Уладзімір Мацкевіч: Тых, хто ваяваў у Арміі Андэрса, у савецкiя часы ўвогуле нібыта не існавала (Фота)

09.05.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота з асабістага архіва Уладзіміра Мацкевіча

Савецкай дзяржаве аказаліся непатрэбныя ўласныя грамадзяне, якія змагаліся на іншых франтах Другой сусветнай і не жадалі ўдзельнічаць у стварэнні афіцыйных міфаў пра Вялікую Айчынную вайну.

Улада не прызнала іх не тое што героямі — не лічыла нават удзельнікамі змагання з фашызмам. А замест усіх пашанаў і ўганараванняў «аддзячыла» ім лагерамі і ссылкамі.

Напрыклад, такая гісторыя адбылася ў сям’і філосафа і метадолага, старшыні Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзіміра Мацкевіча, чые продкі паходзяць з Гарадзеншчыны.

«Калі пачалася Першая сусветная вайна, бежанцаў з Заходняй Беларусі сталі вывозіць у цэнтральныя губерні Расіі. І большая частка вёскі, дзе жылі мае дзед і бабка, трапілі ў гэтае бежанства», — распавядае Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» Уладзімір Мацкевіч.

Усе пераменлівыя гады сусветнай і грамадзянскай войн і першы паслярэвалюцыйны час сям’я будучага філосафа правяла ў Пензенскай губерні. Дзед Мацкевіча, якому споўнілася 18 гадоў, пайшоў служыць у Чырвуную армію. Неўзабаве сям’я вярнулася на радзіму, і ў 21 год маладога чалавека забралі ў Войска Польскае, дзе ён адслужыў два гады. Пасля паспеў ажаніцца, нарадзіць сыноў:

«Потым пачалася Другая сусветная вайна. Калі немцы напалі на Польшчу, адбылася мабілізацыя, і зноў дзед апынуўся ў войску ўжо ў сталым узросце».

Касьян Мацкевіч (сядзіць у цэнтры) у складзе Войска Польскага

Аднак неўзабаве на Польшчу пайшлі Саветы, і беларускія ваяры польскай арміі трапілі ў савецкі палон. Дзед Уладзіміра Мацкевіча быў сасланы ў Комі на будоўлю чыгункі Варкута—Ленінград. А другі дзед, па маці, які таксама быў у лагеры ў Запарожжы, адтуль уцёк з намерам вярнуцца на радзіму. Але яго схапілі і адправілі назад у лагер, а сям’ю вывезлі ў ссылку ў Казахстан.

У 1941 годзе з палонных польскага войска сталі фармаваць т.зв. Армію Андрэрса. І абодва дзеда Мацкевіча ўступілі ў яе. Аднак генерал Андэрс не захацеў выкарыстоўваць сваё войска на савецка-германскім фронце і па дамоўленасці з саюзнікамі — Англіяй і Злучанымі Штатамі — вывеў яе праз Іран, Ірак, Палестыну ў Афрыку. Пакуль яны туды ішлі, немцаў разбілі англійска-амерыканскія войскі. Тады Армія Андэрса накіравалася ў Італію, і спрычынілася да вайны, вызваляючы поўдзень Апенінскай паўвыспы, Монтэ-Касіна (за які ў сям’і захоўваецца дзедава ўзнагарода); марш на Альпы і заканчэнне вайны ў Францыі.

Карп Лазавік — улан Сувалкское ўланскага палка, 1930-я гады

Пасля заканчэння вайны салдат змясцілі ў лагеры для інтэрніраваных асоб:

«Яны маглі паспрабаваць вярнуцца ў Польшчу, але іх сем’і заставаліся ў Савецкім Саюзе. Можна было заставацца на Захадзе, і шмат хто з маладых жаўнераў застаўся. А некаторыя паддаліся савецкай прапагандзе ці сямейным прывязанасцям і вярнуліся».

Гэта адбылося ў 1948 годзе, і першы час тых, хто вярнуўся (у тым ліку і сваякоў нашага суразмоўцы), не чапалі. А ў 1951 годзе адбылася чарговая дэпартацыя беларусаў, якіх разам з сем’ямі пагрузілі ў саставы і адвезлі ў Сібір.

Прывітанне Касьяна Мацкевіча сям'і

«Іх удзел у вайне нікім не прызнаваўся, бо пасля таго, як Армія Андэрса сыйшла на другі фронт, з астатніх палякаў у Савецкім Саюзе пачала складвацца т.зв. дывізія Касцюшкі, якая ваявала ў складзе Чырвонай арміі. І іх савецкая ўлада прызнавала ветэранамі вайны», — зазначае Уладзімір Мацкевіч.

Такім чынам, яго дзяды трапілі ў ссылку ў горад Чарамхова Іркуцкай вобласці. Умовы там былі лепшымі за лагерныя, жылі сем’ямі, хоць да 1958 года лічыліся ссыльнымі і былі пазбаўленыя грамадзянскіх правоў, пакуль сюды не дабралася хваля змагання з культам асобы Сталіна. Уладзімір Мацкевіч, які нарадзіўся ў ссылцы ў 1956 годзе, стаў грамадзянінам СССР, калі яму споўнілася два гады. З жыцця ў Сібіры метадолаг узгадвае, што іх, беларусаў, называлі «бандэраўцамі» — па аналогіі са ссыльнымі з Украіны, якіх было вельмі шмат. Хоць вызнавалі сябе Мацкевічы беларусамі, зберагалі сваю культуру, мову. Адметна, што беларусы, асабліва тыя, хто служыў у Арміі Андэрса, трымаліся разам.

Пасля 1958 года паўстала пытанне, што рабіць далей, бо людзі не ведалі, як ставіцца да чарговай магчымасці вяртання дамоў.

«Прыглядаліся, чакалі, не было такой хвалі вяртання. Ды і куды вяртацца? На радзіме — калгасы, у якія ніхто не хацеў ісці. І як да іх будуць ставіцца — ніхто не ведаў», — акрэслівае сітуацыю філосаф.

Высланых жаўнераў польскай арміі магла прыняць і Польшча, і хтосьці нават паехаў, але ж якое там жыццё — таксама ніхто не ведаў:

«Калі мне ўжо было 10 гадоў, бацькі ўзялі мяне і маю малодшую сястру і паехалі наведаць радзіму. Нам з сястрой спадабалася тое, што мы ўбачылі ў Беларусі, і, напэўна, наша жаданне было апошнім аргументам».

Сям’я прадала дом у Чарамхове, сабрала рэчы і прыехала ў Беларусь. Дзед Мацкевіча па бацьку па вяртанні нават атрымаў ад уладаў кампенсацыю за дом, які ў яго калісьці канфіскавалі. Сумы — 800 рублёў — на новы дом не хапіла, і ўсё ж гэта былі някепскія грошы на тыя часы. Пасля ўжо бацька філосафа звяртаўся па рэабілітацыю свайго таты і атрымаў адпаведную даведку. А напачатку незалежнасці яму нават выдалі пасведчанне аб тым, што сям’і належыць зямля вакол роднай вёскі.

Цяпер Уладзімір Мацкевіч узгадвае, што расповеды пра вайну яго дзядоў не супадалі з тым, пра што казалі ў гарадзенскай школе, дзе ён вучыўся. Метадолаг адзначае, што даводзілася ўсё супастаўляць, і не заўсёды ён цалкам давяраў расповедам дзядоў. Хоць гэта не дазваляла яму трапіць пад уплыў савецкай прапаганды. Зрэшты, пра самі баявыя дзеянні дзяды распавядалі не так шмат, апроч, хіба што, бітвы пад Монтэ-Касіна. А ў асноўным расказвалі пра вандроўкі: Блізкі Усход, прысутнасць на службе Папы Рымскага, нават пра Александрыйскі заапарк.

Сямейная рэліквія — крыж за Монтэ-Касіна

Спрабуючы ўжо ў сталым узросце даць ацэнку сітуацыі, якая склалася з забытымі героямі, суразмоўца кажа:

«Несправядлівасць у стаўленні да ветэранаў вайны была настолькі звыклай справай у савецкія часы, што гэтаму нават не прысвячалі адмысловых расповедаў. У Савецкім Саюзе ў той час былі штатныя ідэалагічныя ветэраны, якіх запрашалі па разнарадцы ў школы, дзе яны распавядалі пра подзвіг савецкага народа. І было шмат іншых людзей, якія ваявалі нават у савецкім войску, памяталі рэальную вайну і не хацелі хлусіць пра яе. Шмат хто з рэальных ветэранаў проста не прымаў у гэтым удзел, бо ім было брыдка».

Тых жа, хто ваяваў у Арміі Андэрса, увогуле нібыта не існавала. Бо прызнанне іх удзелу ў вайне супярэчыла б афіцыйнай версіі, адсылала да Другой Сусветнай вайны, якая ў савецкай ідэалогіі і гістарыяграфіі была нечым асобным ад Вялікай Айчыннай:

«Крыўда за такое стаўленне была. Але гэта была крыўда на лёс, на які немагчыма ўплываць. Мае дзяды па-мужчынску ставіліся да гэтага: так, ваяваў, атрымаў медаль, быў паранены... Іншая справа — бабуля, якая была пад акупацыяй. Яна распавядала пра тое, што акупантамі ў вёсцы былі румыны, а не немцы, але нічога дрэннага яны не рабілі. Ніякіх партызанаў і блізка не было. Але ж у яе была звычайная на той момант устаноўка чалавека, які прайшоў праз некалькі акупацый і пажыў пры розных рэжымах: абы не было вайны».

Карп Лазавік на Блізкім Усходзе, 1943 год

Уладзімір Мацкевіч дадае, што з такой устаноўкай расло ўсё яго пакаленне. Але ў яго сям’і пра вайну распавядалі без ідэалагічнага пафасу, таму на яго яе гераізацыя не паўплывала, у адрозненне ад значнай часткі савецкіх людзей:

«Мне было 9 год, калі ў Савецкім Саюзе ўвялі свята 9 мая і пачалася гераізацыя вайны. І цяпер гэта працягваецца. Я думаў, што апошні раз так пампезна ў такім мілітарыстычным угары адсвяткуюць 50 гадоў перамогі ў 1995 годзе. Але і 60, і 70 гадоў — усё працягваецца і становіцца ўсё больш маразматычным. Гэта пратэз, які замяшчае адсутнасць чагосьці вельмі істотнага і сапраўднага ў беларускай афіцыйнай ідэалогіі».

Але, на думку філосафа, такое замяшчэнне сапраўднай памяці пра вайну міфалогіяй патроху праходзіць:

«Усе нашы лепшыя творцы — інтэлектуалы, пісьменнікі, мастакі — паказалі сапраўдныя жахі вайны яшчэ ў савецкія часы — узгадайце творы Быкава, Адамовіча. Але, напэўна, шмат каму ўвесь гэты час было ўтульней крочыць за афіцыйнай ідэалогіяй, аднак гэтая апантанасць зменшваецца. Калі ў 1990-я гады беларускі рэжым быў лідэрам пафаснага ўзвялічвання перамогі, расійскі рэжым ставіўся да гэтага больш разважліва. Часы змяніліся, і пуцінскі рэжым перахапіў у гэтым лідэрства, а беларускі стаў дыстанцыравацца. Парады сталі зусім не такімі пафаснымі, нават афіцыёзныя структуры не раяць карыстацца «каларадскімі» стужкамі, хоць яны і не забаронены, — увялі свае, чырвона-зялёненькія, якія нічога агульнага з вайной не маюць, але ж свае. Пачынаецца перагляд нейкіх рэчаў, і гэта ўжо пачатак канца міфалагізацыі».

Касьян Мацкевіч (на пярэднім плане) пасля бытвы пад Монтэ-Касіна


Другие публикации