Алесь Гізун: Інвестуем у будучыню, няўцямную і незразумелую, але іншага шляху ў нас і няма (Фота)

24.02.2015
Пётр Кухта, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Фота EuroBelarus.Info

Досвед працы журналістам у рэгіянальным выданні не дае асаблівых надзеq на хуткі плён, але, як казаў той філосаф: «Рабі, што мусіш, і няхай будзе, што будзе».

Журналіст баранавіцкага навінавага партала Intex-press.by Алесь Гізун, адзін з трох пераможцаў прэміі «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ», заснаванай у 2014 годзе Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», атрымаў узнагароду ў мінскім офісе «ЕўраБеларусі».

Нагадаем, пераможцамі таксама сталі Зоя Хруцкая, журналіст маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты», і яшчэ адзін прадстаўнік «Intex-press» Арцём Гарбацэвіч.

Алесь Гізун узгароджаны за рэпартаж з курсаў «Мова нанова» ў Баранавічах, але, хутчэй, за непадабенства яго матэрыяла на звыклы рэпартаж з месца падзей.

«Не першы раз пішам пра гэтыя курсы, але хацелася паказаць з’яву не толькі як такую, паказаць праз меркаванні персон, незаангажаваных, не з моўна-культурніцкай тусоўкі. Паказаць шлях да мовы праз зусім розных людзей: бухгалтара, банкіра і г.д.», — зазначыў Алесь Гізун у гутарцы са Службай інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Сам журналіст зараз у доўгатэрміновым адпачынку, не выключае і змены накірунку сваёй дзейнасці:

«8 гадоў на адным месцы — магчыма, патрэбныя змены. Можа, нешта сумежнае, каб не проста злабадзённая журналістыка. Хочацца зрабіць праект, звязаны з нейкімі цікавосткамі рэгіёна, культурнымі, гістарычнымі. Тым больш, у мяне ўжо ёсць досвед — быў чатырохгадовы праект «Сляды спадчыны», прысвечаны старажытным шляхецкім сядзібам у ваколіцах Баранавічаў, маёнткам ды паркам, іх парэшткам».

Што да грамадзянскай актыўнасці ў Баранавічах, якую спрабуе падтрымліваць і развіваць «Intex-press», то, як кажа журналіст, пакуль гэта справа толькі індывідуальных ініцыятыў, пра інтэнсіўную дзейнасць шырокім фронтам казаць не выпадае.

«Знайшлася, напрыклад, суполка людзей — яны былі і раней, але на нейкі час раз’ядналіся, якія нядаўна зладзілі фэст беларускай музыкальнай культуры. Нечакана было каля 600 чалавек. І гэта не ў самім горадзе — фэст праходзіў дзесьці ў 10 кіламетрах ад Баранавічаў, — распавядае Гізун. — У той жа час, мы рэкламавалі першы пасля забароны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, інфармацыя была паўсюль: на мясцовых сайтах, у той жа нашай газеце. Прыйшло 12 чалавек».

На пытанне пра ўплыў газеты з накладам у 15000 асобнікаў на грамадскую думку ў буйных Баранавічах Алесь Гізун кажа, што «гэта з’ява — амбівалентная»:

«Адназначна тут і не адкажаш. Калі казаць пра наш горад, пра нашу газету, безумоўна, добра і выдатна тое, што ў Баранавічах ёсць «Intex-press», тое, чаго няма ў шматлікіх гарадах краіны. Не кажу пра Мінск, дзе і выбар большы, і доля насельніцтва з актыўнай пазіцыяй большая, чым у рэгіёнах. У Баранавічах, дзякуючы «Intex-press» існуе, перадусім, інфармацыйная пляцоўка. Для многіх людзей, асабліва сталага веку, якія з недаверам ставяцца да таго ж Інтэрнэта ці проста да яго не прызвычаіліся, «Intex-press» ёсць адзінай пляцоўкай, каб атрымаць надзённыя навіны, дзе можна атрымаць альтэрнатыўнае бачанне існых падзей, працэсаў. Проста атрымаць фактуру пра горад. Плюс спрабуем зараз перапрацоўваць агульнанацыянальныя навіны перапрацоўваць у сваім, рэгіянальным кантэксце. Гэта — адзіны канал сувязі с сапраўднай рэчаіснасцю», — зазначае Гізун.

Але, заўважае ён, «з іншага боку, вядома, што многія купляюць газету праз ТБ-праграму і, як іх называюць, аб’яўкі». «Шмат бачыў, як пакупнікі бяруць газету, адкідаюць уласна газету і пераходзяць да аб’явак. Гэтым і тлумачыцца, думаю, што пры наяўным вялікім накладзе, падпіска — мізэрная і мае тэндэнцыю да змяншэння. Відаць, і эканамічны чыннік неяк тут сказваецца. А падпісчыкі — гэта ж сталая аўдыторыя, гэта твой фронт, які мае падобную пазіцыю, ды які проста заступіўся б, магчыма, за выданне, калі якая крыза. Чытачы аб’явак і праграмы наўрад ці на гэта здольныя», — кажа журналіст.

Няма і актыўнай зваротнай сувязі: «Скептычна стаўлюся да гэтага. Людзі сапраўды тэлефануюць і прыходзяць, але гэта, звычайна, з пасылам «Вырашыце маю праблему!». То бок яны разглядаюць газету толькі як інструмент для вырашэння праблем, прычым такіх, абсалютна драбненькіх».

Нагадаем, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч лічыць прэсу ў правінцыі сервісам, але тым, што сам фарміруе запыты ды густы чытачоў. Алесь Гізун кажа, што «падобную тэорыю мы артыкулюем таксама — і ў рэдакцыі, і міжсобку»:

«І нейкім чынам спрабуем праз тыя самыя тэксты, тыя самыя матэрыялы не толькі інфармаваць, а і спрабаваць выхоўваць сваю аўдыторыю — не ў дыдактычным, безумоўна, сэнсе, а фарміраваць і нейкія густы, акцэнтаваць увагу на сапраўды каштоўнасным для нас, развіваць грамадзянскасць. Хочацца верыць, што гэта не ўпустую. Але пакуль — на ўзроўні веры хіба што і трымаемся. Гэта нейкая самаахвярнасць, так бы сказаў. Ці інвеставанне ў будучыню, няўцямную і незразумелую, і без асаблівай надзеі на плён, на водгук. Але пры гэтым мяркую, што іншага шляху ў нас і няма. Як той філосаф казаў: «Рабі, што мусіш, і няхай будзе, што будзе».

Даведка

Чаму мы вырашылі ініцыяваць менавіта такую прэмію?

Часам, праглядаючы рэгіянальныя сайты ў спробе ўявіць сабе жыццё ў тым ці іншым горадзе, ловіш сябе на жахлівай думцы, што жыццё ў гэтым горадзе не цячэ! Там дзейнічаюць пастановы «партыі і ўрада», падвышаюцца кошты або рвуцца трубы, дзейнічаюць усялякія інстытуцыі і ўстановы («выканкамы рэлізуюць», «музеі арганізуюць», «дамы культуры запрашаюць»), але сапраўднага чалавечага жыцця (і людзей як такіх) там сустрэць цяжка! Адзіныя жывыя (і то не заўсёды) людзі, якіх можна знайсці — гэта ўдзельнікі дарожна-транспартных здарэнняў ці злачынцы. Але потым ты прыязджаеш у горад і выяўляецца, што, на самой справе, там шмат цікавых людзей і падзей, чамусьці не патрапіўшых у фокус, не «адбіўшыхся» у люстэрку СМІ.

У такую «сляпую зону» часта патрапляе жыццё і актыўнасць грамадскіх арганізацый, нефармальных ініцыятыў самага рознага плана: ад дабрачынных да палітычных, ад лакальна-дваровых да агульнагарадскіх або нацыянальных. У выніку, вельмі важная частка жыцця горада (сацыяльны, культурны, грамадзянскі складнік гэтыга жыцця) застаецца замкнёным у вузкіх колах, пазбаўляючы добрыя і важныя ініцыятывы магчымасцей пашырэння, а жыццё ў горадзе — дынамічнасці ды ўнікальнасці.

Навошта гэтая прэмія, што мы хочам змяніць?

Вядома, у першую чаргу мы хочам дамагчыся больш шырокага асвятлення дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асобных людзей, якія займаюцца агульназначнымі пытаннямі, вырашаюць важныя для горада і краіны праблемы або ўзбагачаюць жыццё культурнымі падзеямі ды самім сваім існаваннем. Яшчэ адной задачай прэміі з’яўляецца стымуляванне творчага і зацікаўленага (няхай часам і крытычнага!) стаўлення журналістаў і рэдактараў рэгіянальных СМІ да тэм і праблем, якія паднімаюцца грамадзянскай супольнасцю.

За што ўручаецца прэмія?

Гэтым разам прэмія ўручаецца за лепшыя матэрыялы, якія адпавядаюць пастаўленым задачам, апублікаваныя на сайтах рэгіянальных СМІ ў кастрычніку-снежні 2014 года. Мы плануем надалей зрабіць гэтую прэмію пастаяннай, а, магчыма, і перавесці яе ў рэжым конкурса, і кожныя тры месяцы адзначаць лепшыя журналісцкія працы, якія найбольш глыбока, востра або крэатыўна асвятляюць дзейнасць грамадскіх і культурных ініцыятыў.

Як вызначаліся пераможцы?

Былі прааналізаваныя матэрыялы тых інтэрнэт-рэсурсаў, якія мы здолелі ідэнтыфікаваць у якасці рэгіянальных СМІ, за апошнія тры месяцы 2014 года. З усіх матэрыялаў былі адабраны тыя, якія задавальняюць крытэрам прэміі. Пасля гэтага, журы, якое складаецца з сябраў Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» вызначыла пераможцаў у трох тэматычных намінацыях: «Падзея», «Партрэт грамадскай ініцыятывы», «Вострая сацыяльная праблема ці канфлікт».


Другие публикации