгаю.

Паводле дыпламатаў Еўрасаюза, Еўропа будзе спрабаваць навязаць Лукашэнку дэмакратычныя рэформы ды патрабаваць вызвалення палітвязняў.

Палітолаг Андрэй Ягораў мяркуе, што пытанне палітвязняў не можа быць знятае з парадку дня, бо гэта было падставай для ўвядзення санкцый супраць уладаў Беларусі. «Адмена санкцый залежыць ад наяўнасці палітычных вязняў. І тут можа быць пэўны гандаль паміж Еўрасаюзам і Беларуссю наконт прызнання канкрэтнай колькасці палітвязняў у Беларусі ці наконт умоў ды хуткасці іхнага вызвалення. Тым не менш, гэтае пытанне нікуды не падзенецца, то бок мусіць быць развязанае», — заўважыў адмысловец.

На ягоную думку, паездка Лукашэнкі на Саміт Усходняга партнёрства можа быць звязанае з патрабаваннем, каб улады Беларусі выпусцілі палітычных вязняў. Прадстаўнікі Еўрасаюза дэкларавалі, што могуць запрасіць Лукашэнку і не супраць ягонай прысутнасці, але нефармальна камунікуюць пра вызваленне палітзняволеных, мяркуе сп. Ягораў.

«Пытанне дэмакратычных рэформ — цалкам іншае, звязанае з асноўнымі прынцыпамі, на якіх будуецца палітыка ўзаемадзеяння Еўрапейскага Саюза з краінамі Усходняга партнёрства і ўвогуле са сваймі суседзямі», — заўважыў палітолаг.

Паводле яго, умовы, якія ставіць Еўрасаюз у супрацы з некім, не могуць таксама знікнуць з парадку дня, але ў залежнасці ад галін узаемадзеяння могуць быць больш альбо менш жорсткімі. «У сэнсе таго, як гэтую сітуацыю разумее Еўрапейскі Саюз, немагчыма дасягнуць глыбокай інтэграцыі і эканамічнай кааперацыі, калі не існуе незалежнай юстыцыі і незалежнай судовай сістэмы, нармальнага функцыянавання права ў краіне, бо гэта гарантуе бяспеку інвестыцый, якія можа даць Еўрасаюз, дазваляе бачыць антыкарупцыйныя расследаванні і гэтак далей», — падсумаваў палітолаг.

Belsat.eu


Другие публикации