Канвенцыю аб правах інвалідаў трэба рэалізоўваць на тым узроўні і тымі сіламі, якія ёсць тут і цяпер

24.05.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Для гэтага не трэба чакаць «высокіх здзяйсненняў», паказала беларуская практыка. У Мінску прайшоў круглы стол, прысвечаны пытанням рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў.

У імпрэзе прынялі ўдзел больш за 70 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дзяржаўных структур, агенцтваў сістэмы ААН, Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і бізнесу. Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя Праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў, над якой сумесна працавалі прадстаўнікі дзяржаўных структур, а таксама грамадскіх і міжнародных арганізацый. Гэта важны дакумент, пры дапамозе якога, спадзяюцца яго стваральнікі, забеспячэнне правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі выйдзе на якасна новы ўзровень. Апроч таго было прэзентавана сумеснае даследванне Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, Офіса па правах людзей з інваліднасцю і іншых арганізацый аб гатоўнасці рэгіёнаў да забеспячэння палажэнняў Канвенцыі. У прыватнасці, гаворка ішла пра кампанію «Павестка 50», партнёрам якой выступіў Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь».

НДА дапамогуць павысіць якасць паслуг

Як зазначыў дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, «гэта важнае мерапрыемства, бо мы можам паглядзець на шлях, які прайшлі. Ёсць неабходнасць прызнанцца адзін аднаму, што не мае сэнсу чакаць высокіх здзяйсненняў, а неабходна тут і цяпер дамаўляцца і пачынаць рэалізоўваць Канвенцыю на тым узроўні і тымі сіламі, якія ў нас ёсць».

Ён таксама нагадаў, што круглы стол адбываецца ў межах Тыдня даступнасці, у якім прынялі ўдзел больш за 30 дзяржаўных і грамадскіх арганізацый па ўсёй краіне.

Пастаянны Каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха зазначыў:

«Тое, што вы (прадстаўнікі ўрада, грамадзянскай і міжнароднай супольнасці. — EuroBelarus.Info) зрабілі, звязвае Беларусь фармальна і заканадаўча з зусім іншай міжнароднай супольнасцю, якая абавязалася забяспечваць правы людзей з інваліднасцю».

Спадар Самарасінха заклікаў да працягу гэтага дыялогу па ўсёй краіне. Звяртаючыся да беларускага ўрада, ён падкрэсліў, што неабходны палітычныя змены, а менавіта — унясенне паправак і змен у заканадаўства, каб яно адпавядала патрабаванням і палажэнням Канвенцыі. Таксама важна мяняць сістэму размеркавання фінансавых рэурсаў, каб знішчыць бар’еры, якія не дазваляюць людзям з інваліднасцю цалкам рэалізоўваць свой жыццёвы патэнцыял. Апроч таго, неабходна павышаць інфармаванасць насельніцтва дзеля пераадолення стыгмы і дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю.

Пастаянны Каардынатар ААН звярнуў увагу на тое, што ў краіне павінна быць моцная сетка НДА, і важна, каб іх праца выходзіла за межы Мінска. Патэнцыял НДА можна выкарыстоўваць, каб аказваць больш якасныя паслугі.

Прадстаўніца дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі Аўдронэ Урбанавічутэ паведаміла, што ЕС прызнае значныя крокі, якія прыняў урад Беларусі, і гатовы падтрымаць яго ў гэтым працэсе. Апроч таго, Еўрасаюз ужо прадаставіў падтрымку нашай краіне ў рамках шасці грантаў: два праекты рэалізуюцца ў Валожыне і Наваполацку, астатнімі займаюцца НДА. Агульная сума грантаў — больш за 2 млн. еўра.

У Мінпрацы не ўсе разумеюць праблемы з правамі інвалідаў

Нацыянальны план імплементацыі Канвенцыі, разлічаны на перыяд да 2025 года, прэзентаваў намеснік міністра працы і сацабароны Беларусі Аляксандр Румак. Сёння дакумент прадставяць ва ўрадзе і зацвердзяць у найбліжэйшым часе.

«Найгалоўнейшая задача для нас — забяспечыць роўнасць правоў і абараніць ад дыскрымінацыі людзей з іваліднасцю. Гэта вельмі вялікая задача, бо нават многія мае калегі не разумеюць, што артыкула Канстытуцыі, які гарантуе роўнасць правоў усіх грамадзян, недастаткова. Вінаваты ў гэтым не чыноўнікі, праблема — у непадрыхтаванасці грамадства да таго, каб успрымаць людзей з інваліднасцю роўнымі».

Аляксандр Румак пацвердзіў, што ў заканадаўства будуць унесены азначэнні, прадугледжаныя Канвенцыяй.

«Важна стварыць умовы для інтэграцыі людзей з інваліднасцю ва ўсе сферы жыцця. Адно з найважейшых правоў чалавека — права на працу. Мы будзем вывучаць досвед Германіі і Польшчы аб кватаванні ў прыёме на працу, і іншыя практыкі, якія развіваюцца ў розных краінах і спрыяюць таму, каб працадаўцы ішлі насустрач людзям з інваліднасцю», — паабяцаў намміністра.

Па яго словах, не менш важная задача — абарона ад дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю. Для гэтага неабходна выхоўваць грамадства, каб яно ўспрымала людзей з інваліднасцю як роўных.

«Для вырашэння гэтых задач спатрэбяца высілкі не толькі міністэрства, а ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі. План разлічаны да 2025 года. Гэта дарожная карта нашага руху наперад, і ў гэтым выбары — галоўная заслуга нашых сумесных намаганняў», — пазітыўна падсумаваў Аляксандр Румак.

Рэалізацыю Канвенцыі важна пачынаць з мясцовага ўзроўню

Праз Скайп да круглага стала далучыўся старшы спецыяліст па пытаннях інваліднасці Міжнароднай арганізацыі па працы Эстэбан Тромэль, які засяродзіўся на працаўладкаванні людзей з інваліднасцю.

«Мусіць быць значны зрух, каб зрабіць навучанне інклюзіўным. Магчымасці людзей працаваць залежаць ад шэрашу пытанняў, якія не адносяцца да працаўладкавання. Розныя правы, прадугледжаныя Канвенцыяй, узаемазвязаныя. Калі ва ўсіх людзей не будзе роўнага доступу да адукацыі, транспарту, інфармацыйных тэхналогій, людзям з інваліднасцю будзе вельмі складана ўладкавацца на працу», — сказаў ён.

Нацыянальны эксперт Ірына Міронава распавяла пра некаторыя элементы рэалізацыі Канвенцыі, сярод якіх — збор дадзеных аб людзях з інваліднасцю, агляд законаў і дырэктыў, доступ да сістэм і паслуг, фінансаванне, каардынацыя і маніторынг, а таксама ўдзел людзей з інваліднасцю.

Пра даследванне ў рэгіёнах у межах кампаніі «Павестка 50» распавяла прадстаўніца Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Алёна Зуйкова.

Кампанія «Павестка 50» (50 — колькасць артыкулаў Канвенцыі) — гэта рэалізацыя прынцыпаў Канвенцыі ў практычныя крокі на месцах. Як паказвае заходні дасвед, важна пачынаць такія рэчы з мясцовага ўзроўню і фармаваць свае рэгіянальныя павесткі.

«Мы зразумелі, што не ведаем, што ўяўляюць з сябе суб’екты на месцах. Таму мы зрабілі даследаванне мясцовых супольнасцяў, каб высветліць магчымасці і патэнцыял гарадоў, што трапілі ў фокус даследавання, для імплементацыі Канвенцыі. Пасля гэтага з выкарыстаннем сабраных матэрыялаў былі адабраныя гарады. Цяпер нашы калегі з Офіса дапамагаюць мясцовым суб’ектам у праектаванні мясцовых павестак, і ўсё гэта мусіць прывесці да канкрэтных і рэалістычных практык на месцах», — распавяла Алёна Зуйкова.

Падчас экспедыцый даследавалі 15 гарадоў, за тры дні даследчыкі атрымалі досыць поўную карціну сітуацыі: наколькі горад адкрыты, мясцовыя ўлады зацікаўленыя тэмай інваліднасці, наколькі актыўныя мясцовыя грамадскія аб’яднанні, ці канфліктныя адносіны паміж суб’ектамі і ці ёсць супрацоўніцтва паміж імі. Збор гэтай інфармацыі важны для вызначэння гарадоў, дзе праца па рэалізацыі прынцыпаў Канвенцыі будзе найбольш эфектыўнай.

Падрабязней пра даследванне Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавядзе на наступным тыдні.

Даведка EuroBelarus.Info:

Канвенцыя ААН аб правах інвалідаў была прынятая Генеральнай асамблеяй ААН 13 снежня 2006 года і ўступіла ў сілу 3 траўня 2008 года. Цяпер у Канвенцыі ўдзельнічаюць 173 дзяржавы і Еўрасаюз. Беларусь падпісала Канвенцыю 28 верасня 2015 года і ратыфікавала 3 кастрычніка 2016 года. Наша краіна стала 160-й па ліку падпісантаў Канвенцыі і апошняй сярод краін Еўропы.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

UPD. Гл. справаздачу па выніках даследавання: «Потенциал и возможности внедрения механизмов локального планирования в беларусских регионах для обеспечения уважения, поощрения и полноты реализации прав людей с инвалидностью»


Другие публикации