Кампанія па перавыданні апошняй кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

13.03.2018
Лятучы ўніверсітэт

Пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. «Колер Беларусі» — гэта захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў.

Чаму ў беларускай традыцыйнай культуры амаль няма апісанняў зімовых краявідаў і снегу? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій? Што яднае шэры і зялёны? Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? І ўрэшце — якім ёсць колер Беларусі? Адказы на гэтыя пытанні — не проста забаўныя цікавосткі, але і падставы для прафесійнай працы. Для архітэктараў, дызайнераў, мастакоў і краязнаўцаў гэта новая веда. Яна дае магчымасць уключаць сваю працу ў гістарычны кантэкст, прастору культуры і мясцовы ланшафт, чаго сёння так моцна бракуе ў стварэнні гарманічнага асяроддзя. Але гэты альбом не толькі для прафесіяналаў, ён дае новы погляд на нашую паўсядзённаяць і ўпадабанні, на саміх сябе і сваю культуру.

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку, ствараючы эфект поўнага пагружэння ў колеравы свет Беларусі.

Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай працы аўтара і была выдадзена ў 2017 годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. У кнізе апісаныя сем колераў, якімі «пафарбавана» беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «энцыклапедычны артыкул» праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксавана прысутнасць колера ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна на платформе Ulej.by

Дызайнерскі альбом ужо паспеў стаць каштоўным артэфактам сучаснай беларускай культуры, дзе ў непаўторным стылі аўтара адбываецца пошук Беларусі. Краўдфандынгавая кампанія дае магчымасць усім жадаючым замовіць кнігу і стаць уладальнікам унікальнага выдання, створанага нашым геніяльным сучаснікам.

Кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы: падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым.

Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Заходзьце на старонку праэкта і замаўляйце кнігу!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации