«Людзей звараць, як жабаў». Эксперты тлумачаць, як дзяржава падманула «дармаедаў» (Відэа)

03.12.2018
Belsat.eu

Пакуль Аляксандр Лукашэнка абяцае адшукаць кожны лішні рубель у кішэнях чыноўнікаў, беларусы шукаюць свае імёны ў базе дармаедаў.

Тых, хто ў спіс трапіць, чакаюць новыя ўмовы аплаты камунальных паслуг. Іншых — спадзевы на тое, што да іх у дзяржавы пакуль няма прэтэнзій.

Госці праграмы «Размова тыдня» са Святланаю Калінкінай — эксперт установы «Стратэгічная думка» Аляксей Харкевіч з Гомля і дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў — абмяркоўвалі найважнейшыя падзеі мінулага тыдня.

Мінус пяць мільёнаў. Беларусы баяцца ездзіць ва Украіну

На міжнароднай арэне галоўнаю падзеяй тыдня стаўся новы віток канфлікту Расіі і Украіны. Улады Беларусі захоўваюць нейтральнае маўчанне, а грамадзяне свайго меркавання не мяняюць: большасць верыць таму, што гучыць у расійскіх СМІ. «З 2014 года транзітны паток праз беларуска-ўкраінскую мяжу скараціўся прыкладна на 5 мільёнаў чалавек», — распавёў госць праграмы Аляксей Харкевіч.

Беларусь vs ЕАЭС: ад любові да нянавісці

Адносіны ўладаў Беларусі да Еўразійскага эканамічнага саюза мяняюцца ад полюса да полюса. Кіраўніцтва краіны то заяўляе, што эканамічны саюзы — ледзь не адзіны паратунак, то рэзка крытыкуе за несправядлівасць. Як будуць развівацца стасункі ўладаў Беларусі і эканамічнага саюза з вялікім палітычным сэнсам?

«Чым канчаюцца ўсе гандлёвыя войны з Расіяй? У адным мы выйгралі, у іншым прайгралі. Так будзе і зараз. Як кан’юнктура складзецца, мы не ведаем. Вельмі шмат вось гэтых палітычных чыннікаў, якія задзейнічаныя тут. Але відавочна, што кожны канфлікт раней канчаўся нейкаю формаю новай дамоўленасці. І гэты канфлікт скончыцца гэтак сама», — тлумачыць дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Людзі не заўважылі новых правіл для дармаедаў?

Гомельшчына была адным з тых рэгіёнаў, які найбольш моцна адгукнуўся на дэкрэт аб дармаедах. Вулічныя акцыі пратэсту былі ледзь не буйнейшыя, чымся ў Мінску. З 1 снежня любы грамадзянін можа адшукаць сваё імя ў спісе дармаедаў і даведацца, ці давядзецца аплочваць камунальныя паслугі паводле новага стоадсоткавага тарыфу. Варта чакаць новых пратэстаў?

«Дармаеды не будуць аплочваць камунальных паслуг паводле поўнага тарыфу да кастрычніка наступнага года. Адпаведна, па вясне прырост у жыроўцы будзе не такі істотны. Адразу дадасца каля 10 рублёў — не так шмат, але ў новым ацяпляльным сезоне жыроўка пацяжэе на 20-30 рублёў. Гэта будзе паэтапна. У гэтым і ёсць стратэгія ўладаў, як у прымаўцы: калі кінуць жабку ў кіпень, яна выскачыць, а калі паступова падаграваць ваду з жабкаю, то яна зварыцца. Людзі будуць паглыбляцца ў новыя стасункі, але ў выніку ўсё роўна «зварацца», — выказаў сваё меркавання спадар Харкевіч.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации