Беларускі калегіум абвясціў набор на 2016-2017 навучальны год

28.09.2016
Беларускі калегіум

Беларускі калегіум — гэта выдатны шанец патрапіць у інтэлектуальную супольнасць беларускага грамадства!

Што такое Беларускі калегіум?

Беларускі калегіум — першая ў незалежнай Беларусі платформа нефармальнай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе. Выкладчыкі Беларускага калегіума — вядомыя ў Беларусі і свеце інтэлектуалы, навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, іх курсы базуюцца на апошніх навуковых даследаваннях, сучасных методыках і практыках. Праграмы Беларускага калегіума не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Сертыфікат Беларускага калегіума не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі, аднак навучанне ў Калегіуме дае ўнікальныя веды і навыкі, якія значна пашыраюць інтэлектуальныя і прафесійныя гарызонты.

Што прапануе Беларускі калегіум?

Беларускі калегіум прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:

  • Найноўшая гісторыя. У межах дадзенай праграмы вы зможаце атрымаць веды пра трагічны і ўзнёслы лёс Беларусі ў ХХ стагоддзі. Заняткі вядуць найлепшыя беларускія гісторыкі, якія прэзентуюць вынікі сваіх апошніх даследаванняў. Шмат увагі надаецца практычным заняткам (архіўная і экскурсійная практыка і г.д.).
  • Філасофія і літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне. Тут філасофія з літаратурай яднаюцца ў адно цэлае. Акцэнт робіцца на творчасці, таму да нас найперш прыходзяць за навукай тварэння вершаў, прозы, філасофскіх тэкстаў. Але мы вітаем усіх, хто прагне ісціны і прыгажосці.
  • Еўрапейская палітыка, грамадства, культура. Гэта ўнікальная для Беларусі адукацыйная праграма, якая дае паглыбленыя веды пра палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ды культурныя працэсы ў Еўрапейскім Саюзе і Усходняй Еўропе. Калі вы — малады навуковец ці аналітык, праграма можа стаць выдатным пачаткам вашай кар’еры.
  • Журналістыка: пачатковы курс. Гэтая праграма вучыць адрозніваць прафесійныя журналісцкія прынцыпы ад метадаў агітацыі і прапаганды, прапануе веды і практыку вырабу медыяпрадукта, а таксама паглыбленую спецыялізацыю ў актуальных накірунках медыяпрактыкі.

Як стаць навучэнцам Калегіума?

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў або асобы з вышэйшай адукацыяй. У асобных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў.

Прыём на навучанне ажыццяўляецца па выніках сумоўя. Для запрашэння на сумоўе трэба запоўніць анкету. Для паступлення на аддзяленне «Філасофія і літаратура» таксама патрабуюцца ўласныя тэксты (падрабязней гл. тут), на аддзяленне «Найноўшая гісторыя» — матывацыйны ліст (падрабязней гл. тут). Іх варта адпраўляць на адрас электроннай пошты: info@belcollegium.org.

Пачатак заняткаў — з канца кастрычніка 2016 года.

Заяўкі прымаюцца да 17 кастрычніка 2016 года (уключна).

Адказы на асноўныя пытанні, звязаныя з паступленнем і навучаннем, можна паглядзець тут.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз адрас электроннай пошты: info@belcollegium.org і старонку ў Фэйсбуку.


Другие публикации