Андрэй Ягораў: Усё залежыць ад людзей на месцах

23.11.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У межах кампаніі «Павестка 50» на Століншчыне стартаваў сацыяльны праект «Роўныя — Роўным».

Беларусь падпісала Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю, якая прадугледжвае паварот ад палітыкі ў галіне інваліднасці, якая праводзіцца цяпер, да палітыкі, заснаванай на правах чалавека. Пасля таго, як Канвенцыю падпісалі, яна ратыфікуецца, яе палажэнні адлюстроўваюцца ў беларускіх законах, праграмах па сацыяльнай палітыцы. Але працэс, які вядзе дзяржава, павінен напаўняцца і «знізу» — актыўнасцю людзей, супольнасцей, грамадскіх арганізацый, гарадоў. Менавіта такому напаўненню спрыяе кампанія «Павестка 50», якая рэалізуецца ў Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

«Гэта павінна быць праца ўсяго грамадства. Сутнасць павестак і заключаецца ў тым, каб стымуляваць актыўнасць людзей у гарадах праз стварэнне сувязяў паміж рознымі ініцыятыўнымі групамі, не чакаючы, што калі-небудзь прыйдзе дзяржава і штосьці зробіць, — зазначыў у каментарыі Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Але гэтая актыўнасць мусіць быць рацыянальна спланаваная. Такімі лакальнымі планамі і ёсць мясцовыя павесткі, якія распаўсюджваюцца не на ўсю краіну і нават не на пэўны рэгіён, а на некаторыя гарады. На сённяшні дзень ужо праведзена даследванне гатоўнасці беларускіх гарадоў да рэалізацыі Канвенцыі, ёсць ініцыятыўныя групы на месцах з сяброў арганізацый людзей з інваліднасцю і пэўных дзяржаўных структур (тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ў некаторых гарадах), а таксама з іншых зацікаўленых грамадскіх арганізацый і простых грамадзян.

«Мы прыцягвалі досвед нашых калег з Польшчы, падрыхтавалі метадалогію працы па павестках у нашых умовах. У адрозненне ад нашых суседзей, у якіх усё было дастаткова цэнтралізавана і мясцовыя ўлады абавязаныя былі распрацоўваць планы згодна з польскім заканадаўствам, у нас мясцовыя ўлады не маюць ні патрэбы, ні загаду гэта рабіць. У нашых умовах часта мы не маем ініцыятывы «зверху», і ў нас, хутчэй, адбываеца планаванне «знізу», хоць, дзе магчыма, мы ўцягваем у яго мясцовыя органы ўлады», — гаворыць Андрэй Ягораў.

Першая і найбольш сур’ёзная праблема, з якой сутыкаецца любая ініцыятыўная група, — адсутнасць пэўнай легітымнасці рабіць нейкую працу. Мясцовыя ўлады адчуваюць сябе гаспадарамі ў сваёй лакацыі, таму рашэнні часам прымаюцца звышцэнтралізавана, пастаянна даводзіцца звяртацца «наверх», каб атрымаць нейкія дазволы. Замест кааперацыі дзеля паляпшэння сітуацыі на месцах атрымліваецца такая нездаровая канфрантацыя: мясцовыя ўлады самі па сабе, а грамадскія ініцыятывы самі па сабе. Гэта значна ўскладняе працу, бо калі няма легітымнасці і права нешта рабіць, ініцыятывы становяцца няўстойлівымі. Таму такая праца патрабуе вялікага ўзроўню самаадданасці, ахвярнасці і ўпартасці.

Тым не менш, часам узнікае імкненне да кааперацыі грамадскіх ініцыятыў і дзяржаўных органаў — больш-менш спрыяльныя ў гэтым плане адносіны складваюцца ў Стоўбцах, Століне.

«Але часам людзі самі дрэнна ведаюць сітуацыю ў сваім горадзе і не маюць адпаведных кампетэнцый, каб рэалізаваць падобныя ініцыятывы. Неабходна мець шмат актыўнасці, крэатыўнасці, адкрытасці, хуткасці дзеянняў — а маленькія гарады нібыта жывуць па-за часам, там амаль нічога не мяняецца», — зазначае суразмоўца.

Планы рэалізацыі павестак для розных гарадоў будуць рознымі. У залежнасці ад грамадскай актыўнасці, развіцця сацыяльнага бінесу, адносін з мясцовымі ўладамі, наяўнасці актыўных цэркваў, навучальных устаноў, якія могуць нешта прыўносіць у гэтую дзейнасць, складаецца ўнікальная кантамінацыя чыннікаў для пачатку планавання. Бо мы можам абапірацца толькі на наяўныя рэсурсы, якія можна ўцягнуць у гэтую тэму:

«Вельмі шмат у рэалізацыі павестак залежыць ад стану людзей на месцах, ад таго, што яны могуць і гатовыя рабіць. Безбар’ернае асяроддзе куды больш пазітыўна змяняецца ў тых гарадах (незалежна ад таго, буйныя яны ці малыя), дзе ёсць вялікія ініцыятыўныя групы людзей з інваліднасцю. Але я бачу дзве праблемы, якія могуць узнікнуць. Першая заключаецца ў «шапказакідальніцкім» стаўленні да працы, маўляў, мы нешта зробім, а далей яно само паедзе. Яно не паедзе само. Другая праблема ў тым, што людзі могуць успрымаць працу па павестках як невялікі набор дзеянняў пры адсутнасці разумення таго, што гэты план можа пераўтварыць штосьці ў горадзе. Мы павінны паспрабаваць зрабіць так, каб на выхадзе ў нас атрымалася каманда людзей з розных сектараў, звязаных паміж сабой і з ключавымі стэйкхолдарамі ў горадзе: бізнесам, уладамі, цэрквамі. Мы заўсёды гатовыя дапамагаць і ўключацца ў дзейнасць, якая ведзецца на месцах, усімі рэсурсамі, якія маем тут. Таму справа — за людзьмі на месцах».

Між тым на Століншчыне ўжо пачалася рэалізацыя першага праекта ў межах кампаніі «Павестка 50» пад назвай «Роўныя — Роўным». Ён заключаецца ў стварэнні ўмоў для незалежнага пражывання маладых інвалідаў на Століншчыне і прадугледжвае распаўсюджванне атрыманага досведу на іншыя тэрыторыі. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу года. За гэты перыяд яго ўдзельнікі правядуць маніторынг усіх грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў, пунктаў харчавання ў Століне на прадмет наяўнасці там безбар'ернага асяроддзя. Усе звесткі будуць апрацаваныя, што дазволіць выпусціць даведнік па даступнасці Століна для людзей з інваліднасцю з указаннем у ім кожнага аб'екта.

Сацыяльны праект «Роўныя — Роўным» рэалізуюць Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў, Беларускае таварыства Чырвонага крыжа, Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, раённая арганізацыя БелТІЗ, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, райвыканкам і ініцыятыўная група бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Гл. таксама вынікі даследавання: Потенциал и возможности внедрения механизмов локального планирования в беларусских регионах для обеспечения прав людей с инвалидностью

* * *

Кампанія «Павестка 50» рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза, у партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй «Еўрапейскі дом» (Данія). У рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.


Другие публикации