Беларусь не можа вызначыцца з новым кірункам міжнародных дачыненняў (Відэа)

06.03.2019
Алесь Залеўскі, Belsat.eu

Ні дня без нарады ды публічнага разносу. Вось і ўчора Аляксандр Лукашэнка не прамінуў паразважаць на камеру, як нам жыць далей.

Нарада датычыла міжнароднай супрацы Беларусі з заходнімі і ўсходнімі інтэграцыйнымі структурамі. Калі коратка, цяжка з усімі суседзямі.

Дыпламатыя, як і грошы, любіць цішыню. Але не ў выпадку кіраўніка Беларусі.

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, каментуе «Белсату»:

«Праблема ў тым, што Беларусь і не выбудоўвае лініі ўзаемаадносінаў ні на Усход, ні на Захад. Бо ёсць татальная нявызначанасць з боку Беларусі ў мадэлі свайго развіцця».

Найбольш крытыкі дасталася структурам на ўсходнім кірунку. «Саюзная дзяржава» не забяспечвае да раўнапраўя з расейцамі. Еўразійскі эканамічны саюз са шматлікімі бар’ерамі, на думку Лукашэнкі, у сваёй інтэграцыі павярнуўся назад. У Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы — справы не лепшыя: больш за паўгода бакі не могуць дамовіцца пра новага генеральнага сакратара.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Пастулат суверэнітэту — таксама застаецца непахісным».

Куды больш лагодная рыторыка гучала ў бок Захаду. Еўрасаюз гандлюецца аб дробязях і не адмяніў санкцый. Але растуць інвестыцыі ды гандаль, атрымліваем выгодныя крэдыты. НАТА абклаў з трох бакоў, але намеры, з імі звязаныя, у нас самыя партнёрскія. Праўда, калі раней кіраўніку краіны ў адносінах з Еўрасаюзам заміналі «падвойныя стандарты» еўрапейцаў і даносы апазіцыянераў, то цяпер наладжваць дыялог перашкаджае... усходні сусед.

«Я хачу, каб гэта пачулі нашыя прыхільнікі і апаненты ў Расійскай Федэрацыі», — кажа кіраўнік Беларусі.

На Расію на нарадзе абрынулася найбольш крыўдаў. Да стабільнасці ў дачыненнях з усімі суседзямі афіцыйнаму Мінску ўсцяж далёка.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Парадокс адносінаў з Захадам заключаецца ў тым, што Беларусь не імкнецца ў заходнюю дэмакратычную мадэль. А парадокс інтэграцыі з Усходам заключаецца ў тым, што Беларусь хоча жыць як незалежная краіна, уступаючы ў інтэграцыйныя аб’яднанні Расіі, якая не хоча бачыць сваіх суседзяў як незалежныя краіны».

І міністр замежных спраў Уладзімір Макей для балансу ў закідах папракнуў і заходняга суседа. Маўляў, гэтая краіна блакуе падпісанне падставовага дакументу ў адносінах з Еўрасаюзам — Дамовы аб супрацоўніцтве. Праўда, не ўдакладніў: гаворка пра Літву, якая стала выказвае прэтэнзіі датычна Астравецкай АЭС, ці пра Польшчу?

Алесь Лагвінец, палітолаг:

«Гэта тыя дакументы, якія для Беларусі вельмі важныя і могуць спрасціць жыццё звычайным беларусам, і зрабіць так, каб Еўрасаюз быў больш прысутны тут, у Беларусі».

Што, у сваю чаргу, не ў інтарэсах Расіі. За грошы якой, зрэшты, і будуецца АЭС.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации