Беларуская культура адносна норм ЮНЕСКА — прычосаны дзяржавай курдупель? (Фота і відэа)

30.06.2015
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

Па законе на культурнае жыццё беларуса выдаткуецца 1,5 «базавых» штогод, каб той усцешыў вока пафарбаваным ДК і запрасіў прыўкрасную даму 3 ліпеня на плошчу — патанчыць пад Стаса Міхайлава.

Прэзентацыя маніторынгу «Культура як фактар развіцця» адбылася ў прасторы «ЦЭХ» у Мінску 29 чэрвеня. Вынікі супольнага даследавання сферы культуры Беларусі прадставіў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі (ЦЕТ). Даследчыкі высвятлілі, якім чынам у Беларусі адбываецца рэалізацыя Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення».

Трэба нагадаць, что Беларусь — удзельнік Канвенцыі, якая абавязвае дзяржавы заахвочваць і развіваць умовы для культурнай разнастайнасці, узмацняць магчымасці сферы культуры ў развіцці грамадства і чалавека, пашыраць магчымасці самавыяўлення культурных груп і асобных людзей. Але наколькі адпавядае стан культуры ў Беларусі каштоўнасцям вольнага развіцця і самавыяўлення?

Таццяна Вадалажская

Мэтай маніторынгу было прадставіць супастаўныя характарыстыкі для адсочвання змен у сферы культуры, згодна Канвенцыі, і стварыць падставы для публічнага абмеркавання стану сферы культуры і перспектыўных напрамкаў рэалізацыі культурнай палітыкі ў Беларусі, распавяла старшы аналітык ЦЕТ, кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская.

Стан культуры эксперты вымяралі па пяці накірунках: умовы для развіцця і праявы культурнай разнастайнасці, уплыў сектара культуры на развіццё грамадства, развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння і кантактаў, унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры, узаемадзеянне розных суб'ектаў культурнай палітыкі.

Маніторынг змяшчае аналіз прававой базы рэалізацыі Канвенцыі, збор і сістэматызацыю статыстычных звестак і аб’ектыўных паказчыкаў, а таксама экспертныя ацэнкі па пяці вымярэннях Канвенцыі.

Вынікі сведчаць пра тое, што агульныя сістэмы ўяўленняў пра культуру ў беларускай дзяржаве і ў Канвенцыі ЮНЕСКА значна разыходзяцца, паведаміла Таццяна Вадалажская. Агульны ўзровень сферы нашай культуры адносна норм Канвенцыі, па ацэнках экспертаў, нізкі. Найлепшы стан палягае ў такіх вымярэннях, як міжкультурнае ўзаемадзеянне, а найгоршы — ва ўплыве культуры на сацыяльнае і эканамічнае развіццё, і на ўзаемадзеянне розных суб’ектаў. Пазітыўныя зрухі і патэнцыйныя накірункі развіцця сёння не выбудоўваюцца ў нейкую сістэму і стратэгію.

«Як эксперты, мы бачым і нейкія станоўчыя элементы, але яны раскіданыя, — адзначыла даследчыца. — То бок няма адмысловай стратэгіі развіцця культуры».

Эксперт спынілася на праблемах, якія выкрылі падчас маніторынгу.

«Першая — гэта  несупадзенне норм права і заканадаўства з правапрымяненнем. Другая — захаванне падыходаў, у якіх дзяржава з’яўляецца фактычна манапольным суб’ектам рашэнняў у сферы культуры, — распавяла Таццяна Вадалажская. — Так ці інакш, культурная дзейнасць — гэта дзейнасць установаў. Пры гэтым шырокі спектр тых, хто ўключаны ў культуру па факце, застаецца па-за межамі аналізу культурнай палітыкі».

Да таго ж, існуюць яшчэ две каштоўнасныя праблемы: ідэялагічна-палітычны кантроль і падзел усёй сферы культуры на лаяльную і незалежную, а таксама маргінальны стан беларускай нацыянальнай культуры і моцны культурны ўплыў звонку, паведаміла даследчыца.

Ёсць і тры інфраструктурныя праблемы. Па-першае, адсутнасць стратэгіі развіцця сферы і культурнай палітыкі. «У нас нават няма культурнай палітыкі, у нас ёсць культурная тактыка і выкананне планаў. А менавіта як палітыкі, як сферы супольных інтарэсаў і стратэгічнага мыслення — няма», — дадала Таццяна Вадалажская.

Па-другое — недастатковыя ўмовы для развіцця ў культуры новых ідэй, падыходаў, метадаў. Апошняе — адтсутнасць неабходных сістэмных дадзеных пра сферу культуры, адпаведных прынцыпам і мэтам Канвенцыі ЮНЕСКА.

Беларусы не бачаць не толькі статыстыкі, але яшчэ больш — сістэмных даследаванняў сферы культуры, якія тычацца талерантнасці, ідэнтычнасці, каштоўнасцей, удзелу людзей у культуры, падкрэсліла навукоўца.

