30 чэрвеня — 3 ліпеня на хутары Шаблі — Летняя школа Лятучага ўніверсітэта

23.05.2017
Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт запрашае сяброў супольнасці і ўсіх зацікаўленых на VII Летнюю школу!

Школа будзе праходзіць ад 30 чэрвеня да 3 ліпеня 2017 года на вядомым хутары Шаблі. Апошні тэрмін падачы заявак — да 15 чэрвеня!

Слова «школа» паходзіць ад грэцкага scole — вольны час. Гэта час для таго, каб думаць, марыць і развівацца, пакідаючы на нейкі час штодзённыя клопаты і практычныя задачы. Асноўная мэта летніх школ — камунікацыя паміж актыўнымі ўдзельнікамі супольнасці, рэфлексія і абмеркаванне вынікаў працы, а таксама фармуляваннне асноўных задач і перспектыў дзейнасці, праграмаванне наступнага кроку ў развіцці.

Сёлета тэма школы наўпрост звязана з інтэлектуальнай працай апошніх гадоў, дзе мы імкнуліся ўявіць будучыню і вынайсці месца ўніверсітэта ў ёй:

«Гэты дзіўны новы свет».

У праграме Летняй школы традыцыйна запланавана некалькі фарматаў працы і камунікацыі:

1. Пленарныя даклады і дыскусіі, дзе адбываецца агульнае абмеркаванне тэмы школы:

  • Ці адбываецца змена парадыгмы (анталогіі) развіцця? Як магчыма і трэба мысліць новы час: постмадэрн, гульня, інфармацыйная эпоха, інавацыйная эпоха?
  • Рэфлексія, здзіўленне, камунікацыя — базавыя інтэлектуальныя працэсы і мысленне новай эпохі.
  • Сучасныя кропкі інтэлектуальнага напружання: месцы, тэмы, абставіны.
  • Універсітэт у новых варунках: сацыяльны інстытут, супольнасць і з’ява. Куды рухацца Лятучаму ўніверсітэту?
  • Новы чалавек — чалавечыя якасці і кампетэнцыі. «Іншы”«— хто гэта ці што гэта?
  • Інавацыі і традыцыі: суадносіны і ўзаемадачыненне.
  • Ідэнтычнасць як выклік у эпоху змен і інавацый.

2. «Адкрытая кафедра» — магчымасць кожнаму з удзельнікаў Летняй школы прапанаваць усім астатнім сваю тэму для дыскусіі, прэзентацыі, лекцыі ці майстар-класа.

«Адкрытая кафедра» будзе арганізавана па прынцыпе баркэмпа: удзельнікі заяўляюць гатоўнасць правесці дыскусію, семінар, лекцыю, майстар-клас і г.д. Агульны спіс прапаноў аб’яўляецца публічна, каб усе астатнія ўдзельнікі вызначыліся са сваім жаданнем паслухаць-паўдзельнічаць. Затым складаецца зручны графік правядзення ўсяго, што сустрэла падтрымку сярод удзельнікаў.

3. Клубная прастора і культурна-спартыўна-забаўляльная праграма — магчымасць разнастаіць вольны час рознымі формамі камунікацыі, гульні, перфомансу, адкрытая для творчага самавыяўлення і вольнай камунікацыі прастора (увечары).

Летнік будзе адбывацца на вядомым хутары Шаблі. Умовы будуць даволі аскетычныя: намёты ці падлога/матрацы/раскладушкі пад дахам.

Працягваючы традыцыю, мы арганізуем гэты летнік выключна за ўласныя сродкі, тым самым фармуючы адказную і жыццяздольную супольнасць.

Асабісты ўнёсак будзе складаць 40 долараў (у бел.рублях па курсе, за ўсе чатыры дні летніка). Прапануем чальцам супольнасці, калі ёсць такая магчымасць і жаданне, рабіць унёсак не толькі за сябе, але і «за таго хлопца (ці дзяўчыну)». Дадатковыя сродкі мы выкарыстаем для запрашэння цікавых гасцей, а таксама для падтрымкі тых, каму асабістыя фінансавыя абставіны не дазваляюць прыняць удзел у летніку.

Каб заявіцца на ўдзел у летніку, просім вас запоўніць рэгістрацыйную заяўку.

Апошні тэрмін падачы заявак — да 15 чэрвеня 2017 года!

Па дадковых пытаннях звяртайцеся да Таццяны Вадалажскай праз адрас электроннай пошты: flyuniby@gmail.com.

Прыгадаць ці даведацца больш пра мінулыя Летнікі Лятучага ўніверсітэта можна тут: Летнія школы Лятучага ўніверсітэта.

Сачыці таксама за мерапрыемствам у Фэйсбуку.


Другие публикации