Вось расійская атака! Дзе заходняя рэакцыя? (Відэа)

01.12.2018
Belsat.eu

Доналд Трамп адмяніў сустрэчу з расійскім прэзідэнтам на саміце ў Аргентыне ў сувязі з падзеямі ў Керчанскай пратоцы.

Хоць усяго за гадзіну да гэтага амерыканскі прэзідэнт заяўляў, што цяпер вельмі добры час для спаткання з Пуціным. Гэта, бадай, найбольш вострая рэакцыя на атакаванне ўкраінскіх караблёў у Азоўскім моры.

«Мы зусім не ў захапленні ад гэтай сітуацыі. Мы паведамім пра сваю пазіцыю, але мы не ў захапленні», — заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Зарэагаваў і Еўрасаюз.

«Такое развіццё падзей недапушчальнае, і мы чакаем ад Расіі тэрміновага вызвалення караблёў ды іх каманд», — адзначыла прэс-сакратар Еўракамісіі Мая Кацыянчыч.

Заклікі ўзнавіць свабоду карабельства і вярнуць захопленыя караблі Украіне. Такою была першая рэакцыя Еўрасаюза і ЗША на агрэсію Расіі ў Чорным моры. Тэрміновае паседжанне Рады бяспекі ААН у панядзелак таксама не прынесла канкрэтных рэзалюцый.

«Звышдзяржавы нашага свету — ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына, тут рэакцыі амаль не было, хаця Расія перайшла наступны бар’ер, наступную мяжу. Гэта быў першы раз, калі расійскае войска не прыкрывалася кімсьці іншым», — сцвярджае ў інтэрв’ю «Белсату» польскі публіцыст з «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі.

Пад расійскім сцягам і ў стылі, які больш нагадваў атаку марскіх піратаў. Відэа тарану ўкраінскага буксіра расійскім памежным караблём абляцела ўсе сусветныя сродкі масавай інфармацыі. Але найлепш расійскую мову — у наўпроставым і пераносным сэнсе — зразумелі суседзі Расіі.

«Увесь гэты матэрыял на YouTube... У суправаджэнні лексікі нам зразумелай. Гэта паказвае, што яны ганарацца тым, што зрабілі. Так што міжнародная супольнасць мусіць усё-такі выказацца наўпрост і зразумела», — лічыць міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Наўпрост і зразумела пакуль выказаліся перадусім краіны Еўрасаюза, якія маюць з Расіяй супольную мяжу. Сейм Літвы заклікаў пашырыць заходнія санкцыі супраць Расіі. Са словаў міністра замежных справаў краіны, адсутнасць вострай рэакцыі Еўрасаюза будзе чарговаю памылкаю.

«Вельмі шмат памылак было да гэтага, пачынаючы з 2008-га года: вайна ў Грузіі, 20% тэрыторыі акупаваныя. Мы бачым, што наступствы мінімальныя або іх няма наагул. Крым — анексія, цяпер падзеі на Данбасе. І я думаю, што на гэтым усё не спыніцца, бо гэта эскалацыя, і яна адбываецца без нейкіх вялікіх наступстваў, таму гэта працягваецца», — мяркуе Лінкявічус.

На наступным тыдні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце плануе візіт ва Украіну, у тым ліку каб падтрымаць яе жыхароў. Такога візіту не выключае і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, як і Вільня, выступае за пашырэнне санкцый супраць Масквы.

«Сапраўды, візіт Анджэя Дуды быў бы рэзкім сігналам украінскім палітыкам і ўкраінскаму грамадству, што Польшча ў гэтым канфлікце, незалежна ад усіх іншых нюансаў нашых дачыненняў, усё-ткі Украіну падтрымлівае, бо гэта таксама наш агульны нацыянальны інтарэс», — кажа Міхал Патоцкі.

У адрозненне ад суседзяў, афіцыйны Минск пастанавіў прамаўчаць у справе атакі ў Керчанскай пратоцы. Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей абмежаваўся агульнымі адказамі, не выказаўшы падтрымання ніводнаму з бакоў канфлікту.

«Каб Беларусь далучылася да расійскага боку, натуральна, гэта б ускладніла адносіны з Захадам і перамоўны працэс, які ідзе. І наадварот, калі б Беларусь яўна падтрымала пазіцыю Украіны ў гэтым канфлікце, то яна б мела пэўную напружанасць, прынамсі дыпламатычнага характару, з Расіяй», — адзначае Андрэй Ягораў з Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

У салідарнасці з Украінаю тым часам запэўніла канцлерка Нямеччыны. Ангела Мэркель паабяцала паразмаўляць пра інцыдэнт у Азоўскім моры з прэзідэнтам Расіі падчас саміта «Вялікай дваццаткі» ў Аргентыне, які распачнецца ў суботу.

«Мы не ўводзім санкцый супраць Расіі дзеля санкцый. Наадварот, мы ўводзім санкцыі, каб даць зразумець, што краіны, нават каля яны тэрытарыяльна месцяцца побач з Расіяй, маюць права на ўласнае развіццё. Гэта падставы міжнароднага права», — заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Тым не менш, паводле інфармацыі нямецкага выдання «Die Welt», Нямеччына і Францыя не падтрымліваюць увядзення новых санкцый супраць Крамля. Нямецкія кампаніі працягваюць будаваць супольна з Расіяй газаправод «Паўночная плынь-2» праз Балтыйскае мора. Берлін пераконвае, што ўдзел Нямеччыны ў гэтым праекце на руку Еўрасаюзу і Украіне.

«Вывад нямецкіх кампаній з гэтага праекту не будзе азначаць, што газаправоду не пабудуюць. Хутчэй за ўсё, яго збудуе толькі Расія», — тлумачыць пазіцыю міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас.

Стрыманую рэакцыю Захаду на расійскую агрэсію цягам апошніх гадоў дыктуюць перадусім эканамічныя інтарэсы, мяркуюць эксперты. У іншым выпадку рэакцыя было б больш вострая.

«Усё ж такі можна было зрабіць нашмат больш. Хаця б адключыць Расію ад сістэмы SWIFT — міжнароднай сістэмы, якая робіць магчымымі фінансавыя кантакты, можна было выключыць Расію са спартовых спаборніцтваў, культурніцкіх імпрэзаў, нашмат больш націснуць на бізнес», — кажа Міхал Патоцкі.

Паводле былога намесніка асістэнта міністра абароны ЗША Майкла Карпэнтэра, інцыдэнт у Азоўскім моры адбыўся не выпадкова, а дзеянні Расіі скіраваныя на эканамічную блакаду Украіны. Ён перакананы, што далейшыя дзеянні Масквы залежаць ад таго, ці будуць пасля заяваў канкрэтныя дзеянні з боку НАТО, ЗША і Еўрасаюза. А пакуль, як і раней, рашучай рэакцыі няма.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации