Што будзе, калі Уладзімір Пуцін знікне і не вернецца?

23.02.2018
Яўген Балінскі, Belsat.eu

Раз у некалькі гадоў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін кудысьці знікае. Праз тое, што ў расійскай палітычнай традыцыі не прынята казаць пра здароўе «першай асобы», з’яўляюцца розныя спекуляцыі. Знікае ён проста так ці па сурʼёзных прычынах?

Што будзе, калі раптам Пуцін знікне — і не вернецца? Журналіст «Белсата» Яўген Балінскі разам з дырэктарам Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолагам Андрэем Ягоравым абмеркавалі гіпатэтычнае развіццё падзей.

Калі б Расія засталася без Пуціна...

Калі б раптам здарылася так, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін знік, прапаў, што адбывалася б у Расіі? Навальны, ФСБ, пячорныя «чарнасоценцы», Мядзведзеў — хто і як скарыстаўся бы з магчымасці захапіць уладу, і ці была бы такая магчымасць? Андрэй Ягораў лічыць, што вельмі складана спрагназаваць трансфармацыю персаналістычных рэжымаў пасля знікнення іх аўтарытарнага лідара.

«Унутраная механіка і расстаноўка сіл, пры адсутнасці публічнасці, схаваная ад вонкавага погляду, але калі Пуціна не стане раптам, паміж уладай і алігархамі пачнецца барацьба. Сёння маса спекуляцый вакол «крамлёўскіх вежаў», якія і пачнуць барацьбу, але складана сказаць, хто і на чыім баку будзе гуляць», — лічыць Ягораў.

Якая роля Суркова або Мядзведзева? Што будзе рабіць Кадыраў? Як павядуць сябе расійскія рэгіёны? Ці паспрабуюць алігархі ўзяць уладу? Эксперт лічыць, што мы не ведаем гэтага напэўна. Аднак Ягораў дадае, што барацьба, перш за ўсё, пойдзе за медыя ды за сілавікоў. Аднак, лічыць эксперт, дэмакратычная супольнасць, улічваючы яе слабасць і некансалідаванасць, хутчэй за ўсё, застанецца па-за гульнёй, калі ў сваіх інтарэсах яе не захочуць выкарыстоўваць уладныя структуры.

Беларусь і Украіна супраць імперскасці: пра «ўкраінскі Крым» трэба забыць?

Што ў гэтай сітуацыі верагодней згуляе для Беларусі і Украіны? Адцягненне ўвагі расійскіх эліт на барацьбу за ўладу і перадзел за ўсё ўнутры Расіі ці, наадварот, тое, што называецца «вяртаннем велічы дзяржаў» — утаплення ў крыві ўсіх, хто супраць? Што зменіцца для Беларусі?

Ягораў лічыць, што, у выпадку знікнення Уладзіміра Пуціна, Беларусь нічога новага не чакае.

Што ж да Украіны, то, зыходзячы з рыторыкі асноўных дзейных асоб расійскай палітыкі, ні Навальны, ні Жырыноўскі, ні ўмоўныя «левыя», ні, тым больш, т.зв. «радыкалы» або «пуціністы» вяртаць Крым не збіраюцца. Андрэй Ягораў перакананы, што імперскасць расійскай эліты — «адвечная» праблема Расіі.

«У адрозненне ад Беларусі, у Расіі дзве праблемы: аўтарытарызм і імперыялізм. Другога мы, беларусы, пазбаўленыя. Але хто б ні прыйшоў да ўлады ў Расіі, нават лібералы, не пачнуць працэдуру вяртання Крыма. Новыя ўлады будуць мець патрэбу ў падтрыманні «популюса», а ён у сваёй масе атручаны імперскай рыторыкай. Спатрэбяцца гады вытраўлення гэтай ідэі, каб пытанне вяртання Крыма абмяркоўвалася больш сур’ёзна», — лічыць Ягораў.

«Расійскія войскі забудуць ў Сірыі»

Усе тыя сілы, што могуць скарыстацца сітуацыяй і захапіць уладу ў Расіі — якой пазіцыі яны прытрымліваюцца адносна вайны ў Сірыі і адносін з Захадам? Андрэй Ягораў лічыць, што можа быць небяспека працягу канфрантацыі з Захадам.

«Калі да ўлады прыйдуць радыкальныя сілы, якія сёння трызняць «Вялікай Расіяй», то не выключана, што канфрантацыя працягнецца. Аднак, хутчэй, унутраныя разборкі не пакінуць месца для вонкавай вайны. Адносіны з Захадам адыдуць на другі план, і войскі «забудуць у Сірыі», — лічыць Ягораў.

Эксперт лічыць, што ў Расіі могуць пачаць выкарыстоўваць «зялёных чалавечкаў» ва ўнутранай барацьбе. «На нейкі час усталюецца хаос, вонкавыя кантакты будуць адкладзеныя», — дадае эксперт.


Другие публикации