«ЕўраБеларусь» вызначыла пераможцаў прэмii «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ»

03.04.2015
Служба iнфармацыi «ЕўраБеларусi»

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» вызначыў пераможцаў другога этапа заснаванай ім прэміі «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ».

У 2014 годзе Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» ініцыяваў прэмію, якой ўзнагароджваюцца лепшыя журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя ў рэгіянальных Інтэрнэт-СМІ. Адбор праходзiў сярод матэрыялаў, прысвечаных падзеям і ініцыятывам грамадзянскай супольнасці. Пераможцамі другога этапа конкурса, у якім удзельнічалі матэрыялы, апублікаваныя ў студзені-сакавіку 2015 года, сталі журналісты «Бобруйского курьера», «Край.by» і «Сильных новостей».

У намінацыі «Падзея» лепшым прызнаны матэрыял Кацярыны Сушко пра прэзентацыю «Зялёнай карты» ў Маладзечна, апублікаваны на інфармацыйна-навастным партале «Край.by».

Пераможцам у намінацыі «Партрэт грамадскай ініцыятывы» стаў прыгожы расповед Максіма Данілава пра незвычайную дабрачынную ініцыятыву ў Гомелі на сайце «Сильные новости», а ў намінацыі «Вострая сацыяльная праблема» перамог матэрыял Марыны Міхневіч, назва якога гаворыць сама за сябе: «Адкрыцця музея Алеся Адамовіча ў 2015 годзе не будзе» («Бобруйский курьер»).

Шчыра віншуем пераможцаў!

У бліжэйшы час узнагароды знойдуць сваіх герояў, чакайце рэпартаж і інтэрв'ю з пераможцамі на сайце EuroBelarus.Info!

Даведка

Пераможцы першага этапа прэміі «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ»:

  • у намінацыі «Падзея» — Зоя Хруцкая («Рэгіянальная газета»);
  • намінацыі «Партрэт грамадскай ініцыятывы» — Алесь Гізун (баранавіцкага навінавага партала Intex-press.by);
  • у намінацыі «Вострая сацыяльная праблема ці канфлікт» — Арцём Гарбацэвіч (баранавіцкага навінавага партала Intex-press.by).

Навошта гэтая прэмія, што мы хочам змяніць?

Вядома, у першую чаргу мы хочам дамагчыся больш шырокага асвятлення дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асобных людзей, якія займаюцца агульназначнымі пытаннямі, вырашаюць важныя для горада і краіны праблемы або ўзбагачаюць жыццё культурнымі падзеямі ды самім сваім існаваннем. Яшчэ адной задачай прэміі з’яўляецца стымуляванне творчага і зацікаўленага (няхай часам і крытычнага!) стаўлення журналістаў і рэдактараў рэгіянальных СМІ да тэм і праблем, якія паднімаюцца грамадзянскай супольнасцю.

За што ўручаецца прэмія?

Гэтым разам прэмія ўручаецца за лепшыя матэрыялы, якія адпавядаюць пастаўленым задачам, апублікаваныя на сайтах рэгіянальных СМІ ў студзені-сакавіку 2015 года. Мы плануем надалей зрабіць гэтую прэмію пастаяннай, а, магчыма, і перавесці яе ў рэжым конкурса, і кожныя тры месяцы адзначаць лепшыя журналісцкія працы, якія найбольш глыбока, востра або крэатыўна асвятляюць дзейнасць грамадскіх і культурных ініцыятыў.

Як вызначаліся пераможцы?

Былі прааналізаваныя матэрыялы тых інтэрнэт-рэсурсаў, якія мы здолелі ідэнтыфікаваць у якасці рэгіянальных СМІ, за першыя тры месяцы 2014 года. З усіх матэрыялаў былі адабраны тыя, якія задавальняюць крытэрам прэміі. Пасля гэтага, журы, якое складаецца з сябраў Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» вызначыла пераможцаў у трох тэматычных намінацыях:

  • «Падзея»;
  • «Партрэт грамадскай ініцыятывы»;
  • «Вострая сацыяльная праблема ці канфлікт».

Другие публикации