«Якія мы бачым крокі ў бок набліжэння да Канвенцыі? Гэта разгортванне публічнага дыялогу пра пераадольванне двух згаданых каштоўнасных праблем і рэалізацыя шэрагу крокаў для дэманапалізацыі сферы культуры ў двух накірунках: спрашчэнне ўмоў для з’яўлення новага і таго, што не патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, — адзначыла эксперт. — Таксама трэба працягваць развіваць тую пазітыўную лакальную практыку, якая намецілася ў рэгіёнах — згадненняў і пошукаў агульнай стратэгіі».

У якасці прыклада даследчыца прывяла Віцебск, у якім патроху пачаліся грамадскія абмеркаванні надзённых культурніцкіх пытанняў. Гэтую практыку трэба пашыраць — рабіць больш публічнай і развіваць, падкрэсліла Таццяна Вадалажская.

Вельмі важным эксперты таксама лічаць пункт прасоўвання праз СМІ і сферу адукацыі больш шырокіх сучасных ўяўленняў пра культуру. Яшчэ неабходна ўдасканаліць сістэму вымярэнняў у сферы культуры: узгадненне сістэмы статыстыкі і рэгулярныя даследаванні.

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пасля публічнага абмеркавання, крытыкі і дапрацоўкі маніторынгу плануе прапанаваць гэтую мадэль для больш шырокага выкарыстання краінам Усходняга партнёрства, паведаміла эксперт. Гэта дазволіць паралельна весці даследаванні і праз каардынацыйную працу «мягка кіраваць» культурамі краін.

Андрэй Ягораў

Прававое рэгуляванне сферы культуры Беларусі і суадносіны беларускага заканадаўства і вымярэнняў Канвенцыі ЮНЕСКА асвятліў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

У развітых краінах не было такой практыкі, як у СССР, ад якога ў спадчыну нам засталася з’ява рэгулявання культуры дзяржавай, адзначыў даследчык. Толькі ў канцы 1990-х гадоў культура ў Еўропе пачынае рэгулявацца. Таму беларускае заканадаўства больш рэгулятыўна арыентаванае, чым нормы ў межах Канвенцыі ЮНЕСКА і падыходы да рэгулявання культур Заходняй Еўропы. Прынцыпы будавання — абсалютна розныя.

Аналітык пералічыў асноўныя паняткі беларускіх законаў датычна культуры. Пакуль у краіне дзейнічае Закон «Аб культуры», але ўжо на падыходзе Кодэкс, які можа быць прыняты нават сёлета.

Для беларускага заканадаўства сфера культуры — перш за ўсё, сфера культурнай выторчасці, кшталту эканамічнай, але замест трактароў — культурныя каштоўнасці. То бок гэта прадукт пэўных суб’ектаў — работнікаў культуры. І ўсе культурныя адносіны прывязаныя да забеспячэння іхняй дзейнасці. І дзяржаўная праграма «Культура Беларусі» таксама накіравана на падтрымку менавіта вытворчасці.

Існуюць сацыяльныя мінімальныя стандарты датычна культуры, дзве нормы: норма культурных устаноў для аграгарадкоў і норма выдаткаў на культуру — 1,5 базавых велічыні на чалавека ў год, каб арганізаваць культурны дасуг: спажываць «прадукты» вытворчасці, хадзіць у культурныя ўстановы краіны.

Аналітык адзначыў, што ў Кодэксу, на жаль, кардынальных змен датычна сферы культуры чакаць не трэба. Дык навошта тады нам патрэбны гэты Кодэкс? Усе тлумачэнні ляжаць у галіне юрыдычнай тэхнікі... І толькі адна адсылка вядзе да істотных рэчаў — кажа пра тое, што пэўныя нормы культуры не адпавядаюць развіццю грамадскіх адносін.

Вынікае, што Кодэкс — гэта ўлік міжнародных абавязкаў Беларусі у адносінах шэрагу канвенцый. Але Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення» там не згадваецца ўвогуле. Тым не менш, Кодэкс запазычвае элементы Канвенцыі з тэкстуальнай частцы, таму пазітыўныя змены там ёсць: напрыклад, у трактоўках асноўных паняткаў (пашыраны панятак культуры).

На думку Андрэя Ягорава, практыка яшчэ больш, чым законы, аддаляе нас ад Канвенцыі ЮНЕСКА, якая б магла спрыяць развіццю і прагрэсу беларускага заканадаўства.

Пра вынікі аналізу пяці вымярэнняў у сферы культурнай палітыцы распавяла аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Алёна Зуйкова.

Пасля прадстаўлення вынікаў маніторынгу даследчай групай, пачалося агульнае абмеркаванне высноў і прапаноў. Далей эксперты дыскутавалі пра магчымасці выкарыстання вынікаў у перспектыўных напрамках культурнай палітыкі.

Гл. справаздачу па выніках маніторынгу выканання Рэспублікай Беларусь канвенцыі ЮНЕСКА 

Сваімі меркаваннямі аб развіцці беларускай культуры з EuroBelarus.Info падзяліліся вядомыя эксперты: культуролаг і прадзюсар Маргарыта Корзун, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, арт-дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ» Павел Касцюкевіч, старшыня ТБМ, гісторык Алег Трусаў і архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі.

Уладзімір Мацкевіч

Ігар Раханскі

Маргарыта Корзун

Павел Касцюкевіч

Алег Трусаў

Гл. відэазапіс прэзентацыі маніторынгу:


Другие публикации