Наколькі салідарная беларуская грамадзянская супольнасць? (Фота)

11.10.2014
Salidarnasc.org

У Мінску адбылася прэзентацыя вынікаў даследавання патэнцыялу салідарнасці ў беларускай грамадзянскай супольнасці, якое правялі эксперты Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Даследаванне прэзентавалі Таццяна Вадалажская, Аксана Шэлест, Андрэй Ягораў і Алена Арцёменка.

Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Алена Арцёменка

Сацыёлагі з лютага па сакавік 2014 года па складанай схеме апыталі 286 чалавек, якія прадстаўлялі 150 арганізацый. Пасля гэтага была праведзена матэматычная апрацоўка вынікаў, якія і былі прэзентаваныя.

Прэзентацыю вяла і мадэравала кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

Алена Танкачова

Аксана Шэлест канстатавала зніжэнне традыцыйных форм праяваў грамадзянскай актыўнасці, пачынаючы з 1996 года, і распаўсюджанне форм актыўнасці, якія даюць магчымасць заявіць пра пазіцыю, але не здольныя паўплываць на сітуацыю (заявы, петыцыі).

Алена Арцёменка распавяла пра розны патэнцыял салідарызацыі ў межах розных сацыяльных груп (напрыклад, сям’я, сваякі, паплечнікі, аднагодкі, жыхары горада, нацыянальнасць, грамадзянства), а таксама пра давер сацыяльным інстытутам, у выпадку ўзнікнення праблем і ў выпадку парушэння грамадзянскіх і палітычных правоў. У апошнім выпадку людзі схільныя давяраць у першую чаргу праваабарончым арганізацыям, у другую і трэцюю — адпаведна сям’і, калегам і СМІ, сацыяльным сеткам.

Даследчыца зрабіла выснову, што для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці важна, наколькі яны падзяляюць погляды і перакананні людзей, з якімі хочуць ідэнтыфікавацца.

Яна таксама адзначыла, што, на жаль, на лакальным узроўні беларусы слаба салідарызуюцца. Слабы таксама патэнцыял салідарызацыі па грамадзянству і нацыянальнасці.

Таццяна Вадалажская прэзентавала ацэнку патэнцыялу салідарнасці праз сходнасць альбо адрозненне ва ўспрыняцці і ацэнках сацыяльных і палітычных аб’ектаў (падзей). Разглядаліся ў парах 14 аб’ектаў для ацэнкі: 25 сакавіка — 3 ліпеня, Беларусь — Еўропа, правы чалавека — стабільнасць, грамадска-палітычны дыялог — палітычны пратэст, палітвязень — прэзідэнт, бізнесмен — просты чалавек, інтэлектуал — палітык.

Даследчыца адзначыла, што грамадзянскую супольнасць вельмі моцна падзяляюць пункты: правы чалавека, прэзідэнт, палітык, палітзняволены. Таму, апелюючы да гэтых катэгорый, нельга спадзявацца на наўпроставую салідарнасць.

У працэсе даследавання вызначаныя тры групы са сходнымі ацэнкамі пар аб’ектаў (патэнцыйна салідарныя):

  1. «Палітызаваныя актывісты» — 17%. Яны часта удзельнічаюць у праявах салідарнасці;
  2. «Скептыкі» — 38,5% (ссунутыя да негатыўнага полюса). Расчараваныя ў магчымасцях салідарнасці;
  3. «Абывацелі» — 44%. Даюць пазітыўныя ацэнкі супрацьлеглым катэгорыям (і тое добра, і гэтае). Асноўная форма салідарнасці — калектыўны зварот. Гэтая група баіцца палітызацыі, імкнецца да змягчэння вострых вуглоў.

Падчас прэзентацыі вынікаў даследавання

Андрэй Ягораў выказаўся пра магчымасці мабілізацыі патэнцыялу салідарнасці. На яго думку, яны зараз не вельмі аптымістычныя.

Мабілізацыю можна правесці праз камунікацыю ў Інтэрнэце і у коле сяброў. Перавесці намеры ў дзеянні салідарнасці могуць дапамагчы лідары меркаванняў і агульныя каштоўнасці, але, як адзначыў сп. Ягораў, у Беларусі няма лідараў думак: адказ на пытанне пра лідараў меркаванняў «Ніхто» значна больш папулярны за ўсіх лідараў меркаванняў. Такім чынам, разлічваць на аўтарытэт лідара для мабілізацыі патэнцыялу салідарнасці зараз не даводзіцца.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці больш схіляюцца да такіх праяваў салідарнасці, як падпісанне петыцый, агучванне заяў (што дазваляе не выходзіць за межы зоны камфортнасці) і у меншай ступені да актыўных салідарных дзеянняў. Больш за палову прадстаўнікоў НДА не схільныя праяўляць салідарнасць, якая не звязана з іх дзейнасцю.

Агульныя высновы даследчыкаў аказаліся не дужа аптымістычнымі. Патэнцыял грамадска-палітычнай салідарнасці ў грамадзянскай супольнасці характарызуецца як нізкі. НДА зараз не ў стане мабілізаваць крытычны ўзровень салідарных дзеянняў, неабходных для змен у краіне. «Трэці сектар» у Беларусі выконвае найперш сацыяльную функцыю, з’яўляецца прафесійнай нішай для пэўнай часткі людзей і добра ўпісаны ў існуючую структуру грамадства.

Улад Вялічка

Свае пытанні дакладчыкам, а таксама свае меркаванні выказалі Уладзімір Мацкевіч, Улад Вялічка, Іна Кулей ды іншыя прысутныя.

Іна Кулей

На думку Іны Кулей, вынікі даследавання могуць быць выкарыстаныя, як арыенцір для будучай працы:

«Успрымаю гэта даследаванне, як стымул для дзеяння. Тут пазначаны як правальныя, так і перспектыўныя кропкі для будучай працы, прыкладання сіл, намаганняў і г.д. Трэба рабіць упор на тыя рэчы, якія здольныя аб’яднаць грамадзянскую супольнасць. Напрыклад, няма супярэчання паміж еўрапейскімі каштоўнасцямі і нацыянальным пытаннем. Гэта тая сфера, дзе мы маглі б нешта зрабіць. А сумныя вынікі — гэта таксама нагода закасаўшы рукавы ўзяцца за працу».

Salidarnasc.org

Глядзіце таксама:


Другие публикации