Андрэй Ягораў: Беларусь могуць выключыць з Балонскага працэсу

04.05.2018
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

На юбілейнай канферэнцыі міністраў адукацыі краін Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая пройдзе 22-24 траўня ў Парыжы, яе ўдзельнікі разгледзяць, сярод іншых, і пытанне аб выкананні Беларуссю «дарожнай мапы» Балонскага працэсу.

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў сказаў «Свабодзе», што існуюць тры варыянты рашэння па Беларусі:

1. Пакінуць за Беларуссю дзейны статус удзельніка Балонскага працэсу

«Гэта значыць працягнуць дзейнасць мапы: даць больш часу на яе выкананне і зрабіць яе больш прымальнай для Беларусі», — тлумачыць палітоляг.

2. Уключыць Беларусь у блок краін, якія не выконваюць шэраг патрабаванняў Балонскага працэсу

«У гэтым выпадку з Беларусі здымаюцца адмысловы статус і спецыфічныя абавязанні. А яны хоць нейкім чынам стымулявалі беларускі ўрад нешта рабіць у галіне вышэйшай адукацыі».

3. Поўнае выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу

Магчымы любы з трох варыянтаў

Андрэй Ягораў кажа, што працэдуры выключэння фармальна не існуе.

«Але ў Бруселі нам казалі, што Еўрасаюз паставіў пытанне аб прыпыненні статусу Беларусі пры ўмове, калі краіна не будзе выконваць патрабаванні Балонскага працэсу. Тут дастаткова радыкальнай пазіцыі дзвюх-трох краін, каб усё ўскладніць. А паколькі апошнім часам шмат крытыкі на адрас беларускіх уладаў, то з Беларусі могуць зрабіць такі паказальны прыклад», — лічыць эксперт.

Улады спадзяюцца на паразуменне

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выклаў афіцыйную пазіцыю наконт Балонскага працэсу напрыканцы красавіка 2018 годв, калі ў Беларусі знаходзілася генеральны дырэктар Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнству права Сняжана Самарджыч-Маркавіч.

Ён выказаў упэўненасць, што ўдзел беларускай дэлегацыі ў Канферэнцыі міністраў «дасць магчымасць павысіць інфармаванасць акадэмічнай і навуковай еўрапейскай супольнасці наконт развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у рэчышчы агульнасусветных тэндэнцый пры захаванні нацыянальных традыцый, а таксама пацвердзіць гатоўнасць беларускага боку працягнуць працу па выбудоўванні давернага і ўзаемаўзбагачальнага дыялогу ў пытаннях забеспячэння «лепшай будучыні» для вышэйшай адукацыі».

З гісторыі працэсу

Балонскі працэс — працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Каб уступіць у Балонскі працэс, краіна прымае на сябе абавязанні: бясплатна выдаваць выпускнікам ВНУ еўрапейскія дадаткі да дыпломаў бакалаўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сістэму адукацыі ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Балонскай дэклярацыі.

У 2015 годзе Беларусь стала адзінай краінай, якую прынялі ў Балонскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у «дарожнай мапе»: ажыццяўленне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформ вышэйшай адукацыі.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации