Абвешчаны збор заявак на секцыі (панэлі) VI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі

13.01.2016
icbs.palityka.org

Арганізацыйны камітэт VI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор заявак на стварэнне секцый (панэлей) у межах Кангрэса. Кангрэс адбудзецца 7-9 кастрычніка 2016 года ў Коўна (Літва).

Секцыі (панэлі) могуць быць прысвечаны абмеркаванню асобных даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці ў межах асобных дысцыплін ці даследчых накірункаў. Пры падачы матэрыялаў Арганізацыйны камітэт не ставіць дакладных тэматычных ці дысцыплінарных абмежаванняў, пакідаючы магчымасць прадстаўнікам акадэмічнай і экспертнай супольнасці самастойна артыкуляваць свае прыярытэты і зацікаўленасці.

Секцыі (панэлі) могуць быць дысцыплінарнымі, тэматычнымі ці вузкаспецыялізаванымі. Таксама прымаюцца заяўкі на арганізацыю секцый для разгляду актуальных грамадскіх пытанняў, арганізацыю круглых сталоў, майстар-класаў, прэзентацый і г.д.

Фарміраванне секцый і панелей праз адкрыты збор прапаноў дазваляе Кангрэсу адпавядаць чаканням і патрэбам акадэмічнай і экспертнай супольнасці.

Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідэраў прыняць удзел у вызначэнні тэматычных прыярытэтаў наступнага Кангрэса.

Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Заяўнікамі таксама могуць выступаць зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.

Для падачы заяўкі неабходна да 15 сакавіка 2016 года запоўніць анлайн-форму

Глядзіце прыклады назваў секцый, панэлей, круглых сталоў і г.д. у праграмах Кангрэса 20122013, 2014 і 2015 годоў.

Дадатковыя пытанні можна задаць, напісаўшы на адрас электроннай пошты: icbs@palityka.org.

Даведка:

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмена думкамі і ідэямі, ўсталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцей Беларусі і інш. краін.

Місія Кангрэса — развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічным і грамадскім асяроддзі краіны, рэгіёна і свету.

Кангрэс быў заснаваны ў 2010 годзе кансорцыумам беларускіх і літоўскіх арганізацый, у 2015 годзе ўдзел у ім узялі каля 500 чалавек з 18 краін свету.

icbs.palityka.org


Другие публикации