15 траўня ў Лятучым універсітэце — выступ «Тэхналогіі ў медыцыне: выклік каштоўнасцям, стасункам і этыцы»

03.05.2019
Лятучы ўніверсітэт

15 траўня 2019 года адбудзецца першы выступ у межах «Адкрытай кафедры» Лятучага ўніверсітэта.

Часам падаецца, што развіццё тэхналогій у медыцыне мала тычыцца шэраговага беларуса. Але змены адбываюцца не толькі на тэхнічным узроўні, яны закранаюць сутнасныя ўяўленні пра чалавека і сацыяльныя стасункі вакол здароўя. «Ад патэрналізму праз супрацоўніцтва да медычнага дыгіталізму» — так можна апісаць шлях зменаў у стасунках «лекар—пацыент» пад уздзеяннем прасоўвання пэўных каштоўнасцяў і развіцця тэхналогій.

  • Ці стварае гэты рух новыя пытанні і выклікі?
  • Як будуць будавацца гэтыя стасункі і ці ёсць тут падставы для новых сацыяльных размежаванняў і няроўнасці?
  • Як працуе з гэтымі і іншымі пытаннямі медыцынская этыка і біяэтыка?
  • Ці тычацца нашага грамадства тыя выклікі, што сёння вызначаюцца ў сувязі з тэхналогіямі ў медыцыне?
  • Ці закранае нас праблематызацыя базавых паняццяў, у межах якіх традыцыйна апісваюць біяэтыку (аўтаномія асобы, карыснасць і справядлівасць)?

Разам з лекарамі і спецыялістамі ў біяэтыцы Андрэем Вітушкам і Мікалаем Галабародзькам мы паспрабуем разабрацца з гэтымі пытаннямі і вызначыць іх актуальнасць для дзейнасці розных суб’ектаў у Беларусі.

Пра лектараў:

Андрэй Вітушка — дзіцячы рэаніматолаг, кандыдат медычных і магістар гуманітарных навук. Сфера цікаўнасцяў: узаемадачыненні «лекар—пацыент—сістэма аховы здароўя».

Мікалай Галабародзька — дзіцячы інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук. Вывучаў магчымасці падвышэння патэнцыялу сістэмы этычнай экспертызы біямедычных даследаванняў у Беларусі.

Выступ «Тэхналогіі ў медыцыне: выклік каштоўнасцям, стасункам і этыцы» ў межах «Адкрытай кафедры» Лятучага ўніверсітэта адбудзецца 15 траўня, у сераду. Пачатак — у 18.30.

Для удзелу трэба зарэгістравацца па спасылцы. Месца правядзення будзе паведамлена зарэгістраваным удзельнікам.

Лятучы рэкамендуе да тэмы:

Пра «Адкрытую кафедру» Лятучага:

«Адкрытая кафедра» — серыя выступаў прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, тэматычнымі рамкамі якіх стануць пытанні сацыяльных зрухаў і новай няроўнасці, звязаныя з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій. Мы паспрабуем акрэсліць кола зменаў, якія адбываюцця ў сацыяльных зносінах і статусах, этычных нормах і прававых стасунках, формах забеспячэння бяспекі праз трасфармацыю розных сацыяльных інстытутаў і сфер дзейнасці.

UPD.: Відэазапіс адкрытай кафедры:


Другие публикации